Пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» citydog.by разам з Сяргеем Краўчанкам працягваем падарожжа па гістарычнай спадчыне Беларусі і закутках памяці. На чарзе апошні выпуск у гэтым сезоне – на паўночны ўсход.
У гэтым маршруце мы пракоцімся па нешматлікіх руінах усходу ў ваколіцах Оршы – па рэгіёне Беларусі, дзе ў найбліжэйшыя 5 гадоў чакаецца нешта накшталт эканамічнага цуду. Будзем спадзявацца, што за ім услед хоць трохі ажывуць кранальныя муміі культуры і асветы. Самі ж звернемся да мінулага, ад якога тут засталіся цагляныя абрубкі, знясіленыя храмы і безыменныя брацкія магілы, пра якія не ўсе хочуць памятаць.
Беларусі і ўсім яе папярэднім увасабленням дасталася багатае на падзеі і чымсьці падобнае на скрыжаванне геаграфічнае становішча. З часоў Полацкага княства, што прымасціліся на гандлёвым шляху з поўначы на поўдзень, праз гэтую тэрыторыю тудэма-сюдэма хадзілі, плавалі і беглі людзі з самымі рознымі намерамі. Хтосьці з таварам у пагоні за нажывай, хтосьці з верай у пошуках паствы і апірышча, хтосьці – са зброяй, каб падпарадкаваць сабе і першых, і другіх.
З часам свет вакол скрыжавання пачаў разбудоўвацца, утварыліся і засяліліся заможненькія і не самыя багатыя мікрараёны, пачаўся рух з захаду на ўсход і наадварот – і скрыжаванне зрабілася ўжо зусім перагружаным. Раз-пораз хтосьці пёр на чырвонае – часцей за ўсё гэта рабілі людзі са зброяй, і тады на скрыжаванні здаралася безліч аварый са шматлікімі ахвярамі і палаючымі пажарамі. Скрыжаванне выгараў ледзьве не з усім сваім дабрабытам, абслуговым персаналам і яго дамамі, затым, крэкчучы, адраджалася, дадавала да свайго арсеналу які-небудзь новы святлафор, знак або разметку, а то і паставога, і пачынала чарговае новае жыццё ў спадзеве, што цяпер ужо будзе парадак.
Але мікрараёны на захадзе і на ўсходзе станавіліся ўсё больш варожымі адно да аднаго, так што з парадкамі ўвесь час было нешта не тое. Разметку ўсё часцей сталі маляваць нейкія вар’яты, карэнныя жыхары скрыжавання знікалі цэлымі сем’ямі, а то і цэлымі народамі, на скрыжаванні раптам забаранялі гаварыць на звыклых мовах і верыць у тое, у што верыць звыкла. Выявілася, што выжыць у гэтым месцы можна толькі будучы перакананым партызанам з належным узроўнем апатыі або амнэзіі, бо інакш – разрыў сэрца з канфіскацыяй. Ну ці эміграцыя, бо жыццё ў буфернай зоне – такое сабе задавальненне.
Талачын мы праедзем міма, даўшы ўсім ахвочым атрымаць асалоду ад яго шарму самастойна. Можна зрабіць гэта і транзітам па шляху да першага пункту маршруту, і, калі помнікі архітэктуры не вельмі зацікавяць (напрыклад, храм базыльянскага мужчынскага манастыра, які ператварыўся ў царкву Свята-Пакроўскага жаночага, – плячыстае віленскае барока ды з залатымі цыбулінамі!), заехаць у фірмовую краму Талачынскага кансервавага. Як мінімум глянуць на фруктова-ягаднае віно пад назвай «Акадэмічнае» – дзіўны прадукт эпохі з лагатыпам Акадэміі навук на этыкетцы, які быццам бы нагадвае ці то пра кон беларускіх акадэмікаў, ці то пра тупіковасць пазнання.
