Беларусы не ўпершыню трапляюць у рознага кшталту турбулентнасці палітычнага характару. Згадайце 2006-ы, 2010-ы, 2017-ы… Безліч нагодаў прамовіць сакраментальнае: «Я расчараваўся. Я – па-за палітыкай». Ці атрымаецца гэтаксама і сёлета? Калі не, то чаму?
Раней уцёкі ў вежу са слановай косткі (у мясцовым варыянце – хатку са слановай косткі) пад назвай «сям’я», «зараблянне грошай», «хоб» ці «маленькія добрыя справы» адбывалася па шэрагу нагодаў:
Вынік пратэстаў недасяжны
Кіраўнікі і лідары – здраднікі
Нехта зарабляе на гэтым грошы
Не хачу піярыць чужы «бізнес» на палітыцы
Лепш з Лукашэнкам, чым зусім ніяк (пад Расіяй, у крызісе і г.д.)
Сёння час ад часу таксама віруюць падобныя думкі. Калі ўсім вядомы блогер піша з Варшавы пра «апошнія дні дыктатуры», «засталося зусім трошкі», «усё вырашаецца сёння» – хочацца горка ўсміхнуцца. Калі еўрапейскія палітыкі кажуць пра сваю «заклапочанасць», ужо нават не смешна.
Але што адрозніваецца ў сітуацыі 2020-га? Нават калі ўмоўныя лідары здрадзяць, то ўсе разумеюць, што ўвесь «дзвіж» – зусім не за лідараў. Няма ніякай палітычнай бізнес-структуры, куды трэба запісвацца і рабіцца «гарматным мясам» – кожны робіць што можа і як можа. Ключавым жа пунктам з’яўляецца апошні: «Лепш з Лукашэнкам, чым зусім ніяк». Менавіта ён высцілае сцяжынку да ўтульнай хаткі са слановай косткі.
Д’ябал па суседстве
А цяпер уявіце сабе, што вы жывяце ў глухой палескай вёсцы. З сям’ёй. Эканамічны клімат і поспехі калгаса, што дажывае апошнія дні, вас не хвалююць ад слова «зусім». Працуеце аддалена, кэш заўжды ёсць. Па мясцовых мерках – каралеўскі кэш, хай вы і не афішуеце. Прырода вакол неймаверная! Бары, лугі, росныя ранкі, кропелькі ў павуцінні ў сонечных промнях…
Толькі адзін трабл: праз хату жыве сусед алкаголік. Збівае жонку, гвалціць 12-гадовую дачку. Яму ніхто нічога не зробіць, бо той п’е са старшынёй сельсавета, а ўчастковы – ягоны кум. Але і вам асабіста ён не шкодзіць: максімум гляне спадылба ці п’яны цыгарэтку стрэльне. Сабака ў яго брахлівы, але збольшага сядзіць за плотам: выпускаюць яго ўжо тады, калі вы соладка спіце. Агулам сусед не лезе ў вашыя справы, вы – у ягоныя.
Жывяце далей, гадуеце дзяцей, а сумнымі цёмнымі вечарамі на дапамогу прыходзіць жыццёвая філасофія: »Свет несправядлівы, бывае», «А чаму б жонцы ад яго не сысці?», «Тут, мабыць, іншы сусвет, заўсёды так было і будзе». Калі аднойчы сусед з пахмелля дае ў пысу ды ломіць руку паштальёну, які на ровары развозіць пенсіі, вы абураецеся, але надалей маўчыце. Бо гэта не з вамі. Такое жыццё!
Разам з тым у пэўны момант прыходзіць разуменне, што гэтае зло побач муляе вока, напружвае, прыгнятае. Цёмныя вечары робяцца яшчэ чарнейшымі. А раптам наступным разам ягоны дурны сабака вырвецца і пакусае вашых дзяцей? А раптам яшчэ заразіць нечым? Раптам на месцы паштальёна акажацеся вы ці вашая жонка? Раптам…
А яшчэ гэта разуменне, што не ўмешвацца далей – гэта перастаць быць чалавекам. Вы прытуляеце сваю жонку ў ложку, а за 100 метраў сусед калечыць сваю. Вы расказваеце сваёй дачцэ казкі пра добрых рыцараў, а праз дом сусед гвалтуе сваю. Урэшце трэба гэта або спыніць, або з’ехаць, або стаць такім самым, каб упісацца ў вечны палескі ландшафт.
Медытацыя для цёмнага вечара
Да чаго гэтая дзікая гісторыя? Да таго, што па-за маральнымі фактарамі і матывацыямі, тырадамі пра справядлівасць і салідарнасць існуе банальная псіхалогія. Нельга жыць побач са злом. Або рабі нешта, або з’язджай, або далучайся. Трэцяга не дадзена. Дакладней, дадзена, але гэта будзе мець вельмі канкрэтныя наступствы.
Мірыцца са злом побач – значыць глытаць атруту. Каб пераварыць брудны ручай без наступстваў, трэба быць як мінімум акіянам. Не пераацэньвайце сябе. Або быць добра падрыхтаваным: скажам, у Афганістане савецкія выведнікі, якія працавалі ў шэрагах талібаў, былі змушаныя раўнадушна глядзець на катаванні звычайных 18-гадовых прызыўнікоў з Разані ці Мінска. Чаму? Бо мелі добрую падрыхтоўку, матывацыю, разуменне, для чаго гэта ўсё. У вас гэта ёсць? Сумняваюся.
У большасці ж астатніх выпадкаў мірнае суіснаванне са злом вядзе да ўнутранай дэградацыі чалавека і букету псіхалагічных праблемаў. Бо зло знішчае, нават калі не кранаецца вас асабіста сваімі бруднымі пальцамі. І гэта не прыгожая метафара з нядзельнай школкі, а цалкам рацыянальная прагматычная перасцярога. Проста задумайцеся. Знайдзіце для гэтай медытацыі пару цёмных вечароў: у Беларусі ў гэтую паравіну года іх багата.
Алесь Кіркевіч, budzma.by