Чаму па Гарадзеншчыне раскідана безліч вёсак з назвай Яцвязь? Куды 1000 гадоў таму зніклі гарады Турэйск, Шупілы, Муравельнік? Што агульнага паміж Руссю і Вест-Індскай кампаніяй? Адказы дае археолаг і гісторык Генадзь Семянчук.
Спадар Генадзь не першы год займаецца яцвяжскай тэмай, каб давесці, што азначэнне з падручнікаў “яцвягі – старажытнабалцкае племя…” даўно састарэла і не адпавядае рэчаіснасці. Кім жа былі яцвягі насамрэч?
Семянчук паспрабаваў даць адказ, а магчыма, найбольш поўна акрэсліць базу пытанняў па тэме цягам лекцыі ў этнакраме “Цудоўня” ў Гродне. Некаторыя тэзы з гэтай лекцыі ў сціслым фармаце мы паспрабуем падаць ніжэй.
“Яцвягі” як каханне і шчасце
Праблема яцвягаў не міфалагізаваная, не сфальсіфікаваная… Яе проста няма ў публічнай прасторы! Тэма яцвягаў ніколі па-сапраўднаму не гучала ў навуковай дыскусіі. Сам тэрмін “яцвягі” – як каханне ці шчасце: усе нібы ведаюць, што гэта значыць, але як спытаеш, то сфармуляваць не могуць…
Элемент нацыянальнай душы – у літоўцаў і палякаў
Тэма яцвягаў для нас можа стаць сапраўды значнай, як для літоўцаў ці палякаў, але пакуль яна нібы на ўзбочыне гістарыяграфіі, як дадатак да чагосьці. Не маем гонару, як нашы суседзі, карыстацца з яцвягаў як з элементу нацыянальнай душы… Хаця калі разабрацца, тэрыторыі, заселеныя яцвягамі на Сувальшчыне ды ў Літве, разам складаюць усяго палову нашых “яцвяжскіх змеляў”.
Яцвягі: дзе і калі?
Пра якую прастору мы гаворым? Дзе яны жылі? Гэта верхняе і сярэдняе Панямонне, басейны рэчак Нарва, Чорная Ганча, вярхоўі Заходняга Бугу і Прыпяці. Калі агулам, то гэта Панямонне ды Заходняе Палессе. Пра які час мы кажам? Гэта амаль 1000 гадоў ад VI ст. да пачатку XIV ст. Гэта эпоха, найменш замацаваная ў пісьмовых крыніцах.
Ледзь не канібалы
У гістарыяграфіі пачынаючы ад XVІ ст. сфармуляваўся ўстойлівы міф, маўляў, яцвягі – гэта дзікія і ваяўнічыя (ледзь не канібалы!) насельнікі Панямоння і Падляшша, якіх перамагла і знішчыла Русь, Літва і крыжакі. У другой палове ХІХ ст. з’яўляюцца і навуковыя працы па тэме. Згодна ім яцвягі – гэта балцкая маналітная этнічная група, якая выразна адрознівалася мовай, тэрыторыяй, культурай ад суседзяў. На такім узроўні нашы веды і трымаюцца апошнія апошнія 200 гадоў… А ўсё новае выклікае недавер і падаецца фантастыкай.
Што прыхаваў летапісец?
У летапісах зазвычай чытаем: “пайшоў нехта там на яцвягаў…” – так фармуецца стэрэатып, маўляў, яцвягі – “дрэнныя”. Але аўтар летапіса – сацыяльная постаць, а сам летапіс – найчасцей палітычная замова. Хто аўтар, што ён прыхаваў, што недапісаў?.. Так летапісы чытаюць пакуль адзінкі, рэшта – перапісвае і харчуецца міфамі.
Што там у славянаў?
Праблемы яцвягаў мы не зразумеем без асэнсавання тэмы славянаў і “славянскай каланізацыі” нашых земляў. На свой час вельмі прагрэсіўны гісторык Сядоў сцвярджаў, што беларусы – гэта славяна-балты. Маўляў, прагрэсіўныя і больш культурныя славяне скарылі мясцовых дзікіх балтаў, і атрымаўся сінтэз. Ад балтаў у выніку засталіся адно назвы рэчак ды розныя пуні з андаракамі… Гэтая тэорыя больш вядомая як тэорыя балта-славянскага субстрату.
Беларусь – прарадзіма славянаў?
Але насамрэч Беларусь – прарадзіма славянаў. Мы – адзіны рэгіён, дзе археалагічныя культуры існавалі ў фармаце эвалюцыі на працягу 1000 гадоў. Гэта было ўдасканаленне, развіццё, а не вонкавая інвазія. Гэта таксама феномен тутэйшасці, на які накладаліся цывілізацыйныя змены, але не этнічныя хвалі прыхадняў.
