Кампанія “Будзьма” прэзентуе беларускай інтэрнэт супольнасці сайт “Будзьма разам!”. Сайт — грамадскі дзённік, куды можа напісаць кожны.
Сайт “Будзьма разам!” створаны дзеля яднання ў адну інфармацыйную прастору розных культурных і грамадскіх ініцыятыў, наладжвання супрацоўніцтва паміж імі.
Упершыню прапануецца ўнікальная магчымасць для ўсіх, хто працуе ў галіне культуры ці ёю цікавіцца, аб’яднацца дзеля ўдзелу ў сумесных мерапрыемствах, абмену цікавай інфармацыяй, ведамі і меркаваннямі, планамі і прапановамі.
Сайт вельмі просты ў карыстанні і створаны так, каб кожны мог змясціць на ім свой матэрыял: навіну, кантакт у адраснай кнізе, падзяліцца спасылкай, альбо падаць абвестку ў афішы. Тэматыка тэкстаў неабмежаваная. Вашай увазе рубрыкі: Навіны, Афіша, Кампаніі, Адрасная кніга, Лінкі, Забавы, Грамадства, Культура, Музыка, Гісторыя, Грамадскі сектар.
Сайт з цягам часу можа стаць вялікай скарбонкай беларускіх інтарэсаў: карыстацца супольна сабранай інфармацыяй змогуць усе.
Каб зрабіць сваё паведамленне на сайце “Будзьма разам!”, трэба націснуць у левым слупку на надпіс “Напішы сваю навіну”. І вашая навіна ці абвестка з’явіцца ў адпаведнай тэматычнай рубрыцы сайта. (Пакідаем за сабой права стылістычнай рэдактуры).
Сайт ствараецца для дыскусіяў, а не для сварак. Вітаюцца тэмы, якія яднаюць беларусаў.
Пазнаёміцца з анонсам усіх мерапрыемстваў і навінамі кампаніі “Будзьма” можна ў адмысловай рубрыцы сайта, якая так і завецца “Будзьма!”. Там вы знойдзеце інфармацыю пра такія культурныя падзеі кампаніі як канцэрты, выступы літаратараў, выставы мастакоў ды інш.
Калі ў Вас ёсць пытанні, заўвагі ці прапановы па працы сайту, звяртайцеся па электронным адрасе razam@budzma.org ці па тэлефоне
+ 375 29 627 35 50 (Севярын Квяткоўскі).
Будзьма беларусамі! Будзьма разам!