Вясельны каравай мог складацца з трох узроўняў, што паўтаралі мадэль свету альбо сімвалізавалі радаводную сувязь. Ніжняя шырокая частка – сімвал роду; сярэдняя частка сімвалізавала сям’ю, у якой нарадзіліся маладыя; верхняя ўпрыгожаная частка – гэта доля маладых.
Калі дружына жаніха выпраўлялася па нявесту, везлі свой каравай з сабою. У некаторых мясцінах Беларусі бытаваў цікавы звычай. Маці бласлаўляла жаніха і ўтыкала ў каравай срэбныя грошы. Пасля вянчання, калі вясельны поезд прыязджаў у хату маладой, у каравай ізноў утыкалі грошы, ужо залатыя. Пазней, у хаце маладога, каб задобрыць дамавіка, кідалі грошы пад печ: маладая – тры капейкі, а малады – толькі дзве (жанчына больш знаходзіцца ў хаце, таму ёй трэба мець лепшыя адносіны з дамавіком).
Маршалак (старэйшы сват) жаніха заходзіў у хату нявесты, высока трымаючы каравай над галавой. Гэтаксама яго сустракаў сват нявесты. Кожны імкнуўся падняць свой каравай як мага вышэй: чый каравай вышэйшы, той і будзе трымаць верх у сям’і. Калі сваякі заходзілі ў хату, то міналі сімвалічную браму: сваты высока трымалі абодва караваі. Гэтак адбывалася рытуальнае парадненне двух родаў.
Пасля вянчання маладыя вярталіся да дома маладой, дзе іх урачыста сустракалі, і пачыналася вясельная бяседа. Гэта была апошняя вячэра маладой у роднай хаце. Адвячоркам адбываўся абрад дзяльбы караваю маладой:
Ляці, ляці, каравай, з клеці,
Сядзь сабе да на покуці,
Сядзь сабе да на покуці,
На зелёненькім жыце,
На зелёненькім жыце,
Дай, Бог, маладым жыцце.
Першымі адорвалі бацькоў, сваякоў і дружак маладой. Па заканчэнні збіраўся пасаг, і вясельная працэсія рушыла да дома маладога. Адбывалася ўрачыстая сустрэча бацькамі маладога і абрад “пакладзіны”, ці “камора” (першая шлюбная ноч). На другі дзень вяселле працягвалася ў доме маладога і завяршалася дзяльбой яго каравая (Гомельшчына).
Абрад дзяльбы каравая выконваў маршалак. У некаторых рэгіёнах перад такой адказнай справай маршалак абмываў рукі гарэлкай. Ён прасіў у прысутных дазволу: “Госці зазваны, суседзі запрашаны, дазвольце каравай падзяліці!” Верхняя частка прызначалася маладым, сярэдзіна – радзіне, ніз (падэшва) – музыкам. Блага, як камусьці за вясельным сталом не хапіла каравая (ягонай часткі долі), бо ў такім разе маладую сям’ю чакаюць беды і нястачы. За атрыманую частку каравая кожны адорваў маладых:
Дарую вянок цыбулі, каб не сувалі адзін адному дулі.
Дарую кароўку, шчэ й бычка, каб першы быў сынок, другая — дачка!
Дарую бульбы падполле, каб завялі дзетак застолле.
Дару кучу медзі, каб былі здаровы, як мядзведзі.
Дару беленькі платок, каб усё жыццё была, як цвяток.
Дару каробачку жаб, каб не бегаў да чужых баб.
А табе, нявеста, дару каробку павукоў, каб не бегала да чужых мужыкоў.
Дарую вам загон пшаніцы, каб вы жалі – не дажалі, а да года мяне кумой пазвалі.
Дарую тапор і пілку, каб малады любіў сваю мілку.
Дарую дзве лапаты, каб малады маладу не ганяў вакол хаты.
У некаторых рэгіёнах дзяльба каравая адбывалася ў пачатку вясельнай бяседы (Брэстчына). На стале стаялі абодва караваі. Першымі адорваліся бацькі маладых, пасля – сваякі. Рэшткі раздавалі усім астатнім; кожны імкнуўся атрымаць хоць невялікі кавалачак, каб пакласці яго ў насеннае збожжа, даць скаціне і хоць крышку з’есці самому. Верылі, што гэта спрыяе ўрадлівасці, пладавітасці, дае шчасце і дабрабыт.
Пасля дзяльбы каравая свякроў здымала з маладой вэлюм і павязвала кабечыя атрыбуты: хусцінку і фартушок. На гэтым непасрэдна вясельная частка завяршалася:
Каўбасы з салам наеліся,
Удоваль наеліся,
Дзеўку з хлопцам прапілі,
Каб яны добра жылі.
На Заходнім Палессі ролю вясельнага каравая мог выконваць калач. Гэтая сувязь нават замацавалася ў прыказцы: “Якія каравайнічкі – такія калачыкі”.
Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY