На фотаздымках удзельнікаў Паўстання 1863 года мы часта бачым паўстанцаў і спачуваючую публіку, апранутых у кунтушы, жупаны, з шабляй-карабэлай ці ядвабным пасам. Маладзёны, часам нават паненкі — у «канфедэратках». Такая сабе эклектыка ў модзе.
Адкуль усё гэта?
Расказвае вядоўца праекта «Сармат», акцёр, рэжысёр, выкладчык гістарычнага фехтавання Васіль Калач.
Расшыфроўка відэа
Вопратка была адзнакай свядомай патрыятычнай пазіцыі. У найбольш цяжкія часы — у канцы XVIII ст., падчас паўстання 1830–1831-га, падчас паўстання 1863-га старыя формы адзення вярталіся. Бо за імі хаваліся часы славы і моцы, часы Рэчы Паспалітай.
На мяжы XVI–XVII стагоддзяў у мастацтве Рэчы Паспалітай склаўся тып параднага партрэта, часам ва ўвесь рост — «сармацкі партрэт». Іх найчасцей пісалі для фамільных галерэяў Радзівілаў, Сапегаў, Патоцкіх, Пацаў, Тышкевічаў і г. д. Акцэнт быў на шык, бляск і дзяржаўныя заслугі героя — з дадаткам гербаў і дэвізаў. Дзякуючы гэтым партрэтам мы ведаем да дробязяў пра касцюм эліты ўсёй нашай краіны ў XVI–XVIII стст.
Але адкуль узяўся гэты стыль? Ад часоў Баторыя да нас прыйшла мода на ўсходні стыль адзення, арыенталізм. Спачатку проста мода, пазней — трывалая азнака прыналежнасці да шляхты.
Золата, шоўк, аксаміт, дарагія футры — усё гэта ўразіла нават турэцкага султана, які ў 1621-м, пасля Хоцінскай бітвы, прымаў дыпламатаў Рэчы Паспалітай. Для жыхароў Заходняй Еўропы сармацкі касцюм нашых «паноў» таксама атаясамляўся з Усходам.
Калі «сарматызм» як ідэалогія быў адсылам да антычнасці, то чыста візуальна ўсё нагадвала хутчэй выгляд туркаў або татараў. Паголеная галава, даўгі чуб, вусы, расшыты кунтуш — старажытныя сарматы, як-ніяк, усходні народ. Да ўсяго іншага туркі — гістарычныя ворагі Рэчы Паспалітай. Але вораг, да якога ты маеш павагу. Перамагчы яго — гонар, таму і быць падобным да яго ані разу не сорамна.
Гэта, дарэчы, не адзінкавы такі гістарычны феномен пераймання знешнасці суперніка. Самае простае — мода на каўказскія буркі і кінжалы ў царскай расійскай арміі: бо ваявалі з горцамі. Элементы арабскага строю і тыя ж фескі ў французаў, бо тыя ваявалі ў Паўночнай Афрыцы. Карацей, у гісторыі так бывала неаднойчы.
Элементы сармацкай вопраткі збольшага турэцкія і вугорскія.
Армяк — татарскае слова, гэта адзенне з поўсці вярблюда.
Епанча — турэцкае слова, шырокі доўгі плашч з башлыком.
Даламан — чырвоны плашч турэцкіх янычараў.
Феразь — верхняе адзенне накшталт халата.
Нават звыклыя нам жупан, зіпун і шуба маюць арабскае паходжанне!
Як пісаў гісторык Януш Тазбір: «Чым багацей шляхціч, тым больш ягоны ўбор нагадваў строі турэцкіх вяльможаў і нават султана».
У сярэдзіне XVII ст. у нас стае папулярным кунтуш. Яго перанялі ў вугорцаў, а вугорцы — з Усходу. Гэта такі верхні каптан з адкіднымі рукавамі, наплечнае адзенне. Рукавы маглі закідваць за плечы. Былі яны летнія (шаўковыя) і зімовыя (на футры).
Дадамо сюды аксамітны жупан і доўгія нагавіцы, якія запраўляліся ў боты — вось вам касцюм для ўсіх станаў шляхты і заможных месцічаў ажно да канца XVIII ст.!
Абавязковы элемент шляхецкага касцюма — і мужчынскага, і жаночага — кашуля ці сарочка. З імпартнага або даматканага палатна, у залежнасці ад фінансавых магчымасцяў. Было і сваё якаснае: у другой палове XVIII ст. у нас паўстае цэлы шэраг суконных мануфактураў-фолюшаў — Нясвіж, Ружаны і г. д. Дарэчы, адзін з раёнаў Гродна дагэтуль мае назву — Фолюш. Так, гэта акурат праз суконныя мануфактуры таго часу.
Ян Сабескі, напрыклад, заўжды хадзіў у кунтушы і жупане. Што ў палацы, што падчас бітвы пад Венай — з туркамі, дарэчы — і нікога гэта не напружвала. Караль Радзівіл, Пане Каханку, нават пад канец XVIII ст., калі вакол панавала еўрапейская мода, падкрэслена апранаўся ў блакітны жупан ды кунтуш саламянага колеру. А паколькі хадзіў ён так у Альбе пад Нясвіжам, то касцюм называлі — «альбінскі». Улетку ж апранаў звыклы сялянскі строй: казаў, што ў ім зручней, чым у «французскім».
Антаганістам сармацкаму быў акурат «французскі строй». І гэта не з канца XVIII стагоддзя — два стылі існавалі паралельна значна раней.
