Як у ВКЛ атрымалася зрабіць рывок наперад, цалкам абнавіўшы грашовую сістэму? Што такое «абол», «чворак», «чашуйка»? Чаму манеты ВКЛ таго часу сёння не прымуць на срэбраны лом?
Мінулы раз мы скончылі на класічным Сярэднявеччы ў ВКЛ у плане грашовай справы — часамі Вітаўта і Казіміра. Грошы той эпохі — маленькія кавалачкі срэбра, на якіх нельга прачытаць ані года, ані наміналу, ані імя манарха. Зменаў давялося чакаць доўга — ажно да канца XV стагоддзя.
Першыя грошы ВКЛ: маленькія манеты вялікай дзяржавы
Рывок з Сярэднявечча ў Рэнесанс
Мяжа XV—XVІ стст. стала пераломнай у грашовым сэнсе ва ўсёй Еўропе. У гэты час на рынку з’яўляецца шмат срэбра — гішпанцы везлі з Новага Свету. Што з ім рабіць? Самы выгадны шлях — канвертаваць у манету. Бо кошт манеты заўжды большы за кошт металу, укладзенага ў яе. Такая схема за сабой пацягнула росквіт грашова-фінансавых стасункаў у Еўропе. У ВКЛ жа адбыўся сапраўдны пераход ад Сярэднявечча да Рэнесансу.
Важна, што грашовая справа ў нас наўпрост залежала ад асобы манарха. Казімір быў вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Польшча была для яго ў прыярытэце, ВКЛ — перыферыяй. Таму ў Польшчы ўжо білася добрая якасная манета, а ў нас надалей хадзілі пражскія грошы ды свая непрэзентабельная драбяза — пенязі-дэнарыі.
Пасля смерці Казіміра Польшча дасталася яго старэйшаму сыну — Яну Ольбрахту. ВКЛ — малодшаму Аляксандру. Апошні быў маладым амбітным князем, які імкнуўся перагнаць брата. Найперш падцягнуў эканоміку: адсюль наданне магдэбурскага права дзясяткам нашых гарадоў, запрашэнне замежных майстроў, узрастанне ролі Вільні, вакол якой пачало віраваць жыццё.
Рывок з сярэднявечча ў рэнесанс - заслуга князя Аляксандра
Прынцыповым крокам для Аляксандра стала грашовая рэформа. Пры ім у нас нарэшце з’явіліся грошы еўрапейскага выгляду: пенязь і паўгрош. Гэта былі срэбраныя манеты з роўным кружком ды ўцямнай выявай — дзяржаўным гербам. Важна, што проба срэбра ў манетах ВКЛ была на 20 % вышэйшая за польскую — так Аляксандр падкрэсліваў свой статус.
Сістэма разліку простая: пяць пенязяў = адзін паўгрош. Дзесяць пенязяў = грош. Цікава, што такой манеты, як «грош», у нас фізічна не існавала, гэта была мера разліку. Важна іншае: гэта была дзесяцічная сістэма разлікаў, яшчэ новая для Еўропы. У Польшчы, Вялікабрытаніі, Масковіі, нямецкіх княствах — паўсюдна былі іншыя сістэмы, больш складаныя і нязручныя.
Пражскія грошы хадзілі больш за стагоддзе, таму і сцёртыя
Магчыма, грош як асобную манету не білі (хоць усё лічылі ў грошах), бо ў звароце працягвалі заставацца... пражскія грошы. Гучыць фантастычна: манеты, якія прыйшлі да нас яшчэ пры Вітаўце, хадзілі тут сто гадоў. Не дзіва, што большасць пражскіх грошаў, якія ў нас знаходзяць, татальна выцертыя — яны прайшлі праз тысячы рук. Зрэшты, у ХІХ ст. нібыта з’явілася дзіўная манета — літоўскі грош Аляксандра — але яшчэ ў тыя часы яе аб’явілі падробкай.
Дэкларацыя легітымнасці. «А» — значыць, Аляксандр
Як манета рабілася? Пруткі срэбра прывозілі на мынцу (мянніцу, манетны двор), скажам, у Вільню. Скуль тое срэбра было — з Чэхіі ці Амерыкі — зараз сказаць цяжка, хіба рабіць падрабязны хімічны аналіз. Пруткі плавілі, дадавалі медзь. Адмысловы чалавек — прабірэр — хадзіў і браў пробу, нешта дадаваў, каб выйсці на загаданую пробу. Далей ужо манета выбівалася, згодна са штэмпелем вялікага князя.
Паўгрошы і пенязі Аляксандра Ягелончыка
Важна, што на манетах было імя князя. Легенда, напісаная на лаціне, пра гэта сведчыла: «Манета Аляксандра, вялікага князя літоўскага». Казіміра людзі на перыферыі маглі наўпрост не ведаць, а тут — манета Аляксандра, якая даходзіла да самых далёкіх куткоў дзяржавы. Гэта была дэкларацыя легітымнасці. Таму нават на маленькіх пенязях, дзе цяжка было прапісаць усю легенду, змяшчалася адна літара — «А» — Аляксандр.
На адным баку паўгроша была прыгожая выява вершніка ў гатычным даспеху. На іншым — арол, сімвал уніі з Польшчай, хоць пра Польшчу ў надпісе згадкі не было. Шрыфт выкарыстоўваўся гатычны і рэнесансны: яны падобныя, розняцца толькі напісаннем літараў N і M. Дызайнам і тэхнічным вырабам манеты займаліся замежныя спецы — мясцовыя людзі былі на ніжэйшых пасадах.
Што можна было купіць на паўгрош ці дэнарый? Адзінства не было. Быў фактар рэгіянальных рынкаў з лакальнымі адрозненнямі. Магчыма, ва ўмоўным Віцебску за паўгрош ты мог купіць курыцу, а ў Гродне, напрыклад, трэба было дакласці яшчэ пенязь... З дакладнасцю можна сказаць іншае: наяўныя грошы нарэшце дайшлі да нізавога ўзроўню грамадства, бо да гэтага часу чалавек мог шчасліва пражыць жыццё з натуральным абменам, не трымаючы манет у руках.
Цікава, што медзі ў грашовым абароце надалей не было. То-бок ад часоў Рымскай імперыі і да «залатога веку» ВКЛ у нас панавала срэбра. Медзь у выглядзе грошаў з’явіцца больш як праз стагоддзе і будзе сімвалам упадку...
«Суперманета», якой ніколі не разлічваліся
Кожны наступны князь пасля Аляксандра падвышаў планку грашовай сістэмы. Пры Жыгімонце Старым на паўгрошах — упершыню ў нашай гісторыі — з’явіўся год. Праз гэта мы, прынамсі, дакладна ведаем, калі яны выбіваліся: з 1509-га па 1529-ы. На манетах розніліся не толькі літары, але і дэталі: недзе вершнік Пагоні мог быць з похвамі ад мяча, недзе без.
1510, 1511, 1512... на паўгрошах Жыгімонта Старога пачалі з'яўляцца даты
Але пік росквіту — час Жыгімонта Аўгуста. Звярніце ўвагу толькі на пералік наміналаў: абол, пенязь (дэнарый), двайны пенязь (двудэнар), паўгрош, грош, двугрош (адзіны выпадак у гісторыі ВКЛ), траяк (3 грошы), чворак (4), шастак (6), талер (30 грошаў), дукат... Пачынаючы з гроша гэта былі партрэтныя манеты. Гэта цікава ў сацыяльным плане: народ упершыню не толькі ведаў імя, але і бачыў аблічча манарха.
Шэсць грошаў - шастак - Жыгімонта Аўгуста з Пагоняй і Калюмнамі
Некаторыя манеты былі манетамі «надзвычайных абставінаў». Напрыклад, з’яўленне чворака звязваюць з пачаткам Лівонскай вайны: такі намінал чамусьці быў патрэбны для разліку з наймітамі ў войску. Падобная гісторыя з талерам, які меў каштаваць 30 грошаў, але срэбра там было куды меней. Дзяржава ішла на хітрыкі, каб аплочваць выдаткі вялікай вайны.
Талер - 30 грошаў - Жыгімонта Аўгуста
А што наконт золата? Калі для эпохі «рымскіх уплываў», часоў Старажытнай Русі ды ранняга ВКЛ золата было нечым надзвычайным, то з XV ст. яно ўжо стабільна фіксуецца ў дакументах. Іншая справа, што ў скарбах XV—XVІ стст. золата няма, бо гэта быў велізарны капітал — у насельніцтва яго не было на руках. Па-ранейшаму тагачасны селянін ці мешчанін мог пражыць жыццё, так ані разу не дакрануўшыся да золата.