Наша мэта – вёска Галошава на беразе возера Глыбокага (дзе-нідзе яго называюць Глухое), а таксама любоў і пастаянная барацьба з расчараваннем і прыкрасцю, бо даехаць да Галошава трэба яшчэ пастарацца. Раённыя дарогі і грунтоўкі паўзуць міма вельмі бязрадасных сяліб, коцяцца па разгубленых месцах у стане распаду, і ў дрэннае надвор’е тут можна папросту задэпрэсаваць.
Узнагародай за вытрымку і дапытлівасць будзе Баба – каменны крыж, які стаіць пры дарозе на беразе возера. Старадаўні артэфакт, «які нагадвае фігуру жанчыны», як пішуць пра яго, усталяваны на бетонны пастамент і мае вартую легенду, паводле якой сам Хрыстос чамусьці наведваўся у гэтыя мясціны. І ніхто не прызнаў і не прытуліў падарожніка, акрамя толькі адной жанчыны. Раніцай удзячны Месія паклікаў жанчыну з сабой, але загадаў не азірацца – што б тая за сваёй спіной ні пачула. Ну а за спінай пачала правальвацца пад зямлю і ператварацца ў возера негасцінная вёска – як на такое не абярнуцца? Паглядзеўшы назад, жанчына адразу ператварылася ў камень – вось у гэты вось, што стаіць цяпер на бетонным падмурку.
Ёсць і іншая легенда – пра пана, што загадаў забіць конюха, у якога закахалася яго дачка. Даведаўшыся пра гэта, дзяўчына наплакала цэлае возера і сама ж у ім і знікла, а бацька щ роспачы загадаў вычасаць ў памяць пра дачку крыж.
Каменныя крыжы – з’ява ў Беларусі распаўсюджаная. І калі сумныя легенды аб іх з’яўленні здаюцца занадта непраўдападобным, можна схіліцца да афіцыйных версіяў генэзісу: у старажытнасці каменныя крыжы ўсталёўвалі для абазначэння межаў уладанняў, для маленьня (для гэтага каменныя боствы дахрысціянскіх часоў трэба было абчасаць да крыжа), а таксама ў якасці абярэгаў – як абарону ад эпідэмій і іншых бедаў.
Праўда, крыж не выратаваў размешчанае побач возера ад экалагічнай катастрофы: у 2013 годзе воды Глыбокага былі атручаны дустам – і ўсе ягоныя шчупака, ліны і карасі ўраз загінулі. Тады агучваліся дзве версіі трагедыі: халатнасць мясцовага калгасу і яго супрацоўнікаў, якія не закруцілі кранік на бочцы з ДДТ, альбо Вермахт, які захаваў ядахімікаты падчас адступлення. Як бы там ні было, Галошаўскі крыж не абараніў ні ад аднаго, ні ад другога.
Вельмі безабароннай выглядае і старая сядзіба Цюндзявіцкіх, размешчаная на горцы непадалёк, што, мабыць, калісьці дазваляла любавацца возерам і маляўнічымі краявідамі з тэрасаў будынка. Сёння сядзіба выглядае на спустошаную старэчу, што руйнуецца як мінімум пару дзясяткаў гадоў, але не: у 2006 годзе яна была яшчэ цалкам нічога.
Гэта цяпер так не бывае, а пару стагоддзяў таму прадстаўнікі шляхецкага літвінскага роду Цюндзявіцкіх пакінулі самую Вільню дзеля таго, каб асталявацца ў сельскіх пейзажах пад Оршай і Барысавам. Вабіла іх сюды прыгажосць ландшафтаў або надзея на будучы эканамічны цуд – незразумела, але тое, што гэтыя шляхцічы былі патрыётамі сваёй зямлі, а адзін з прадстаўнікоў роду стаяў ля вытокаў паўстання 1863 года, – факт.
Прапаршчык Міхаіл Цюндзявіцкі быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага і займаўся агітацыяй у сялянскім асяроддзі – груба кажучы, чытаў мужыкам «Мужыцкую праўду», за што і быў прылюдна пакараны расійскімі ўладамі ў цэнтры Мінска ўлетку таго ж 1863-га. Пазней, калі да яго магілы ў раёне сённяшняга Паштамта пачалося паломніцтва з тых, хто спачувае паўстанню, ён быў перапахаваны ў невядомым месцы.
