23 лістапада адзначаецца 105-годдзе ўтварэння Літоўскай арміі. І гэтая падзея значная не толькі для літоўцаў, але і для беларусаў. У Коўне прайшла навуковая канферэнцыя, прысвечаная беларускім аддзелам літоўскага войска. Гэтыя падзеі не надта вядомыя сучасным беларусам, між тым найвышэйшую вайсковую ўзнагароду Літвы — крыж Віціса — атрымалі 54 нашыя суайчыннікі. І, як аказваецца, у міжваеннай Літве быў нават, можна сказаць, Дзень беларуская ваяра.
Людміла Арастовіч на канферэнцыі ў Коўне
Канферэнцыю «Беларусы ў літоўскім войску. Асобы. Падзеі. Лёс» 2 снежня зладзілі беларуская «Сябрына Коўна», клуб «Ліцвіны» і ваенны музей імя Вітаўта Вялікага ў Коўне.
Беларускія падраздзяленні ў літоўскай арміі: яны ведалі, «супраць каго» ваяваць
Валдас Ракуціс
Як зазначыў падчас адкрыцця канферэнцыі дэпутат сейма Літвы Валдас Ракуціс, беларусаў у наваствораную літоўскую армію прыцягвала найперш магчымасць змагацца супраць бальшавізму, яны ведалі, «супраць каго» ваяваць, але што да візіі «за што» — тут заставаліся пытанні.
Як распавёў у сваім выступе прадстаўнік ковенскай беларускай суполкі Зміцер Бусел, першапачаткова склад літоўскага войска задумваўся ў прапорцыі 2:1 — дзве літоўскія адзінкі да адной беларускай. У снежні 1918 года пачаў фармавацца Беларускі полк пяхоты, спачатку ў Вільні, потым быў пераведзены ў Гродна.
Зміцер Бусел
«Гэты перавод быў палітычным рашэннем: каб захаваць Гродна пад літоўскім уплывам і не здаць горад палякам. Было некалькі эпізодаў канфрантацыі з польскімі структурамі пасля адыходу немцаў, полк мусіў быць пераведзены ў Мар’ямпале, але замест гэтага быў увогуле расфармаваны, — паведаміў Зміцер Бусел. — Але ў Коўне месцілася пятая рота гэтага палка, на яе базе была створана асобная беларуская рота, якая вырасла ў асобны Беларускі батальён. У 1920 годзе батальён выконваў задачы па ахове дэмаркацыйнай лініі ля Браслава. Потым батальён вярнуўся ў Коўна, у 1921-м выконваў ахову мяжы ля Мар'ямпале. У тым жа 1921 годзе літоўскія ўлады сталі падазраваць батальён у сувязях с польскім войскам, некалькі афіцэраў былі арыштаваныя. Віна іх не была даказаная, яны былі адпушчаныя. Пасля гэтага батальён быў расфармаваны і сфармаваны наноў — з яго былі выключаныя ўсе вайскоўцы, якія не размаўлялі альбо па-беларуску, альбо па-літоўску. З гэтага часу асноўнай афіцыйнай мовай батальёну стала беларуская. У 1922 годзе батальён зноў перавялі пад Мар’ямпале і перафармавалі ў асобныя роты са змяншэннем колькасці вайскоўцаў. Улетку 1923 года беларускія роты былі канчаткова расфармаваныя».
Выбітныя асобы Беларускага палка арміі Літвы
Людміла Арастовіч
Выступ Людмілы Арастовіч, сяброўкі беларускага клубу «Ліцвіны», быў прысвечаны выбітным людзям Беларускага палка арміі Літвы.
«Канечне, там былі сотні выбітных, але мой даклад тычыцца дзвюх персон — Аляксандра Ружанцова і Кастуся Езавітава», — зазначыла Людміла Арастовіч.
Аляксандр Ружанцоў паходзіў са Смаленскай губерніі. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1918-м у Смаленску мабілізаваны ў Чырвоную Армію, прызначаны камандзірам палка, што вёў баявыя дзеянні ў Беларусі і Літве. У 1919-м перайшоў на літоўскі бок.
Аляксандр Ружанцоў. Фота: wikipedia.org
«Аляксандр Ружанцоў разумеў, што вельмі важна займацца гістарычнай асветай сярод вайскоўцаў, дзеля гэтага стварыў гістарычную камісію, выпускаў часопіс «Варта Бацькаўшчыны» на беларускай мове, — распавяла Людміла Арастовіч. — Вялікая частка тых, хто ўступаў у беларускія вайсковыя фармаванні літоўскай арміі, не асабліва атаясамлівала сябе з беларусамі, мала хто з афіцэраў ведаў беларускую мову, мала хто цікавіўся мінулым Беларусі. Яны проста ішлі змагацца супраць бальшавікоў. Таму Ружанцоў лічыў вельмі важнай асвету вайскоўцаў. Таксама ён вёў дзённік цягам усёй сваёй службы ў Літоўскай арміі. Усё, ім напісанае тады, зараз знаходзіцца ў архівах Коўна і Вільні. Дарэчы, прага да пашырэння самаідэнтыфікацыі падначаленых як беларусаў каштавала яму 7 тыдняў зняволення. Моцная прабеларуская пазіцыя Ружанцова тады занепакоіла літоўскае кіраўніцтва. З узнагарод Ружанцоў мае два Крыжы Віціса».
