Як у Мінску кельцкае свята «Бельтайн» адзначылі

03.05.2021 Культура

У першую суботу траўня ў мінскім Батанічным садзе прайшоў фестываль кельцкай культуры «Бельтайн», піша Новы Час. Гэты фэст вельмі чакалі. Людзі сумавалі па «руху», па канцэртах, па добрым надвор’і. І вось 1 траўня ўсё супала!



З раніцы даволі шмат людзей упэўнена запаўнялі месца побач са сцэнай, цікавіліся інтэрактыўнымі гульнямі, частаваліся разнастайнай ежай. Занятак сабе знаходзіў кожны.







Вялікай увагай карыстаўся лагер шатландскай пяхоты: вядомыя далёка за межамі Беларусі «шатландцы» з Маладзечна не прапускаюць ніводны фестываль такога кшталту. Дарэчы, як яны сцвярджаюць, многія ўдзельнікі маюць натуральныя шатландскія карані!




Таксама можна было паспрабаваць сябе ў майстар-класе сярэднявечнага ювеліра, навучыцца карыстацца лукам, пазнаеміцца з савой і крумкачом з Цэнтра дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» і шмат чаго іншага.




Увесь час на сцэне фэста ішлі канцэрты альбо гульні з гледачамі. Не давалі сумаваць вясёлай музыкай гурты «Hardwood», «Cloverland», Алесь Чумакоў, «Няміга», Сафія Кананюк, «Без Панікі». 

НямігаНяміга

Алесь ЧумакоўАлесь Чумакоў

Без панікіБез панікі

Сафія КананюкСафія Кананюк

Дзяўчыны студыі этнічнай пластыкі «Кетры», якія выступалі ў перапынках паміж гуртамі, літаральна зачароўвалі гледачоў сваім мастацтвам.





Нястомныя шатландскія ваяры раз за разам наведвалі галоўную сцэну са сваімі гісторыямі. Ну і, канешне, не абышлося без абрання Каралевы Бельтайну!


А калі надышоў час хэдлайнераў фэста, месца побач са сцэнай было знайсці даволі цяжка. Шыкоўныя «PAWA» сваёй музыкай паднялі на ногі амаль усіх. Безумоўна, пасля гэтага канцэрта колькасць фанатаў у іх падвысіцца.


Хуліганістыя «Всё Crazy» нечаста радуюць сваіх прыхільнікаў канцэртамі, але калі яны-такі выходзяць на сцэну, то ўжо выкладваюцца па поўнай і самі, і гледачы. Устаяць на месцы, а тым больш уседзець, немагчыма.


«KaS» кажуць, что граюць мужыцкія песні з беларускім каларытам. Сапраўды так, яны вельмі добра і жыццярадасна паставілі кропку на музычнай частцы фестываля.


Завяршалі гэты дзень відовішчныя выступы фаершчыкаў. А што яны рабілі з агнём — гэта трэба было бачыць!


Новы Час