Ёсць, дарэчы, здагадка, што маці паўстанца была Ганна Цюндзявіцкая, якая напісала гіперкарысную «Літоўскую Гаспадыню» – кнігу пра тое, як гнаць спірт, малоць муку, даглядаць свінаматку, рыхтаваць саленні і ганяць клапоў – увогуле, на ўсе выпадкі гаспадарчага жыцця.
Нашчадкі і сваякі адважных і гаспадарлівых Цюндзявіцкх пабудавалі ў Галошаве шыкоўную сядзібу: апошнім уладальнікам маёнтка быў Міхаіл Цюндзявіцкі, інжынер па прафесіі, які і пабудаваў дом. Але ўжо праз два дзясяткі гадоў – з пачаткам Першай сусветнай і наступнымі рэвалюцыямі і войнамі – гаспадары пакінулі гэтыя землі назаўсёды. З прыходам бальшавікоў у сядзібе размясцілася школа.
Нягледзячы на тое што ўбранне і каштоўнасці з інтэр’ераў разышліся на патрэбы маладой савецкай эканомікі, сам будынак досыць някепска захаваўся і добра паслужыў – і на карысць спецшколы для глуханямых (яна размяшчалася тут пасля Другой сусветнай), і на карысць звычайнай васьмігодкі пазней. Верагодна, самаробныя футбольныя вароты – нешта накшталт прывіда школьнага стадыёна, на які да гэтага часу вяртаюцца мясцовыя дзеці. Сёння, як і многія іншыя вёскі Беларусі, Галошава ціхенька памірае: спярша расфармавалі школу, затым зачынілі бесперспектыўны калгас, а сядзіба Цюндзявіцкіх літаральна за дзесяцігоддзе ператварылася ў труп. Флігель, які быў у свой час сельскім клубам, рука наогул здымаць не падымаецца.
Але цікавыя і нават поўныя жыццёвага клёку падзеі адбываюцца тут да гэтага часу: пару гадоў таму п’яны трактарыст не справіўся з кіраваннем і на скрыжаванні перавярнуў трактар, а каб схавацца ад інспектараў ДАІ, якія прыехалі на месца ДТЗ, нырнуў у возера Глыбокае. Каб пазбегнуць медыцынскага агляду мужчына 3 гадзіны плаваў, а потым і наогул уцёк.
Пад Оршай лясоў становіцца менш, а пагоркі і палі наадварот быццам павялічваюцца ў сваёй неабсяжнасці. На некаторых участках трасаў адкрываюцца віды да самага гарызонту, і ад сілы гэтых абшараў займае дых. Часам на такім фоне, як на фотапаперы, выяўляюцца размытыя думкі пра што-небудзь вечнае: пра неабсяжнасць свету, пра асуджанасць чалавека на жыццё і жаданні, пра супярэчлівасць гэтых жаданняў і пра абсурд, які суправаджае ў выніку ўсё яго жыццё. Ну, ці пра нястачу і смерці, якія нясуць адно аднаму людзі, ашалеўшы ад вышэйпералічанага. Верагодна, у такіх меланхалічных прасторах нескладана разгубіцца, пайсці з торбай за гарызонт або як мінімум «на магазін», а то і проста запусціць гаспадарку – закінутых і паўразбураных хат у гэтым рэгіёне шмат. Але, магчыма, яны – усяго толькі вынік урбанізацыі.
З Р15, якая вядзе да Смальянаў ад М1, адкрываецца добры від на вёску з багатым мінулым і складанай цяпершчынай: адсюль бачныя ўсе тры руіны, якія тырчаць на розных пагорках, нешта ярка-блакітнае культавае і някідкія россыпы жылой забудовы. На былой рынкавай плошчы – няўтульны аўтобусны прыпынак і пару ачагоў гандлю, паміж якімі ходзяць людзі ў пошуках найлепшых прапаноў. За сайдынгам ўсюдыіснага рытэйлера – велічэзныя разваліны віленскага барока, міма якіх дарога спускаецца да замка з пяшчотнай назвай Белы Ковель.
