Набліжаецца Новы год. Шмат для каго гэта галоўнае свята года, напоўненае надзеямі на лепшае. Але для нашых хатніх жывёлаў свята можа абярнуцца не толькі стрэсам, але нават гібеллю. Budzma.org падрыхтавала для вас некалькі карысных парадаў, якія дапамогуць вашым гадаванцам спакойна перажыць навагоднія святы.
Як дапамагчы перажыць салюты і феерверкі
Гэта для нас феерверкі ды іншая піратэхніка могуць асацыявацца са святамі, а вось жывёлы ў такія моманты адчуваюць, што пачаўся канец свету.
Акрамя стрэсу, які ніяк нельга аднесці да чагосьці пазітыўнага, гукі выбухаў могуць давесці сабак да гібелі. Вядома шмат выпадкаў, калі напалоханыя сабакі збягалі ад сваіх гаспадароў, зрываліся з павадкоў, а потым траплялі пад аўтамабілі ці проста не маглі адшукаць дарогу дадому.
Адмыслоўцы даюць некалькі карысных парадаў, якія дапамогуць нашым чатырохногім сябрам.
Па-першае, жывёла мусіць быць сытай. Голад узбуджае нервовую сістэму, што негатыўна ўплывае на стан сабакі. Перш чым садзіцца за святочны стол, абавязкова накарміце свайго гадаванца.
Па-другое, дайце ў гэты дзень жывёле магчымасць стаміцца. Нагрузіце сабаку на прагулцы актыўнасцямі, пагуляйце з ім у нейкія гульні. Стомленасць будзе затарможваць працэсы ўзбуджэння.
Бліжэй да «часу X» паспрабуйце пераключыць увагу гадаванца на нешта іншае — дайце яму нейкі ласунак ці любімую цацку. Добра падыдуць ласункі, якія можна грызці, ці цацкі, унутры якіх знаходзіцца нешта смачнае.
Галоўнае — не забудзьцеся прылашчыць свайго гадаванца і паказаць, што вы побач з ім. Але, калі ён ужо схаваўся пад канапу ці стол, то не чапайце яго, не станавіцеся дадатковай нагодай для стрэсу.
Выгуляйце свайго гадаванца да таго, як пачнецца светлагукавае прадстаўленне. Калі ж склалася так, што на вуліцу прыйдзецца ісці ноччу, то праверце надзейнасць рыштунку: нашыйніка ці шлейкі. Будзе вельмі карысна, калі вы напішаце на іх нумар свайго мабільнага тэлефона. Помніце, што менавіта ў навагоднюю ноч губляецца больш за ўсё сабак.
Не трэба папракаць сабаку за яго залішнюю актыўнасць ці, наадварот, баязлівасць. Жывёла не ўмее стрымліваць свае эмоцыі, а грознае слова ці погляд прымусяць яго хвалявацца яшчэ мацней.
Калі ваш сабака занадта баіцца салютаў, то яму можна даць заспакаяльныя кроплі. Але толькі пасля кансультацыі з ветэрынарам! Памятайце, што большасць такіх сродкаў мае назапашвальны эфект, таму варта падумаць пра іх ужо цяпер.
Яшчэ адна небяспека — ялінка, цацкі і ўпрыгожванні
Ялінка — галоўны атрыбут навагодніх святаў, але ён таксама патэнцыйна небяспечны для хатніх гадаванцаў.
Першае і самае няшкоднае з таго, што можа здарыцца, — кот ці сабака проста перакуляць святочнае дрэўца. Калі яно невялікае, а на ім не вісяць шкляныя цацкі, то ўсё абыдзецца проста спалохам. Новы прадмет у хаце ў любым выпадку будзе прыцягваць увагу жывёлы, таму лепш замацуйце навагоднюю ялінку, калі не хочаце паднімаць яе з падлогі і супакойваць свайго калматага сябра.
Але пабітыя шкляныя цацкі могуць стаць прычынай парэзаў, а гірлянды і мішура ўтойваюць у сабе яшчэ большую небяспеку.
Гірлянда, асабліва тая, якая сілкуецца ад разеткі, а не батарэек, можа моцна ўдарыць токам, калі звер паспрабуе яе на зуб. Будзе вельмі добра, калі вы павесіце гірлянду такім чынам, каб яна апынулася ў недасягальнасці для вашага гадаванца.