Вось партрэт маладога князя Уладзіслава Дамініка Заслаўскага-Астрожскага, напісаны ў 1630-х. Паглядзіце на гэтую раскошу — акурат на часы мушкецёраў і кардынала Рышэлье. Даўгія валасы (калі не маеш, то насілі парык). Куртачка-пурпуэн з завышанай таліяй. Банты. Карункі. Шырокія рукавы. Нагавіцы-кюлоты, завужаныя да каленаў. І ўсё гэта вышытае шоўкам і залатой ніткай.
Але пазней «хіпстар» вырас, нагуляўся — вось ягоны ж партрэт ужо ў сармацкім традыцыйным стылі.
Падобна і з Янушам Радзівілам. Вось ягоны партрэт з 1634 года. Даўгія валасы, карункі, пурпуэн, тое самае. Замест барады — кусцік валасоў (гэта акурат Рышэлье ўвёў такую моду). А вось тут ён ужо вялікі гетман літоўскі — апрануты па-свойму. Доўгі аксамітны жупан. Падбітая чорным футрам, чырвоная дэлія на плячах. Падпярэзаны мяккім персідскім поясам. Саф’янавыя боты з вострымі насамі. Ды і сам твар: па шляхецкім звычаі валасы высока падголеныя, толькі на макушцы — традыцыйны чуб. Ніякай бародкі ўжо няма, замест яе даўгія вусы. Вось гэта я разумею — свой чалавек! Карацей, сармацкі стыль — гэта не таму, што не маглі дазволіць сабе заходнюю «шмотку». Наўпрост любілі сваё!
І яшчэ — цікавае. Сеймы Рэчы Паспалітай некалькі разоў рэгламентавалі, хто і што можа насіць. Пастановай 1620 года асобам нешляхецкага звання было забаронена насіць золата, срэбра, пярліны, каштоўныя футры, а таксама шаблі і рапіры. Дома — калі ласка, на вуліцы — не. А чаму? Бо ты круты хлопец не тады, калі маеш грошы. А калі ты — шляхціч.
На што мы забыліся? Правільна. На слуцкія паясы. Шаўковыя паясы, персідскія ці кітайскія, былі абавязковым атрыбутам шляхецкай моды. У Рэч Паспалітую іх везлі з Усходу праз Галічыну — Заходнюю Украіну. Купцы, якія везлі — галоўным чынам армяне, але таксама туркі і грэкі. Кошты былі проста шалёныя: ад 4 да 500 (!!!) залатых дукатаў.
Гэта залатая жыла, таму — лагічна — трэба рабіць у сябе, бліжэй. Спачатку ў Львове паўстае некалькі «персіярняў» — мануфактураў. Радзівілы таксама «прасяклі фішку». Па даручэнні Мікалая Казіміра Рыбанькі майстры Іосіф Барсук, Тамаш Хаецкі і Ян Гадоўскі едуць на вучобу ў Станіслаў (сёння Івана-Франкоўск).
Не толькі там вучацца, але прывозяць з сабой персідскія, кітайскія і стамбульскія станкі. І галоўнае — запрашаюць майстра — Яна Маджарскага. Ён армянін, таму прозвішча ў арыгінале — Маджэранц. Так, у палове XVIII ст. у Слуцку, які належыць Радзівілам, паўстае «персіярня». Ян Маджарскі, згодна з кантрактам, павінен быў рабіць «пасы з квятамі, манаграмамі, золатам, срэбрам, шоўкам, паводле пададзенага абрысу». Ды — вучыць «рабоце персідскай» нашых майстроў. Чым той і заняўся. Пра род Маджарскіх, дарэчы, нядаўна выйшла кніга — пры нагодзе пацікаўцеся.
Слуцкія паясы былі простыя — з шаўковых нітак. Паўлітыя — да шоўку дадавалі залатыя і срэбныя ніткі да арнаментаў. Ну і літыя, то-бок цяжкія: золата ішло паверх шаўковай асновы. Найбольш дарагія мелі ў сабе да 2 фунтаў — амаль кілаграм — золата! Звычайна паясы былі двухбаковыя: з аднаго боку светлы, з іншага цёмны. Даўжыня вагалася ад 2 да амаль 5 метраў!
Калі паясы зношваліся, іх ніхто не выкідаў. Нават фрагменты маглі ахвяраваць як устаўкі да святарскіх арнатаў. Настолькі каштоўная рэч.
Лішне казаць, што слуцкі пояс стаў сімвалам залатых часоў нашай гісторыі. Тут вам і «Слуцкія ткачыхі» Багдановіча — хоць ткалі ў рэальнасці мужыкі. І сам арнамент, які выкарыстоўваўся... дзе ён толькі не выкарыстоўваўся! Нават у аздобе ліхтароў пасляваеннага Менску. Карацей, гэта шык і наш нацыянальны брэнд.
І тут — напрыканцы — вы можаце цалкам справядліва спытаць: Ну-у-у-у, а дзе пра жаночую вопратку?..
А пра жанчын, панове, пані і паненкі, у нас будзе асобная серыя.
Дачакайцеся, калі ласка.
Папярэднія выпускі гістарычнага серыялу «Сармат» глядзіце па спасылцы.
Глядзіце гістарычны цыкл «Сармат», дзяліцеся ўражаннямі ў каментарах пад відэа, дасылайце нам свае прапановы і ідэі для наступных выпускаў на электронную пошту thebudzma@gmail.com або ў тэлеграм-бот @BudzmaSuviaz_Bot.
Новыя серыі відэапраекта «Сармат» будуць выходзіць на нашым ютуб-канале штопятніцу. Падпісвайцеся на канал, каб не прапусціць.
Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.