Насамрэч дарогі да замка няма – яна праходзіць міма, і пад’ехаць бліжэй нельга. А падысці можна толькі перабраўшыся праз маленькую рэчку Дзярноўку – уброд або па лядашчых кладках. Ад самога замка амаль нічога не засталося, аднак такое пачуццё, што парэшткі да гэтага часу спрабуюць вытрымаць аблогу часу і нораваў. Але, мяркуючы па ўсім, войскі, якія трымаюць замак у аблозе не наважваюцца пераходзіць раку і, папіўшы піва з выглядам на іржавы зуб часоў рэнесансу, мірна разыходзяцца па хатах.
У пачатку XVI стагоддзя Смальянах ўзнагародзілі Канстанціна Астрожскага – вялікага нашага гетмана літоўскага. Таго самага, што ў 1514 годзе разбіў рускія войскі пад Оршай. Для сучаснага кантэксту гэта гучыць трохі дзіўна, але літоўскага гетмана, які ваяваў з рускімі ў трох руска-літоўскіх войнах пачатку XVI стагоддзя, у эпітафіі, размешчанай на яго магіле ў Пячэрскім манастыры, называюць рускім жа Сцыпіёнам. Што лішні раз кажа пра тое, што мы жывем у свеце скажоных уяўленняў і аберацый, якія часам радыкалізуюцца і ператвараюцца ў фобіі або кагнітыўныя дысфункцыі, а то і ў мутныя ідэалогіі.
Аказваецца, галоўны літоўскі палкаводзец цалкам мог быць «рускім» па веры і пры гэтым як чалавек, верны сваёй літоўскай айчыне, змагацца з праваслаўнымі суседзямі з усходу. Вядома ж, тут няма нічога дзіўнага: падставы для варожасці чалавек знаходзіў задоўга да індустрыялізацыі і нацыябудаўніцтва, задоўга да з’яўлення “рускага” або якога заўгодна свету – знаходзіў іх яшчэ тады, калі мала чым адрозніваўся ад звярка. Незразумела, што пра ўсё гэта думаў Астрожскі, але надмагільны надпіс кажа нам, што гэта быў добры і адданы ВКЛ чалавек.
«Атрымаўшы над татарамі шэсцьдзесят тры перамогі, аздобленыя кpоўю, далучыўшы Рось, Дняпро, Альшанку, ён апрача гэтага заснаваў шмат замкаў, шмат манастыроў, шмат св. цэркваў як у княстве Астрожскім, так і ў сталічным горадзе вял. кн. Літ. Вільні; шчодра адарыў храм Прачыстай Багародзіцы Пячэрскай, у якім пасля смерці і быў пакладзены. Заснаваў для ўбогіх шпіталі, для дзяцей школы, для людзей рыцарскіх пакінуў у Марсавай Акадэміі дзіды з шаблямі. Напішы з прыемнасцю: Рускаму Сцыпіёну, Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, гетманам вял. Княства Літоўскага – хай будзе ўсё гэта надмагіллем» (пераклад з рускага перакладу з польскай мовы).
Непераможны палкаводзец, віленскі кашталян, найбагацейшы землеўладальнік і абаронца праваслаўя на землях ВКЛ, мабыць, быў занадта заняты, каб займацца ўладкаваннем Смальянащ, – з часоў Канстанціна Астрожскага тут не засталося ніякіх слядоў. Яго сын рана памёр і спадчыннікаў не меў, таму землі вярнуліся щ падпарадкаванне каралеўскаму двару. Затое з сярэдзіны XVI стагоддзя ў гісторыю Смальяны ўплятаецца прозвішча Сангушка. Княскі род герба «Пагоня Літоўская», спадкаемцы Гедзіміна і Альгерда і сваякі Ягелонаў, атрымліваюць Смальяны і шэраг іншых зямель у абмен на Ковель. Але будавацца не спяшаюцца.
