78-гадовы пэнсіянэр Анатоль Шуневіч зьбірае зьвесткі пра землякоў, пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсій – паведамляе Свабода.
Яшчэ ў савецкія часы ён пачаў запісваць успаміны нашчадкаў рэпрэсаваных, і з гэтых аповедаў праступіла страшная праўда: свае «Курапаты» ёсьць і ў Лепелі.
Выклікалі ў райкам партыі і загадалі «не чапаць гэтую тэму»
Анатоль Шуневіч жыве на ўскрайку Лепеля. Вокны выходзяць на дагледжаны садок — вішні, грушы, яблыкі ды вінаграднік, некалькі гатункаў. У гэтай справе спадар Анатоль знаўца: па адукацыі ён аграном-эканаміст, выкладаў у Адэскім сельскагаспадарчым інстытуце. Праўда, не аграномію ці садаводзтва, а «Кіраваньне» ды «Асновы навуковай арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва» — быў такі прадмет у савецкія часы.
Спадар Анатоль добра гаворыць па-беларуску, хоць сам ён так ня лічыць: маўляў, надта мала моўнай практыкі. Але беларуская для яго родная, бо нарадзіўся ў тутэйшых мясьцінах — у вёсцы Валова Гара Лепельскага раёну. Зь дзяцінства ведаў: некалькі сем’яў у ягонай вёсцы ды ў суседніх Барсуках — гэта сем’і рэпрэсаваных, высланых або расстраляных у гады сталінскага тэрору за «антысавецкую агітацыю» або «шпіянаж на карысьць Польшчы».
У 1980-я вырашыў занатаваць іхныя ўспаміны, кажа Анатоль Іосіфавіч:
«Я пераехаў у Лепель, бо адэскія лекары сказалі: „У цябе слабае сэрца. Едзь туды, дзе нарадзіўся. Там даўжэй пражывеш!“ Паехаў на малую радзіму і ўбачыў, што адзін за адным адыходзяць сваякі рэпрэсаваных. Узяўся зьбіраць іхныя гісторыі, каб засталася памяць хаця б пра гэтых людзей, з Валовай Гары і Барсукоў. Неўзабаве выклікаюць у райкам партыі: ты ж камуніст, а чым займаесься? Глядзі, будуць праблемы! Ня маеш права распытваць пра сталінскія часы, гэта могуць толькі кампэтэнтныя органы! Нехта ўжо „настучаў“. Але я сказаў, што нічога не баюся!»
Пра расстрэлы распавядалі самі сьледчыя
Анатоль Шуневіч прыгадвае, што ў маладосьці працаваў у Лепельскім вузьле сувязі і выпадкова стаў сьведкам споведзі былога сьледчага:
«Гэта было яшчэ да пераезду ў Адэсу, у 1964 годзе. Я працаваў у вузьле сувязі, мы прымалі ўчастак лініі, і падышоў да нас нейкі чалавек нападпітку. Пачаў скардзіцца на жыцьцё — што да вайны ён працаваў у органах НКУС і з вобласьці спускалі плян, колькі трэба «раскулачыць» і колькі арыштаваць «ворагаў народу». Кляўся, што сам нікога не забіў. Але сьледчыя тэлефанавалі ў сельскія саветы альбо калгасы, замаўлялі пэўную колькасьць ахвяраў. Старшыні здаваліся, што ўсіх, каго трэба, ужо арыштавалі, раскулачылі, саслалі, што працаваць ужо няма каму. Тады НКУСаўцы пагражалі: «Можа, сам хочаш пайсьці на Салаўкі?»
Спачатку вынішчалі беларускіх каталікоў: іх вінавацілі ў шпіянажы на карысьць Польшчы. Потым тых, хто не сябраваў з калгаснымі актывістамі. Бо іх і змушалі падпісваць даносы. Нават непісьменных людзей цягнулі, каб ставілі крыжыкі, прыгадвае Анатоль Шуневіч даўнюю размову.