А наконт прарадзімы славянаў глядзіце: самыя раннія сляды славянаў па-за Беларуссю ёсць у Польшчы – гэта VI-VII стст. Украіна, Чэхія і Славакія – гэта VII ст. Але генезіс вядзе нас у Беларусь – толькі тут усё было нязменна. Агулам жа балты і славяне – гэта дзве родныя дачкі адной мамы, якія радыкальна падзяліліся толькі на рэлігійным фоне падчас хрысціянізацыі.
Даверыцца хаосу
Важны момант: слова “племя” нам варта выкінуць са свайго лексікону. Гэта тэрмін, народжаны ў кабінетах у ХІХ ст. для палінезійцаў ды жыхароў Акіяніі. Нас вучаць: племя – гэта кроўна-роднаснае аб’яднанне… Нам кажуць пра плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Але ў этнічным плане мы мелі хаос! Мы маем даверыцца гэтаму слову – хаос. Свядомасць людзей і сітуацыя змянялася штораз у залежнасці ад падзеяў.
Карпарацыя злодзеяў, гвалтаўнікоў і рамантыкаў
Яшчэ адна важная праблема ў тэму – генезіс дзяржавы і гарадоў. Тая ж Русь паўстае як цалкам неславянская дзяржава, закладзеная скандынавамі: ваярамі, гандлярамі, бандзюкамі – карацей, пасіянарыямі. Гэта была не этнічная група, але карпарацыя злодзеяў, гвалтаўнікоў і рамантыкаў.
Амерыканскія даследчыкі правялі цікавую паралель, параўнаўшы Русь з каланізацыяй Амерыкі і Вест-Індскай кампаніяй. Як яно было ў Амерыцы? Будаваўся форт, а вакол яго пачыналася актыўнасць: дзе грашыма ці пацеркамі, дзе зброяй. То бок такі вопыт ваенна-гандлёвай карпарацыі паўтарыўся праз 600-700 гадоў пасля нашых падзеяў.
Міграцыя ідэяў, а не чалавечых масаў
Я прыхільнік тэорыі правадырства. Найбольш актыўныя 100 ці 1000 чалавек замацоўваюцца і дамінуюць на тэрыторыі, але падкантрольная група атрымлівалася поліэтнічнай.
Ёсць прыклад таго ж Аварскага каганату, дзе славяне раптам сталі дамінуючай сілай, а пасля развалу дзяржавы раз’ехаліся хто куды. Гэта міграцыя ідэяў, мовы, цывілізацыі, а не міграцыя агромністай колькасці людзей. Гэта міграцыя нешматлікіх пасіянарыяў і правадыроў, якія нясуць свае ідэі і дамінуюць, куды б яны ні прыйшлі.
Гарады не “для”, а “насуперак”
Ніводзін горад ад Урарту да Астраўца не з’явіўся па эканамічных прычынах – толькі суб’ектыўна паводле палітычнай волі асобы. Калі ёсць сіла, якой тое патрэбна, горад з’яўляецца. І гэта зусім не пра гандлёва-рамесніцкія сувязі.
Яраслаў Уладзіміравіч, той, які Мудры, сын Рагнеды, уводзіў свае парадкі ад Драгічына да Брэста. Ваўкавыск, Наваградак, Гродна, Слонім, Бельск, Бранск, Вільня – воля неабходнасці Яраслава Уладзіміравіча. Яму быў патрэбны супернік, супраць якога можна ваяваць ды будаваць фартэцыі. Такім супернікам сталі акурат яцвягі.
Судова, Дайнова, Яцвягія
Як называлі яцвягаў ды іх землі? Судова – трапляецца ў нямецкіх крыніцах, Дайнова – у літоўскіх, Яцвягія – у нас. Зрэшты, тапонімы накшталт “Яцвязь” ёсць толькі ў нас, на Гарадзеншчыне. Усе гэтыя назвы тычацца таго самага народа, які суседзі проста называлі па-рознаму! Напрыклад, ёсць дакументы, дзе “яцвязь” і “дайнова” сустракаюцца як сінонімы, проста ў розных месцах.
То бок у XII–XIV стст. усе суседзі называлі яцвягаў па-рознаму. А як яны самі сябе называлі? А невядома. Называлі і прапісвалі гэтыя назвы ў летапісах тыя, хто ваяваў з яцвягамі: забіваў агнём і мячом, забіраў іх жонак і дзяцей. Ніводнае з гэтых словаў найхутчэй не саманазва.
