Што за перашкоды стаялі перад князем Ягайлам да шлюбу з польскай каралеўнай Ядвігай? З кім хацела ўступіць у шлюб сама Ядвіга? Якім чынам перасякліся палітычныя інтарэсы дынастыі Габсбургаў і князя Ягайлы, і ці быў дасягнуты кампраміс паміж імі? Які бок у гэтай сітуацыі падтрымалі тагачасныя польскія эліты? У пошуках адказаў на пытанні вандруем у мінулае з гісторыкам Алесем Краўцэвічам.
Істотнай перашкодай на дарозе да шлюбу Ягайлы з Ядвігай былі заручыны, а па тагачасных паняццях, законны шлюб паміж Ядвігай і сынам аўстрыйскага герцага Вільгельмам Габсбургам. Гэта была чыста палітычная акцыя, венгерскі кароль Людовік Анжуйскі і аўстрыйскі герцаг Леапольд ІІІ ажанілі сваіх дзяцей у раннім дзяцінстве.
Шлюбная ўрачыстасць была праведзеная 5 чэрвеня 1378 г. у Хаймбургу (Аўстрыі). Ядвіга на той час мела чатыры гады, Вільгельм — восем. Тады ж адбылася яшчэ адна важная шлюбная цырымонія — пакладзіны. Маладыя ў прысутнасці сведак клаліся ў шлюбны ложак і ўступалі ў сэксуальны кантакт.
Апошняе Ядвіга і Вільгельм не маглі выканаць па прычыне малалецтва, але тагачаснае кананічнае права прадугледжвала такую сітуацыю, бо ў сярэднявеччы ранні шлюб, у тым ліку дынастычны, не з’яўляўся рэдкасцю. Ён прызнаваўся законным, атрымліваў назву «шлюб на будучыню» (sponsalia de futuro), і лічыўся цалкам рэалізаваным пасля таго як сужэнцы, дасягнуўшы паўналецця, правядуць «кансумацыю шлюбу» (consummatio matrimonium), г. зн. уступяць у фізічную блізкасць. Бацькі з абодвух бакоў абавязаліся выплаціць маладым па 200 тыс. фларэнаў як заклад на выпадак невыканання дамоўленасці адным з бакоў.
Калі Вільгельм Габсбург даведаўся пра шлюбныя перамовы малапалянаў з Ягайлам, то паспяшаўся ў Кракаў да Ядвігі, каб давяршыць справу свайго шлюбу. Ён сам жадаў быць польскім каралём, каб дасягнуць гэтай мэты, яму заставалася толькі ажыццявіць «кансумацыю шлюбу». Тады аўтаматычна адпадалі ўсе іншыя прэтэндэнты на руку Ядвігі і адпаведна на польскі трон. Хоць Ядвізе да паўналецця заставалася яшчэ каля шасці месяцаў, аднак кананічнае права нібыта дапускала кансумацыю шлюбу за паўгода да паўналецця маладой.
Прыезд Вільгельма ў Кракаў выклікаў працяглы і галосны на ўсю Еўропу скандал, стрыжнем якога былі спрэчкі пра кансумацыю ягонага шлюбу з Ядвігай, менавіта, адбылася яна ці не.
Дэталёвае апісанне прыгодаў Вільгельма ў Кракаве пакінуў Ян Длугаш, які хоць пісаў каля сямідзесяці гадоў пазней, абапіраўся не толькі на дакументы, але пераказваў чуткі і плёткі, пазначаючы іх выразамі: «як некаторыя меркавалі»; «паводле шырока вядомай плёткі».
Аказалася, у Кракаве ў Вільгельма знайшліся памагатыя, і яму сімпатызавала сама Ядвіга. Паколькі яе законнага мужа не пускалі на Вавельскі замак, то каралева ў атачэнні світы сама прыходзіла да Вільгельма ў суседні францысканскі кляштар, бавіла з ім час і таньчыла ў рэфлектарыі, «аднак надта сціпла і з вялікай стрыманасцю» (пісаў Длугаш). У Кракаве пляткарылі, што Ядвіга імкнулася выканаць волю бацькі і намервалася правесці кансумацыю шлюбу з Вільгельмам. Але калі таго правялі ў замак і ў спальню каралевы, то «стараннем і па загадзе польскіх паноў, вельмі непрыхільных гэтаму саюзу, яго выдалілі як са спальні, так і з замка, ганебным і абразлівым спосабам і ўвогуле не дапусцілі да рэалізацыі шлюбу са згаданай каралевай».
Разгневаная Ядвіга сама адправілася да мужа, але натыкнулася на зачыненыя брамы і ўласнаручна пачала выбіваць дзверы сякерай. Аднак урэшце ўдалося ўгаварыць яе кінуць гэтую справу. Вільгельм неўзабаве патаемна выехаў з Кракава ў апасенні за сваё жыццё і здароўе. Ядвіга мусіла рыхтавацца да шлюбу з «дзікім і брыдкім ліцвінам».
Дыскусія пра кансумацыю шлюбу Вільгельма і Ядвігі трывала доўга. Аўстрыйскі бок не здаваўся, нават ініцыяваў судовы працэс, каб прызнаць шлюб Ядвігі з Ягайлам незаконным, але яго прайграў.
Рашучую пазіцыю ў гэтай справе заняла каталіцкая царква, якая адкінула ўсе абвінавачанні Ядвігі, і 8 чэрвеня 1997 г. у Кракаве на Блонях у прысутнасці агромністага збору вернікаў Папа Рымскі Ян Павал ІІ правёў яе ўрачыстую кананізацыю — залічэнне да ліку святых.