З 28 лютага ў праваслаўных пачынаецца Масленічны тыдзень. У католікаў 2 сакавіка, у Попельную сераду, наступае Вялікі пост. Як адсвяткаваць масленіцу сучаснаму гарадскому чалавеку?
Зараз, падавалася б, зусім не да святаў. Але некаторыя рытуалы, якія нашы продкі здзяйснялі на добры ўраджай, мы сёння можам выкарыстаць для псіхалагічнай падтрымкі сябе і блізкіх.
1. Спаліце пудзіла
Гэта практыка сустракаецца ў лакальных вясковых традыцыях усходняй Беларусі, а ў савецкі час распаўсюдзілася на ўсю краіну як частка прапагандаваных установамі культуры «провадаў рускай зімы». Тым не менш, нельга сказаць, што гэта небеларускі звычай. Напрыклад, у Любанскім раёне пудзіла праносілі па вёсцы, а жыхары прывязвалі да яго стужкі, казалі «грахі павязваць». Выдатная магчымасць пазбавіцца ад любога негатыву! Пішыце нататкі і мацуйце іх да лялькі, трымайце ў галаве свае самыя зласлівыя думкі... Ляльку можна зрабіць сямейным ці сяброўскім колам са старых рэчаў. Калі супрацьпажарная бяспека не дазваляе, можна не паліць, а ўтапіць, разарваць, раскідаць — галоўнае, каб вам стала псіхалагічна лягчэй.
2. Пакатайцеся на чым-небудзь
Беларуская Масленіца — гэта самыя розныя катанні: з горкі, на конях, на «круцёлцы» (адмысловай каруселі), гойданне на арэлях... Ідэя ў тым, каб імклівы рух сімвалічна абудзіў прыроду, наблізіў вясну. А вясна нам трэба ва ўсіх сэнсах, праўда?
3. Гатуйце разам
Збярыцеся сям’ёй ці з сябрамі, напячыце бліноў, зрабіце тварожысты сыр з кіслага малака (трэба адтапіць на пліце і адціснуць сыроватку). Агулам на Масленіцу елі шмат, бо наперадзе чакаў сямітыднёвы Вялікі пост. Цяпер для нас малочныя прадукты — штодзённая ежа, а калісьці былі святочным ласункам. Прыпасаць масла і тварог, каб хапіла на Масленічны тыдзень гаспадыні пачыналі яшчэ з лета папярэдняга году. Сёння кожны сам вырашае, што павінна быць на яго святочным стале: нейкая экзотыка ці больш традыцыйная ежа. Проста не варта забывацца, што застолле — гэта не толькі ежа, а яшчэ і магчымасць пабыць са сваімі блізкімі.
4. Запрашайце гасцей і самі не сядзіце дома
Увесь Масленічны тыдзень у беларускіх вёсках доўжыліся застоллі і гасцяванні. Таму не забудзьцеся праведаць родных і сяброў, якіх вы даўно не бачылі! Калі ў буднія дні цяжка выбрацца, то цяпер — самы час!
5. Паспрабуйце трымацца ў вясёлым настроі
Зразумела, што гэта цяжка для кожнага чалавека, які рэгулярна чытае навіны, але свята — значыць, трэба! Мы не заклікаем зусім вылучыцца з інфармацыйнай павесткі, проста паспрабаваць часова сканцэнтраваць увагу на іншых рэчах. Весялосць на Масленіцу ва ўяўленні нашых продкаў мела рытуальнае значэнне і спрыяла дабрабыту на ўвесь наступны год.
Алена Ляшкевіч, budzma.by