Нідэрланды (у перакладзе «Ніжнія краіны»), размешчаныя на ўзбярэжжы Паўночнага мора, маюць незвычайную, можна сказаць, унікальную гісторыю. Найперш таму, што амаль палова іх тэрыторыі (у сучасных межах) — польдэры, менавіта загаспадараваныя землі, стагоддзямі «выдзіраныя» з мора праз асушэнне, на якіх сёння жыве (ніжэй узроўню мора) каля 60% насельніцтва краіны.
Польдэры ў Нідэрландах. Крыніца: static.guim.co.uk
Па-другое, нідэрландцы (па назве самай вялікай правінцыі, часта называныя галандцамі) паказалі свету ўнікальны прыклад маленькай краіны, якая здолела стварыць вялікую каланіяльную імперыю, трэцюю па велічыні ў свеце (не ўсе ведаюць, што нават найбуйнейшы горад Паўночнай Амерыкі Нью-Ёрк быў закладзены нідэрландцамі і напачатку называўся Новым Амстэрдамам).
А ўчынілі гэта ўсё «буржуі», бо Нідэрланды сталі першай у Еўропе і ва ўсім свеце краінай, дзе ў выніку нацыянальна-вызваленчай вайны 1568–1648 гадоў, называнай яшчэ Нідэрландскай рэвалюцыяй, уладу перанялі буйныя купцы-капіталісты, г. зв. арматоры, ці рэгенты.
Падчас вайны ворагі-гішпанцы абзывалі паўстанцаў гёзамі — абадранцамі, бо ў рэвалюцыю пайшлі масы людзей з простых саслоўяў. У адказ называць сябе гёзамі пачалі нават нідэрландскія арыстакраты, у тым ліку такі буйны як прынц Вільгельм Аранскі. Падобна як дваровыя слугі маскоўскіх князёў, прыцягнутыя да вайсковай службы, пачалі ганарова звацца «дваранамі».
Пад уладу Гішпаніі Нідэрланды трапілі праз Габсбургаў у выніку дынастычнага падзелу Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1556 г. Жорсткае ўвядзенне гішпанскіх парадкаў неўзабаве прывяло да выбуху.
Нідэрландскія караблі тараняць гішпанскія галеры. Крыніца: Rijksmuseum.Wikimedia Commons
Паўстанцы даволі хутка здабылі незалежнасць дэ-факта, але прызнання дэ-юрэ давялося чакаць ажно да канца Трыццацігадовай вайны.
Спачатку Рэспубліка Злучаных Правінцый (усяго іх было сем, дамінавала Галандыя) займела эрзац-манарха — штадтгальдэра Вільгельма Аранскага, уладу з якім дзялілі Генеральныя Штаты, дзе рэй вяла купецкая алігархія — рэгенты. Штатгальдэры Аранскія камандавалі войскам і адміністрацыяй, рэгенты трымалі ў руках самае важнае — фінансы. Краінай кіравалі выбітныя інтэлектуалы, прычым рабілі гэта надзвычай рацыянальна.
Літаральна за некалькі дзесяцігоддзяў невялікая краіна стала галоўным эканамічным цэнтрам Еўропы (еўрапейскай гаспадаркі-свету па тэрміналогіі Фернана Брадэля), з найбольшай канцэнтрацыяй багацця, найвышэйшых цэнаў, але і найбольшай ступенню асабістай свабоды (так хіба і да сёння засталося). Нідэрландская манета хадзіла па ўсім свеце, у тым ліку на беларускіх землях.
Нідэрландская срэбная манета са скарба ў Міры. Талер біты ў Антверпене. Раскопкі А. Краўцэвіча
Там, дзе багацце, знойдуцца і мецэнаты. У першай палове XVII ст. Нідэрланды перажывалі сапраўдны выбух мастацкага і інтэлектуальнага жыцця. Багатыя бюргеры стымулявалі, напрыклад, такую выбітную мастацкую з’яву, як нідэрладскі жанравы жывапіс. Нідэрланды апярэджвалі іншыя краіны ў тэхналогіях будаўніцтва, караблебудавання, вайсковай інжынерыі і г. д.
Багацце тады здабывалася ў калоніях, і Рэспубліка пачала актыўна іх заваёўваць — адкрываць новыя землі і адбіраць ужо занятыя іншымі еўрапейскімі краінамі, найперш у Партугаліі, сувымернай па тэрыторыі і людскіх рэсурсах з Нідэрландамі. Рабілася гэта праз прыватныя акцыйныя суполкі (першыя ў свеце) Остіндыйскую і Вестіндыйскую кампаніі, за якімі стаяла дзяржава. Кампаніі мелі рэгулярныя войскі і флот, вялі шматлікія пераможныя войны, як з тубыльцамі, так і еўрапейскімі канкурэнтамі.
Калоніі Нідэрландаў
Праўда, у XVIII ст. маленькая краіна пачала прайграваць у канкурэнцыі з новым капіталістычным монстрам — Вялікабрытаніяй.
У нідэрландскіх калоніях напоўніцу праявіўся сапраўдны твар — «ашчэр ранняга капіталізму», тубыльцы жорстка эксплуатаваліся, пры супраціве вынішчаліся цэлыя плямёны і народнасці. Яскравы прыклад — заняволенне афрыканцаў нідэрландскімі каланістамі-бурамі ў Паўднёвай Афрыцы. Нідэрландцы вялі актыўны гандаль нявольнікамі і адмянілі рабства ў 1863 г. апошнімі ў Заходняй Еўропе.
Пасля Другой сусветнай вайны Нідэрланды да апошняга трымаліся за свае калоніі, вялі за іх жорсткую вайну ў Інданэзіі. Урэшце імперыя развалілася, нідэрландцы афіцыйна пакаяліся за сваё каланіяльнае мінулае. Аднак некаторыя былыя калоніі ўсё-такі здолелі ўтрымаць, пераўтварыўшы іх у «заморскія тэрыторыі». Сёння Каралеўства Нідэрландаў складаецца з дзвюх частак: еўрапейскай і заморскіх тэрыторый — некалькіх выспаў у Карыбскім моры.
Нідэрланды на працягу стагоддзяў паказвалі выдатны прыклад усяму свету, як малы па колькасці народ можа рабіць вялікую гісторыю, калі даць яму добрае кіраванне. Капіталістычнае.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org