Алесь Тодараў на budzma.org прапануе 5 практычных парадаў, якія дапамогуць вам стаць самадастатковымі.
Самадастатковасць — гэта ключ да поспеху ў любой справе, або да камфортнага жыцця. Асноўная праблема большасці людзей — адсутнасць павагі да сябе і нізкая самаацэнка, якія не дазваляюць у поўнай меры раскрыць увесь свой патэнцыял. Прапануем пяць парадаў, якія дапамогуць вярнуць вам самадастатковасць.
1. Будзь шчыры сам-насам!
Як правіла, калі чалавек кепска робіць сваю працу, ён скардзіцца: «Вы хаця б можаце ўявіць, як мала мне плацяць за гэтую працу?» Вядома, ведаем. Але мне здаецца, што тут усё вельмі проста: не задавальняе праца — звальняйся. І так павінна быць ва ўсім.
Не адчуваеце сябе шчаслівым з партнёрам — расставайцеся. Мабільны аператар стаў горш працаваць — мяняйце яго. Кепска пачуваецеся маральна — займіцеся сваім унутраным светам. Адчуваеце, што паправіліся — запішыцеся ў спартовую залю, пачніце бегаць па раніцах. Рабіце хаця б што-небудзь, а не толькі скардзіцеся на жыццё.
Калі ж вы нічога не робіце, значыць, вас усё задавальняе ў канкрэтны дадзены момант. Не хлусіце самому сабе — вам насамрэч камфортна. Ды яшчэ і як! Камфортна плакацца. Камфортна скардзіцца. Камфортна пакутаваць. Камфортна, каб вас вечна суцяшалі. Камфортна, калі за вас усё робяць і прымаюць важныя рашэнні. Камфортна быць абыякавым да свайго жыцця. Гэта ваша зона камфорту. Быць у дрыгве — ваш асабісты куток стабільнасці.
Не выбіраць — гэта таксама выбар. Пакінуць усё як ёсць — таксама рашэнне. Калі жывяце так, паважайце свой выбар, жывіце годна, не скардзіцеся. Знайдзіце перавагі, плюсы, атрымлівайце задавальненне ад свайго жыцця. Але толькі не ныйце.
Прызнайце: зараз вы там, дзе хочаце быць. У гэтым праўда!
Дысцыпліна ў роўнай ступені залежыць ад таго, што вы робіце, і ад таго, што вы адмаўляецеся рабіць. Для гэтага патрабуецца мужнасць. Кожны дзень. Не так проста сказаць сабе «не». Не так проста адгаварыць сябе зрабіць тое, што аблегчыць вам жыццё ў дадзены момант.
Неабходнай умовай для самарэалізацыі з’яўляецца шчырая накіраванасць. Але пакуль вы зацікаўлены ў вашым цяперашнім ладзе жыцця, вы будзеце ўхіляцца ад апошняга ад скачка ў невядомасць.
2. Не бойцеся казаць «не»
У наступны раз, калі вам прадставіцца нейкая новая магчымасць або нехта папросіць аказаць паслугу, добра падумайце, перш чым узяць на сябе нейкія абавязацельствы. Калі вы адчуваеце, што павінны пагадзіцца, вырашыце, ад чаго вам давядзецца адмовіцца наўзамен.
Выбіраючы паміж двума варыянтамі, памятайце, што заўсёды ёсць трэці — не рабіць нічога. І ў многіх выпадкаў лепш за ўсё адказаць «не» на абедзве прапановы.
3. Пераасэнсуйце негатыўныя сітуацыі
Усе мы часам церпім няўдачы. Але лідары не дазваляюць няўдачам спыніць іх. Замест гэтага яны пераасэнсоўваюць сітуацыю і імкнуцца зірнуць на яе па-іншаму.
Таму і вам лепш проста падумаць, як выправіць становішча і пазбегнуць правалу ў наступны раз, чым марнаваць час на разважанні аб тым, што вы зрабілі няправільна, і дакараць сябе за промахі.
4. Няўдача яшчэ не канец свету
Калі вы ўвесь час думаеце аб тым, што іншыя людзі будуць думаць пра вас, калі вы перажываеце няўдачу, то вам варта неадкладна спыніцца.
Няўдача — гэта натуральны працэс, але не сігнал аб канцы свету. Калі вы пацярпелі няўдачу, то неба не абрынецца на зямлю, а вашае жыццё не абарвецца. Усвядомце гэтую ісціну. Так, вядома, крыўдна і непрыемна. Але гэта яшчэ не фініш.
Звярніце ўвагу на знакамітых і паспяховых людзей. Многія з іх не раз і не два цярпелі няўдачы ў сваім жыцці. Але гэта не спыніла іх на шляху да сваёй мэты. Калі не верыце, то ўважліва перачытайце або пераглядзіце гутаркі з імі. Амаль кожны расказвае пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаўся на жыццёвым шляху.
Да ўсяго няўдача заўсёды дапамагае нам даведацца каштоўныя ідэі, якія могуць прывесці да пазітыву, каб стаць яшчэ больш паспяховым у жыцці.
Так што не дазваляйце страху няўдачы стрымліваць вас.
Самы лепшы варыянт — успрымаць няўдачу як выклік!
5. Верце ў сябе
Самае галоўнае ў вашым жыцці — гэта вера ў сябе самога.
Калі ў вас насамрэч усё добра атрымліваецца, то вам няма патрэбы выхваляцца і нешта даказваць іншым.
Калі вы сапраўды моцны духам чалавек, а перакананні вашыя трывалыя, то вам няма патрэбы лезці ў спрэчкі, каб нешта некаму даказаць.
Калі вы сапраўды кагосьці кахаеце, то вам не трэба на кожным рагу крычаць аб гэтым.
Запомніце, чалавек становіцца самадастатковым толькі тады, калі ён упэўнены ў сабе і ведае, на што здольны сам, а не прымушае іншых паверыць у гэта.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org