Аляксандр Ружанцоў апекаваўся дэмабілізаванымі жаўнерамі. Вядома, што ён пісаў лісты з рэкамендацыямі па іх працаўладкаванні. Пасля Другой сусветнай з’ехаў у ЗША, але і там працягваў працаваць на беларуска-літоўскай ніве, быў перакладчыкам шэрагу кніг з беларускай на літоўскую.
Кастусь Езавітаў, які паходзіць з Дзвінска (цяпер латышскі Даўгаўпілс), вядомы нам як выбітны дзеяч БНР: «Калі літоўцы прапанавалі яму пасаду камандуючага Першага беларускага пяхотнага палка Літоўскай арміі, то Кастусь Езавітаў звярнуўся за афіцыйным дазволам да прэм’ера БНР. Ён зазначаў, што прыняў літоўскую прапанову не як паручнік расійскага войска, а як палкоўнік БНР».
Урад БНР, Кастусь Езавітаў - у першым шэрагу, другі злева. Фота: wikipedia.org
Кастусь Езавітаў быў «адным з нешматлікіх афіцэраў, якія былі прыхільнікамі беларускіх вайсковых рэформ, уводзіў каманды па-беларуску, браў удзел у выпуску газеты «Бацькаўшчына», арганізоўваў нацыянальныя вечарыны». За першы месяц яго камандзірства ў Беларускі полк арміі Літвы ўступілі 495 жаўнераў. Пры гэтым, калі ён з’ехаў у службовую камандзіроўку, то на яго паступіла скарга ад некаторых афіцэраў і жаўнераў, што ён замест барацьбы з бальшавікамі займаецца «тайнымі дзеяннямі», пад якімі, верагодна, мелася на ўвазе ягоная прабеларуская праца.
Дзень беларускага ваяра ў Літве
У 1919 годзе ў Літве было ўтворана Беларускае ваеннае бюро — праз некалькі месяцаў пасля стварэння літоўскай арміі. Бюро рэгістравала беларускіх добраахвотнікаў, забяспечвала навучанне, накіроўвала ў полк. З лютага па кастрычнік 1919 года ў шэрагі літоўскай арміі быў накіраваны 1161 афіцэр і салдат. 820 чалавек пайшлі ў беларускія часткі. У 1920 годзе ў Літве быў афіцыйна прызначаны Дзень беларускага батальёна — 27 лютага. Вайскоўцы атрымлівалі віншаванні ад грамадзянскіх і ваенных уладаў Літвы, «можна сказаць, у Літве быў Дзень беларускага ваяра».
Удзел беларусаў у баях на баку літоўскай арміі
Беларускія ваенныя фармаванні існавалі ў Літве да 1923 года. За час існавання беларускіх частак у літоўскай арміі 54 беларусы былі ўзнагароджаны Крыжом Віціса (крыжом Пагоні).
Аўшра Юравічуте
Супрацоўніца ваеннага музея імя Вітаўта Вялікага, доктарка гуманітарных навук Аўшра Юравічуце дэталёва паведаміла ўдзельнікам канферэнцыі пра ўдзел беларусаў у баях на баку літоўскай арміі: імёны, канфесійны склад, мова, раненні і г. д. У музеі знаходзіцца крыпта, дзе сярод іншых палеглых за незалежнасць Літвы знаходзяцца і парэшткі беларускіх жаўнераў.
«У нас агульны вораг. І гэта не Пуцін»
«Сённяшняй канферэнцыяй мы толькі пачынаем падымаць пласты гэтай часткі нашай гісторыі. Пры гэтым інфармацыі ў літоўскіх архівах наконт беларусаў у літоўскай арміі — вельмі шмат. Так што мы толькі на пачатку даследаванняў», — зазначыла Людміла Арастовіч.
Напрыканцы канферэнцыі Людміла Арастовіч зачытала адмысловае пасланне да ўдзельнікаў мерапрыемства ад беларускага добраахвотніка, які зараз ваюе ва Украіне, Аляксандра «Кусь» Клачко: «У нас, літоўцаў і беларусаў, як і 100 гадоў таму — агульны вораг. І гэта не Пуцін, як шмат хто можа падумаць. Гэта — імперская Расія і імперскае мысленне людзей, якія сядзяць ці будуць заўтра сядзець у Крамлі. Неістотна, якія ў іх прозвішчы, галоўнае: ці будуць яны лічыць землі Беларусі, Украіны, Літвы і іншых краін сваімі «исконными территориями», а нашы родныя мовы — штучнымі і непатрэбнымі».
«Мерапрыемства прайшло на дзвюх мовах — беларускай і літоўскай, што сімвалізуе глыбокую сувязь і супрацоўніцтва паміж народамі. Гэта была не толькі падзея для ўшанавання мінулага, але і для нагадвання пра значэнне гістарычнай салідарнасці ў сучасным свеце», — сказала ў заключэнне Людміла Арастовіч.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org