Дарэчы, кажуць, што Смальяны прапаноўваліся ў падарунак чалавеку, званаму першым рускім дысыдэнтам. У 1563 годзе ў ВКЛ прэч «ад зямлі Божае» бег Андрэй Міхайлавіч Курбскі – маскоўскі палкаводзец і набліжаны да Івана Грознага. Нягледзячы на блізкасць да гаспадара і цэлы шэраг перамог на славу Маскоўскай дзяржавы, Курбскі быў у пэўнай апазіцыі да царкоўна-палітычных поглядаў рускага цара, добра ведаў яго крывавыя метады і баяўся пераследу, таму пасля аднаго з ваенных паходаў дадому не вярнуўся. У ВКЛ карыснаму перабежчыкаў прапанавалі і стол, і дом, але Андрэй Міхайлавіч настолькі баяўся помсты з боку Івана Грознага, што лепшымі за падораныя Смальяны палічыў землі падалей ад усходніх межаў. Менавіта ён і пасяліўся ў былых уладаннях Сангушка – у Ковелі.
Ужо потым, перайшоўшы на службу ВКЛ і Рэчы Паспалітай, рускі палкаводзец Андрэй Курбскі пачынае ваяваць і супраць Масквы, і са сваімі суседзямі-шляхцічамі, абараняе праваслаўе, хаміць каралю Аўгусту і перапісваецца з Іванам Грозным пра прыроду ўлады і самавольства самадзяржаўя, вучыць лаціну – карацей, вядзе ў выгнанні жыццё самага што ні на ёсць дысідэнта і пакідае пра яго дыяметральна супрацьлеглыя думкі.
Але, як бы там ні было, замак Белы Ковель пабудаваў не ён.
Разгарнуцца ля небяспечных усходніх межаў ВКЛ раскошным замкам вырашыў Сымон Самуэль Сангушка. Гэты прадстаўнік магнацкага роду быў адным з першых у фаміліі, хто пакінуў праваслаўе і перайшоў у унію. Радня Сапегам, выпускнік Інгаштольдскага ўніверсітэта ў Баварыі, ваявода менскі, віцебскі і кашталян мсціслаўскі – увогуле, амбіцый, адукацыі і палажэння яму хапіла, каб задумаць пад Оршай дарагую будоўлю і ўзвесці ў першай трэці XVII стагоддзя самы велічны і прыгожы замак на ўсходзе краіны.
Як і належыць фартыфікацыйнаму збудаванню, размешчанаму ў зоне, праз якую раз-пораз ходзяць туды-сюды войскі, тут быў і напоўнены вадой роў, і земляныя валы з бастыёнамі, і сцены шырынёй да 1,7 м, і кутнія вежы разам з уязной, а таксама абавязковы таемны падземны ход, які вядзе далёка за межы замка. Пры гэтым, па задумцы гаспадара, акрамя абарончых функцый замак павінен быў выконваць і велікасвецкія: размяшчэнне рэзідэнцыі Сангушкаў на традыцыйным шляху з Заходняй Еўропы ў Маскву – будучай трасе Е30 – ператварала замак у патэнцыйнае месца для адпачынку здарожаных дыпламатаў, у месца сустрэч, прыёмаў, баляў і дзелавых перамоваў.
Аб’ёмная рэканструкцыя комплексу на малюнку Сяргея Прышчэпы
Кажуць, запрошаны дойлід з Нідэрландаў зрабіў усё найлепшым чынам і не прамінуў прыўнесці ў архітэктуру комплексу рысы і італьянскага, і Паўночнага Адраджэння – хай пазнавата, але яно ўсё ж дайшло да нашых земляў. Падобная з Мірскім замкам кампазіцыя аб’ёмаў, але значна большыя памеры, многавугольныя вежы, вялікія вокны, іх фігурнае, складанае апраўленне ў выглядзе картушаў, выбеленыя сцены, нішы, арачныя галерэі, вітыя лесвіцы і печы з белае кафлі з «Пагоняй», велізарная бібліятэка і распісаныя фрэскамі жылыя пакоі – прычым, магчыма, самім Ш. Сангушкам, які захапляўся выяўленчымі мастацтвамі. Цікава, што на схіле гадоў ўладальнік вырашыў абнавіць гэтыя фрэскі, замяніўшы іх рэлігійнымі сюжэтамі “на тэму смерці і забыцця”.