Яшчэ адно небяспечнае ўпрыгожванне — мішура. Мы ўсе бачылі мемчыкі і чулі жарты пра коцікаў і «дожджык», які выходзіць ззаду. Але, калі такое здарыцца, то можа стаць прычынай пашкоджання страўнікава-кішачнага тракту і скончыцца паходам у ветклініку ці ўвогуле аперацыяй. Таму такія ўпрыгожванні таксама мусяць быць у недасягальнасці для сабакі ці коціка, а лепш увогуле адмовіцца ад такіх упрыгожанняў.
Вам падабаецца глядзець на жывы агонь, і вы вырашылі запаліць свечкі? Цалкам магчыма, што такое відовішча будзе цікава не толькі вам. Далёка не ўсе жывёлы разумеюць, што агонь — гэта не лепшая цацка. І калі ад сабакі свечку можна падняць вышэй, то гарантаваць, што кошка не вырашыць панюхаць агеньчык, не зможа ніхто. У лепшым выпадку гэты скончыцца абпаленымі вусамі-выбрысамі, што таксама не вельмі бяспечна, у горшым — апёкамі ці нават пажарам. Можна, канешне, выкарыстаць падсвечнікі з паветранепранікальным каўпаком, але лепш проста пазбегнуць такой патэнцыйнай небяспекі.
Небяспека хаваецца нават на святочным стале
Не ўсякі гаспадар, а тым больш госць, зможа вытрымаць погляд «коціка са Шрэку» і не пачаставаць каточка ці сабачку нечым са стала. Але набярыцеся мужнасці, вазьміце сябе ў рукі і не карміце гадаванца ласункамі са свайго стала. Менавіта ў навагоднія святы частымі пацыентамі ветклінік становяцца каты і сабакі з пераяданнем і панкрэатытам. Калі вы не змаглі ўтрымацца і вельмі хочаце нечым пачаставаць, то дайце сабаку невялічкія кавалкі несалёнай ялавічыны ці сыру, а коціка можна пабалаваць парай вараных без солі і спецый крэветак. Але памятайце, што частаваць такім чынам гадаванцаў можна толькі вельмі маленькімі порцыямі. І пачаставаць так можна толькі цалкам здаровых жывёлін.
Не пакідайце без нагляду смачнае ў працэсе гатавання на навагоднім стале і папярэдзьце пра гэта гасцей.
Госці, дзверы і балконы
Яшчэ адна небяспека — шмат чужых людзей у кватэры. Памятайце, што для жывёлін гэта таксама стрэс. Правядзіце для сваіх гасцей інструктаж, як паводзіць сябе з вашым гадаванцам — не карміць без дазволу, не выпускаць пагуляць, не турбаваць. Тым больш трэба пазбягаць таго, каб на звяроў дыхалі перагарам ці ўвогуле спрабавалі пачаставаць алкаголем. Гэта вельмі дрэнны жарт!
Патлумачце гасцям, якія вокны, форткі і дзверы нельга адчыняць. Памятайце, што акно, прыадкрытае «на праветрыванне», — дастатковая шчыліна, каб вашая котка пралезла праз яе.
У разгар гучнай вечарынкі балкон — месца, куды не толькі выходзяць папаліць, але і проста падыхаць свежым паветрам. У гэты момант лёгка не заўважыць кошку, якая выйдзе туды разам з гасцямі ці з вамі. Пільна прасачыце гэты момант, бо жывёла не толькі рызыкуе быць зачыненай на балконе, але і ўвогуле зваліцца з яго.
Магчыма, ваш гадаванец на вас і пакрыўдзіцца, але падумайце пра варыянт, каб закрыць яго ў асобным пакоі разам з ежай, вадой і, у выпадку коткі, туалетам. Гэта не вельмі «па-сяброўску», затое бяспечна.
Варта нагадаць яшчэ і пра шкоду цыгарэтнага дыму. Калі людзі паляць наўпрост у кватэры, то для хатняга папугайчыка атручванне можа быць смяротным, а сабакам і коткам прынесці менш цяжкія пакуты.
Выконвайце гэтыя няхітрыя парады, і тады вашае свята будзе прыемным не толькі для вас, але і для вашых любімых гадаванцаў.
З Новым годам і Калядамі!
Д. Н., budzma.org