Кнігагляд: Яцкоўскі па-беларуску

10.01.2011 Кнігагляд

Лондан, 1854 год. У эмігранцкім асяродку, у друкарні Аляксандра Рыпінскага выходзіць, напісаная па-польску “Powieść z czasu mojego, czyli Przygody Litewskie”. У прадмове ёсць радкі: “Аўтар не мае амбіцый спрачацца з вядомымі крытыкамі, бо – ці іх ацэнка будзе станоўчая, ці адмоўная – кніжка надрукаваная і ўжо не зменіцца…” Аўтар памыліўся. Кніга змянілася і вярнулася.

Варшава, апошнія дні 2010 году. Пра палітычныя падзеі ў Беларусі, якая чарговы раз паўстала за сваю незалежнасць, пішуць усе польскія газеты. З друкарні “Сава” прывозяць наклад “Аповесці з майго часу…”, выдадзенай у беларускім перакладзе.

Нязменнаю, такою самаю, што ў прыжыццёвым выданні, засталася вокладка кнігі, адметнасць яе ў тым, што на ёй няма прозвішча аўтара. Каб адкрыць аўтарства “Аповесці з майго часу…” даследчыкам спатрэбілася 40 гадоў. Гэта Ігнацы Яцкоўскі.

36-ці гадовы наваградскі адвакат вясною 1831 году далучыўся да Літоўскага паўстання, потым – 25 гадоў эміграцыі. “Лёс тулягі – вялікае няшчасце…”, — гэтак пра жаўнераў разбітага напалеонаўскага войска, якія засталіся на Літве, піша Ігнацы Яцкоўскі.

Пра самога Яцкоўскага ў пасляслоўі да беларускага выдання, якое называецца “Нялёгкая дарога дадому”, піша даследчык Мікола Хаўстовіч.

“Вершаваныя творы І. Яцкоўскага прасякнуты характэрным для гэтага творцы патрыятызмам, які грунтаваўся на любові да малое Айчыны − Літвы-Наваградчыны і быў адначасна выяўленнем дзяржаўнага пачуцця да Рэчы Паспалітай, якую ў той час звычайна атаясамлівалі з Польшчай. Яшчэ больш яскрава дадзеная тэндэнцыйнасць ягонай творчасці выступіла ў празаічнай “Аповесці з майго часу, альбо Літоўскіх прыгодах”. Мы лічым, што аналіз названага твора дазволіць не толькі ўвесці ў літаратурны ўжытак найцікавейшы малюнак грамадска-палітычнага жыцця на Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя, але і высветліць гісторыю ўзнікнення і аўтарства аднаго з самых адметных беларускамоўных мастацкіх тэкстаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя − верша “Заграй, заграй, хлопчэ малы”.

“Аповесць…”, напісаную напачатку 50-х гадоў ХІХ ст. можна лічыць гістарычным творам, бо мастацкі час пачынаецца ў канцы ХVІІІ ст. (у 1794 годзе забіты расейскімі жаўнерамі, якія рабавалі ягоную гаспадарку, пан Багуслаў), а заканчваецца падзеямі ў Крашыне 1828 года.

Асноўная сюжэтная лінія заснаваная на сямейна-побытавай драме з прыгодніцкімі элементамі. На самым пачатку з’яўляецца дзяўчынка Багуся, якую самотны аўтар-эмігрант, які ніколі не меў сям’і, літаральна гадуе на старонках кнігі – песціць, лечыць яе хваробы, цешыцца яе дзіцячымі свавольствамі. Потым, як бацька, ганарыцца ёю — ужо “гатоваю паннаю”. А бязмерная любоў да гераіні твора Багусі яе ўласнага бацькі – пана Войскага – заканчваецца трагедыяй. Тут і каханне, і ўцёкі з расейскім гусарам…

У “Аповесці…” шмат аповедаў пра чутае і бачанае аўтарам, але гэта не мемуары, а хутчэй гэта лірычныя адступленні, якія ствараюць каларыт той эпохі, у якую жывуць героі. Менавіта жывуць, ды з якімі яшчэ прыгодамі!

“…калі на самым досвітку каляска панства Войскіх пад’язджала да касцёла, ксёндз-пробашч Магнушэўскі ўжо пачаў набажэнства, калі ж ён зацягнуў звычайны ў гэтым выпадку гімн “Тваё, Хрысце, уваскрэсенне!”, тры наладаваныя порахам марціры далі залп на дзядзінцы, і спуджаныя коні панства Войскіх панеслі.

Стары Гжэсь, фурман, знянацку не здолеў даць рады, а лямант двух дам у калясцы, выклікаючы яшчэ большае замяшанне, пагаршаў сітуацыю; тут расійскі гусарскі афіцэр, малады і зграбны…” і далей усё як у любоўным рамане. А здарылася гэта каля касцёла ў Крашыне, і аўтар мае нагоду распавесці пра бунт сялян, які тут колісь адбыўся, пра следства. Так на старонках з’яўляецца і сапраўдны ксёндз Магнушэўскі, і вымышлены ягоны вучань Пётрак, які чытае славуты верш: “Заграй, заграй, хлопчэ малы”.

Ігнацы Яцкоўскі. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. Варшава. 2010. 290 старонак. Пераклад, пасляслоўе і каментар Міколы Хаўстовіча.