Арышты праводзілі ноччу. Каля весьніц спынялі «крумкача», абкружалі хату, заходзілі ды забіралі ахвяру. Допыты «вінаватых» вяліся ў лепельскай турме, якая й цяпер стаіць амаль у цэнтры гораду. Пасьля прысуду арыштаваных ці скіроўвалі ў Воршу, ці расстрэльвалі ў самім Лепелі. Пра гэта казалі ўсе, хто расказваў Шуневічу пра сваіх рэпрэсаваных сваякоў.
67 рэпрэсаваных з 300 жыхароў дзьвюх вёсак
Анатоль Іосіфавіч кажа, што самай першай запісаў гісторыю раскулачанага Міколы Казлоўскага з Валовай Гары. Размаўляў зь ягонай дачкой Петрунэляй, цяпер ужо нябожчыцай. Яна казала, што бацька быў добры гаспадар, пісьменны, чытаў кнігі па аграноміі. У 1930-я жыта зьбіраў па 200 пудоў з гектара, а ў калгасах тады змагаліся толькі за 100-пудовы ўраджай. На сенакос ды жніво наймаў работнікаў і плаціў за дзень столькі, колькі калгасьнікі зараблялі за год.
Аднойчы прыехаў міліцыянт з калгаснымі актывістамі, выгналі з хаты ўсю сям’ю і забралі бацьку. Жывёлу адвялі ў калгас, пчаліныя калоды разбурылі, сад высеклі. Бацьку ў Лепельскай турме катавалі, патрабавалі грошы, золата. Зразумеўшы, што нічога не дамогуцца, аддалі паўжывога пад расьпіску, і праз два гады ён памёр.
Трапіў пад рэпрэсіі і Язэп Цяліца, дзед Анатоля Шуневіча. Яго забіралі двойчы. Першы раз у 1933 годзе — за тое, што брат Франак быў удзельнікам Слуцкага паўстаньня, а потым жыў у Заходняй Беларусі. Адправілі на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу. Калі дзед там захварэў, то яго занесьлі ў вагон і накіравалі дамоў паміраць. Але сям’я выхадзіла дзеда Юзіка.
Другі раз уратавацца ад сьмерці не ўдалося, гаворыць спадар Анатоль:
«У 1937-м дзеда зноў арыштавалі — за сувязь з польскай выведкай. Трымалі ў Лепельскай турме, потым павезьлі ў Воршу. У сьнежні 1938-га ў аршанскую турму прыехала Надзея Крупская, жонка Леніна. Яна зьвярнула ўвагу на дзеда, бо ў яго была доўгая прыгожая барада. Выслухала яго і зразумела, што ён не вінаваты. Загадала выпусьціць. Але назаўтра яго расстралялі».
Ніхто не чакаў, што Крупская вырашыць праверыць, ці выканалі яе распараджэньне. Быў разбор, і бабулі прыслалі даведку, што дзед сам памёр у турме і што быў невінаваты. Заплацілі нават 2 тысячы рублёў кампэнсацыі. І толькі ў 1983 годзе прыйшла папера, што насамрэч яго расстралялі«.
Прапанаваў запісы Быкаву, той сказаў: «Пішы кнігу сам!»
Анатоль Шуневіч сабраў сьведчаньні пра 67 чалавек, непасрэдна пацярпелых ад рэпрэсій, — сасланых або расстраляных.
Аднойчы ён паехаў у Менск, каб сустрэцца з Васілём Быкавым, і прапанаваў яму свае матэрыялы. Але Васіль Уладзіміравіч сказаў, што сваю кнігу Анатоль Шуневіч мусіць напісаць сам. Кнігі такой яшчэ няма, але частка ўспамінаў была надрукаваная ў газэце «Літаратура і мастацтва» і ў самвыдатаўскай газэце «Прамень». Яе выдавала ў канцы 1980-х лепельская рада Беларускага народнага фронту на чале зь краязнаўцам Уладзімерам Шушкевічам.