Прыгожы партрэт Жыгімонта Аўгуста на залатым дукаце
Першым залатую манету ў нас пачаў біць Жыгімонт Аўгуст. Але ягоныя дукаты былі не столькі для грашовага звароту, колькі для дэкларацыі: «магу!». Была выбітая нават «суперманета» — партугал, які раўняўся 10 дукатам. Чаму такая назва? Бо Партугалія на той час была звышдзяржавай і мела залатыя руднікі ў Новым Свеце. Так у іх з’явілася залатая манета ў 10 эскуда (10 талераў). Жыгімонт Аўгуст хацеў прадэманстраваць статус, таму і стварыў свой аналаг.
«Суперманета» - партугал Жыгімонта Аўгуста
«Суперманета» выпускалася толькі адзін год — 1562-гі. Гэта была нават не манета, а хутчэй медаль, які можна было падарыць замежнаму паслу, аддзячыць вернаму шляхцічу, выслаць у іншую краіну як візітоўку манарха: з намі, маўляў, можна мець справу! Прыгожы жэст з шырокага пляча. Калі сам час Жыгімонта Аўгуста — гэта «залаты век» грашовай справы ў ВКЛ, то кейс з партугалам — апагей гэтай эпохі.
Канцом «залатога веку» сталі дзве падзеі — знішчальная для эканомікі Лівонская вайна ды Люблінская унія з Польшчай 1569 года. Саюзная дамова скасавала разыходжанні ў разліках паміж Польшчай і ВКЛ. Бліжэй да 1580-га, пры Баторыі, грашовую сістэму падагналі пад польскую ды — увялі «адзіную валюту», хай і з рознымі цэнтрамі эмісіі.
Чаму няма скарбаў мяшаных манет ВКЛ і Масковіі
Ці хадзілі грошы ВКЛ за мяжой? Так, найперш у Польшчы. У часы Жыгімонта Аўгуста амаль усе польскія мынцы былі зачыненыя: Віленскі манетны двор працаваў на дзве краіны. Палякі актыўна карысталіся нашымі манетамі, але не хацелі вызнаваць, што літоўскі грош даражэйшы за польскі паводле ўтрымання срэбра.
Напрыклад, прыязджае купец з Вільні за соллю ў Вялічку пад Кракавам. Бярэ пуд, які каштуе 12 грошаў. Дае 10 літоўскіх — бо нашы аб’ектыўна даражэйшыя. Палякі ж адмаўляюцца ды пасылаюць яго лесам... Падобных справаў было процьма, а скаргі даходзілі да вялікага князя.
Нашы манеты таго часу сустракаюцца ва Украіне, Чэхіі, Вугоршчыне, але чым далей — тым меней. У Расіі іх знаходзяць мінімальна, бо ў ВКЛ з Масковіяй былі цалкам розныя грашовыя сістэмы, хоць краіны гандлявалі між сабою. Грошы Масковіі таго часу — срэбраныя капейкі-«чашуйкі». Драбнюткія манеты, памерам з дзіцячы пазногаць, былі вышэйшай пробай за нашыя, але зусім нязручныя ў карыстанні.
Паўгрош Жыгімонта Аўгуста і дзве маскоўскія «Чашуйкі» - адчуйце розніцу!
«Чашуйкі» білі са срэбранага дроту, а пасля рэзалі на кавалачкі. Памер штампа быў у 2-3 разы большы за плошчу манеты, таму і надпіс, і выява Георгія Пераможца на іх бачныя фрагментарна: асобныя літары, ногі каня, галава вершніка... Да нас «чашуйкі» першасна прыйшлі не праз гандаль, а праз Лівонскую вайну. Там, дзе працяглы час стаялі маскавіты, іх знаходзяць найбольш.
Людзі на акупаваных тэрыторыях так-сяк меліся прыстасоўвацца. Напрыклад, метрычныя кнігі Полацкага магістрата часоў панавання маскавітаў маюць разлікі і ў валюце ВКЛ, і ў маскоўскай. Галоўнае, што маскоўская манета не магла ў нас быць папулярнай банальна праз памер: іх і зараз лічыць нязручна, а вы ўявіце ў той час — на марозе задубеўшымі пальцамі ці ў цёмным памяшканні пры лучыне?..