У Візантыі Яцвяг прадстаўляў Гунара…
У скандынаўскіх сагах трапляюцца імёны: Ятві, Ятвінг… Напрыклад, у дамове Русі з Візантыяй адзначана, што нейкі Яцвяг прадстаўляў Гунара. І Ятвяг, і Гунар – тут прыватныя імёны. Як з Каралінгамі: гэта не генетычныя дзеці Карла Вялікага, але эліта. Так і Ятвінг – гэта чалавек Ятвяга альбо яго нашчадак. Нешта падобнае бачым са словам “вараг” – чужаземец, гандляр, дружыннік. Кальбяг – тэрмін для пазначэння таго самага, але ўжо ў басейне Волгі.
Можна прывесці і такую паралель: “маскалём” у Беларусі называлі часцяком рэкрута, што вярнуўся з царскага войска. І не проста вярнуўся, але ўжо паліць, лаецца матам, прыхапіў з сабой балалайку ці нават самавар – мае рысы, традыцыйныя для сваёй супольнасці, карпарацыі. Тое самае і з яцвягам – гэта азнака прафесійнага ваяра ды гандляра, мясцовага пасіянарнага лідара, які стаіць на прыступку вышэй за масу, якая займаецца сельскай гаспадаркай і рамяством.
“Зачараванае поле”
У даследаванні тэмы дамінуе археалогія, але мы яе выкарыстоўваем цалкам няслушна. Бо адносіны паміж археолагам і гісторыкам – гэта зачараванае поле… Гісторык карыстаецца здабыткамі археолага, каб падмацаваць пісьмовыя крыніцы. А археолаг упісвае свае знаходкі ў агульны канструкт, створаны гісторыкам. Так і ходзім па коле.
Забытыя гарадзішчы
Але археалогія можа і дапамагаць. Згодна з даследаваннямі, на Панямонні ў другой палове Х ст. з’яўляецца група гарадзішчаў і добра ўмацаваных паселішчаў з комплексам скандынаўскіх рэчаў. Гэта Кульбачына, Індура, Муравельнік, Франапаль, Гарадзішча і г.д. Гэта сведчыць пра ўзмацненне актыўнасці камунікацыі па Нёмане – з поўначы на поўдзень.
Гарадзішчы Шупілы на Сувальшчыне і Турэйск на Ваўкавышчыне маюць рысы Рурыкава гарадзішча і Гнезнава, вядомых ва ўсім свеце. То бок у нашым рэгіёне мы маем сітуацыю, вельмі падобную да той, што панавала на Заходняй Дзвіне, калі там засноўваўся Полацк. Старая Ладага, Пскоў, Ноўгарад: тая ж актыўнасць і інтэнсіўнасць сувязяў. Дадамо да гэтага скарбы арабскага срэбра на Панямонні, якім разлічваліся вікінгі, шалом са Слоніма, кацялок з Муравельні… Нашыя гарадзішчы так не раскручаныя праз штучную сціпласць – толькі і ўсяго.
Усё гэта знікае падчас паходаў кіеўскіх князёў… Зусім побач з колішнімі яцвяжскімі цэнтрамі будуюцца ўжо новыя, насуперак старым: Брэст, Пінск, Ваўкавыск, Гродна і г.д. Лакацыі са скандынаўскімі комплексамі перастаюць існаваць, а на іх месцах паўстаюць гарады, якія датрывалі да нашага часу.
Наканавана знікнуць
Дык хто ж такія яцвягі? Група ваяроў і гандляроў, якая з сярэдзіны Х ст. трымала кантроль над прыпяцка-нёманскім рэгіёнам. Яны – варагі і вікінгі Панямоння. Яны ўнармавалі і сістэматызавалі жыццё тут. Але Кіеў у бітве за кантроль і рэсурсы перамог іх. Так паўсталі новыя гарады-фартэцыі, а нёманская камунікацыя пачала працаваць на паўднёвых канкурэнтаў…
Яцвягі знікаюць як група, а мясцовыя славяна-балты робяцца ахвярамі Кіева. Але і надалей, дзясяткі разоў, усё мясцовае насельніцтва летапісцы па традыцыі называюць яцвягамі – як памяць пра варажскіх яцвягаў, якіх перамагла аналагічная паўднёвая групоўка – Русь. Так мясцовыя славяна-балты страцілі сваю эліту, а яцвягам як групе было наканавана знікнуць, застаўшыся адно на старонках летапісаў ды ў тапаніміцы.
Алесь Кіркевіч