Што адбывалася ў ВКЛ пасля смерці Альгерда? Якая дзяржава-суседка адразу паспрабавала адабраць у ВКЛ Галіцка-Валынскія землі? З якой прычыны адсутнічала знешняя небяспека з боку Масковіі на той момант? Чаму Ягайла не адразу стаў актыўнічаць у вайсковых і палітычных пытаннях дзяржавы? У пошуку адказаў на пытанні гісторык Алесь Краўцэвіч запрашае ў вандроўку ў мінулае.
Дуумвіры Альгерд і Кейстут зрабілі ўсё магчымае, каб пераемнасць улады пасля іх смерці адбылася бесканфліктна, а галоўнае, хутка. Бо ў Сярэднявеччы г. зв. паўза бескаралеўя была добрай нагодай да нападу варожых суседзяў. Менавіта так стала з Літвой пасля смерці Альгерда. Кейстут паспяшаўся абвясціць вялікім князем Ягайлу, так бы мовіць, перадаў сцяг, не даўшы яму ўпасці, але гэта не ўратавала краіну ад удару, прычым з некалькіх бакоў адначасова: з паўднёвага захаду ліцвінскія ўладанні атакавалі Венгрыя і Польшча, з поўначы і паўночнага захаду Тэўтонскі ордэн з Прусіі і Лівоніі.
Венгерскі і польскі кароль Людовік Анжуйскі даўно рыхтаваў вайну з мэтай захопу ліцвінскай часткі Галіцка-Валынскай Русі. Смерць Альгерда прыспешыла выправу і каля 10 ліпеня венгерскія войскі вырушылі здабываць Белз, а польскія Холм. Палякі справіліся хутчэй, занялі горад і аб’ядналіся з венграмі пры аблозе Белза.
Мясцовы князь Юры Нарымунтавіч, унук Гедыміна, упарта бараніў замак, чакаў падмогі ад дзядзькі Кейстута. Аблога цягнулася сем тыдняў, але ўрэшце князь Юры паддаўся Людовіку пры пасярэдніцтве... Кейстута.
Нічога дзіўнага, стары князь рэальна ацэньваў сітуацыю, ён не мог усімі сіламі прыйсці на дапамогу пляменніку па прычыне ўзмоцненай актыўнасці Тэўтонскага ордэна. Акрамя Юрыя, ленную прысягу венгерска-польскаму каралю прынеслі ўладальнікі Падолля — князі Гедымінавічы, сыны Карыята. Людовік Анжуйскі забраў у Юрыя Нарымунтавіча — ненадзейнага васала, Белзскае княства і перавёў на дробнае ўладанне ў Галіцыі.
Пасярэдніцтва Кейстута — яшчэ адно сведчанне ягонай выбітнай пазіцыі ў дзяржаве і значнага аўтарытэту на міжнароднай арэне. Цікава, што ў дамове нават фармальна не згадваўся Ягайла, што таксама наводзіць на разважанні наконт ягонай рэальнай палітычнай вагі ў пачатку вялікакняжання.
У 1377 г. Літву актыўна атакаваў Тэўтонскі ордэн з двух бакоў — з Прусіі і Лівоніі. У канцы жніўня — пачатку верасня 1377 г., калі яшчэ ішоў венгерска-польскі паход, інфлянцкае войска на чале з краёвым магістрам каля двух тыдняў беспаспяхова здабывала з выкарыстаннем абложных машын «новы рускі горад» (Novum castrum Rutenorum) каля Дзюнабурга. Прыблізна ў той самы час хохмайстар з Прусіі разам з «госцем» герцагам Аўстрыі Альбрэхтам ІІІ Габзбургам павёў аддзел у дзве тысячы коней на Жамойць.
Гісторыкі звярнулі ўвагу на сінхроннасць агрэсіўных дзеянняў караля і Ордэна супраць Літвы. Невядома, ці тое вынікала з агульнай антылітоўскай палітыкі, ці мелася канкрэтная дамоўленасць (такая версія выказвалася даследчыкамі).
На шчасце для Літвы, тады не было небяспекі з боку ўсходняй мяжы. Якраз у той час татары і расейцы былі занятыя разборкамі між сабой. Летам 1377 г. аб’яднанае маскоўска-ніжагародскае войска пацярпела паразу ад Мамаевай Арды на рацэ П’яне (назва сімптаматычная, якраз пасуе да той падзеі). Татары заспелі расейцаў знянацку, бо тыя былі п’яныя; як запісаў летапісец:"а ѣздяху и порты съ плечь спускавше, а мёдъ піаху допіана".
Такім чынам, у першыя месяцы пасля смерці Альгерда дзяржава выстаяла ў змаганні са знешнімі ворагамі, хоць і панесла страты на Галіччыне і Валыні. Ліцвінскі дуумвірат працягваўся ў асобах Кейстута і Ягайлы, прынамсі фармальна. Ягайла ад моманту пераняцця вышэйшай улады і да пачатку ліпеня 1379 г. не быў заўважаны ў знешнепалітычных дзеяннях Вялікага Княства Літоўскага. Няма пра яго згадкі ў дамове з Людовікам Венгерскім, не чутно пра змаганне з Ордэнам. Інакш было ва ўнутранай палітыцы: праз некалькі месяцаў пасля пачатку вялікакняжання Ягайла выгнаў у эміграцыю старэйшага адзінакроўнага брата Андрэя Полацкага — самага заслужанага сярод усіх удзельных князёў.