«Караць агнём без літасці...»
Першыя вядомыя нам падробкі айчыннай манеты сягаюць часоў Вітаўта. Але калі самі манеты былі рэдкасцю, то і іх падробкі — тым больш. Прагрэс фальшарства, як і прагрэс самой грашовай справы, крочаць нага ў нагу — гэта ўжо прыкметы цывілізацыі. Рабіць фальшакі шырэй пачалі пры Аляксандры, яшчэ больш — пры Жыгімонце Старым ды Жыгімонце Аўгусце.
Ніхто не падрабляў талераў — вялікіх наміналаў, якімі ў прынцыпе зрэдку расплочваліся. Вялікую манету разглядаюць, а дробную — не. Таму рабілі фальшакі пенязяў ды паўгрошаў. Як? Бярэцца медная аснова, якая паўтарае форму арыгінала. Зверху пакрываецца расчэпам з ртуці і срэбра — танюткім слоем. Фальшак гатовы!
Фальшак паўгроша - бачна, дзе штучнае пакрыццё сцёртае, а дзе засталося
Зразумела, што бліскучае пакрыццё сціраецца ўжо праз 20 рук — медзь пачынае праступаць. Але ты пайшоў на кірмаш ці ў шынок, там паглядзелі — «блішчыць!» — разлічыўся, і больш цябе ніхто не бачыў. Былі і іншыя метады: паніжэнне да мінімуму пробы срэбра або метад лужэння з дапамогай волава, каб не было падобным на медзь.
Важна, што сапраўднага маштабу фальшарская справа яшчэ не мела. Уявіце, што ў той час фальшару трэба было мець веды па металаапрацоўцы, тэхніку, мастацкі талент, каб выразаць штэмпель... Шмат клопату. Ды і манеты толькі з’явіліся ў абароце. Таму падробкі ўсё ж былі кропкавымі, не масавымі.
Доказ гэтаму — адсутнасць адказнасці за фальшарства па першым Статуце ВКЛ (1529). Па другім (1566) фальшара ў лепшым выпадку маглі прыцягнуць па артыкуле «падробка лістоў». Дзяржава апамятавалася пазней: па Статуце 1588-га махляроў трэба было «караць агнём без літасці», то бок — паліць жыўцом. Гэта было цяжкое злачынства: на манеце было імя манарха, фальшарства было асабістай абразай.
Росквіт фальшарскай справы, нягледзячы на ўсе пакаранні, надыйдзе пазней — у XVII ст., у час грашовага хаосу... Але гэта зусім іншая гісторыя.
P. S. Нетрывалы «залаты век»
Бясспрэчна, манеты ВКЛ XVI ст. — найпрыгажэйшыя ў гісторыі дзяржавы, а можа і ва ўсёй Еўропе таго часу. Ёсць толькі адно «але». Дастаючы іх з зямлі, археолагі і пашукавікі часта ламаюць тонкія кругляшы, а некаторыя літаральна рассыпаюцца ў руках. У чым справа?
Час бярэ сваё - праз нізкую пробу срэбра тонкая манета можа патрушчыцца ў руках...
У нізкай пробе срэбра, зазвычай, 375-й. То бок, чыстага срэбра ў манеце — усяго 37.5%... Паляжаўшы ў зямлі, манета часта «аддае» з сябе медзь, а срэбра, што засталося, больш нагадвае картон — таму на манеце той эпохі лёгка пакінуць след нават пазногцем.
Калі ў наш час некаму прыйшло б у галаву здаць у «ювелірку» на срэбраны лом скарб паўгрошаў ці пенязяў Аляксандра ці Жыгімонта Старога, то манеты бы не прынялі. Для лому проба мае быць як мінімум 500-я... Такім ён і быў, «залаты век» Вялікага княства — прыгожым, нетрывалым і недаўгавечным.
Чытайце па тэме: Арабскія дырхемы — «даляры» эпохі вікінгаў
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Выкарыстаныя выявы з кнігі E.Ivanauskas. Coins of Lithuania 1386-2009/ Vilnius, 2009, малюнак Паўла Татарнікава, фота з сайту Ay.by ды здымкі аўтара