Той таксама цікавіўся гісторыяй рэпрэсаваных. Ягонага дзеда расстралялі «за шпіянаж» у Воршы. Спадар Уладзімер езьдзіў на верагоднае месца расстрэлу — на Кабыляцкую гару, дзе ствараецца самаробны мэмарыял. Цяпер каля вялікага каменя-помніка ёсьць і шыльда, усталяваная спадаром Уладзімерам у памяць пра «польскага шпіёна» Цярэнція Шушкевіча.
Уладзімер Шушкевіч прапанаваў Анатолю Шуневічу надрукаваць сабраныя матэрыялы ў сваім блогу на сайце lepel.by. Так зьявіўся цыкль «Генацыд на Лепельшчыне». У блогу Ўладзімера Шушкевіча выйшлі і ўспаміны ўраджэнца Лепельшчыны Івана Рысака. Ён апісаў гісторыю арышту свайго бацькі, Віктара Восіпавіча, расстралянага як «польскага выведніка». Месца расстрэлу ў афіцыйнай даведцы не пазначана, але сын упэўнены: гэта адбылося ў Лепелі.
«Лепельскія Курапаты» — у былым садзе «Дынама»
«За турмой была канава. Вельмі зручна: вывеў вязьняў з турмы, расстраляў, і нікуды ня трэба везьці — можна хоць за нагу адцягнуць і там закапаць. Маці расказвала, што непадалёк знайшла наган, які згубіў нейкі НКУСавец. Мне дагэтуль уяўляецца страшная карціна: п’яны кат (а НКУСаўцам заўжды пастаўлялі сьпірт „для храбрасьці“) толькі што выканаў сваю працу, спатыкнуўся, згубіў наган… Той самы, зь якога толькі што застрэліў бацьку», — прыгадвае Іван Рысак.
Ва ўспамінах землякоў, сабраных Анатолем Шуневічам, ёсьць шмат сьведчаньняў пра расстрэлы ў Лепельскай турме і на навакольнай тэрыторыі, якая пазьней стала гарадзкім садам. У час вайны тут адбываліся ўжо расстрэльвалі фашысты.
У 1967 годзе, падчас будаўніцтва на гэтым месцы сярэдняй школы № 3, экскаватары цэлымі каўшамі даставалі зь зямлі чалавечыя косьці. Чарапамі зь дзіркай у патыліцы тагачасныя савецкія падлеткі ліха гулялі ў футбол… Пасьля парэшткі некуды вывезьлі, а забойствы безыменных ахвяраў агулам сьпісалі на фашыстаў.
100 рублёў кампэнсацыі за расстралянага бацьку
«Палеглым у час вайны ёсьць помнікі ці не на кожнай плошчы, але ніякай згадкі пра рэпрэсаваных у Лепелі няма. Дзясяткі размоваў давялося мне правесьці зь іх нашчадкамі. І толькі тры чалавекі адмовіліся гаварыць: камуніст-вэтэран і дзьве жанчыны, зь іх адна ўвогуле адраклася ад бацькі. Вось на чым трымалася савецкая ўлада: на страху, на маўчаньні, на добраахвотным бяспамяцтве», — кажа Анатоль Шуневіч.
Ня ўсіх сваякоў ён пасьпеў апытаць: многія дзеці рэпрэсаваных, пражыўшы нялёгкае жыцьцё бязбацькавічаў, ужо пакінулі гэты сьвет. Ефрасіньні Стэльмах, апошняй з прамых нашчадкаў, дачцэ расстралянага Карла Цяліцы з Барсукоў, ужо 95. У 1989 годзе за расстралянага бацьку яна атрымала 100 рублёў кампэнсацыі…
Спадар Анатоль ня раз чуў ад людзей, што вязьняў турмы расстрэльвалі і дзесьці на беразе Лепельскага возера. Але бязь сьведак тое месца ўжо ня знойдзеш.