Сёння судзіць пра тое, якім цудоўным быў замак Сангушка, мы можам толькі па малюнку Юзафа Пешкі пачатку XIX стагоддзя (зрэшты і там – руіны), ну ці пільна ўглядаючыся ў пазасталы картуш паўразбуранай усходняй вежы Белага Ковеля. Дарэчы, пра назву: багаты і знакаміты род Сангушкаў валодаў такой колькасцю зямель у розных частках цяперашніх Беларусі і Украіны, што распаўся на некалькі галін па геаграфічнай прыкмеце. Прадстаўнікі роду, якія атрымалі ў сваё распараджэнне зямлю пад Оршай, былі з Ковеля і адносіліся да Сангушка-Ковельскіх. Мабыць таму, праз настальгію па зямлі продкаў і ў памяць пра горад, заснаваны прадзедам, Сымон Самуэль і дае замку назву «Малы Ковель». Пазней дзякуючы колеру сцен яна трансфармуецца ў больш паэтычную.
“Смальяны. Замак Белы Ковель”, малюнак Юзафа Пешкі, 1800 год.
Але нядоўга гуляла рэнесансная музыка: трансфармавацца ў руіны замак пачаў неўзабаве пасля смерці свайго спонсара. У 1653 году пачалася зацяжная вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй, на час якой вялікія тэрыторыі, уключаючы ўсю сённяшнюю Беларусь, ператварыліся ў поле бітвы, а за некалькі гадоў – стараннямі маскоўскіх князёў і запарожскіх казакоў – у выпаленую і літаральна заваленую трупамі зямлю. Гарады і вёскі знішчаліся, людзей секлі, гвалтавалі і тысячамі зганялі на ўсход.
Прыкладна ў гэты час у памежных з Рускім царствам раёнах ВКЛ з’яўляюцца так званыя «шышы» – першыя партызаны: можна сказаць, архітэпічная для Беларусі з’ява. Спустошаныя навалай вайнй і самаўпраўнасцю акупантаў, мужыкі-сяляне, якія страцілі родных і былі даведзены да ручкі, самаарганізоўваюцца ў атрады, узбройваюцца першым-лепшым і цягаюцца па лясах і палях, нападаючы на ўсё, на што, мабыць, дазваляюць нападаць адчай, сумленне і пачуццё справядлівасці. Ну ці злосць і нэндза. Часам яны ваююць за адных, часам за іншых, часам дзеля нажывы – часам за свабоду і саміх сябе.
Сімптаматычна, што гісторыкам складана падзяліць шышэй, бо яны нікому не належаць: у некаторых выпадках яны змагаюцца са шляхтай і «панамі», у іншых – разам са шляхтай – супраць маскоўскай акупацыі, казакоў і тых, хто ім прысягнуў, у трэціх – куламесяць і рабуюць самі па сабе. Так ці інакш, у разбуральнай вайне 1653-1667 гадоў яны сыгралі сур’ёзную ролю ў барацьбе з захопнікамі з усходу. А тыя ў дачыненні да шышэй лютавалі не менш, чым у знішчаных сёлах: «Захопленыя сяляне-шышы былі пакараныя пугай, ім адрэзалі насы і вушы, пасля чаго іх адпусцілі па вёсках для застрашвання астатніх шышэй».
У тую ж вайну разам з астатнімі замкамі ВКЛ пацярпеў і замак у Смальянах. Але, відаць, не настолькі, каб пазбавіцца сваіх замкавых функцый: ужо ў наступнай, Паўночнай, вайне нашчадак Сымона Сангушкі – Павел Караль – прадставіў яго ў распараджэнне шведскім войскам, тым, што ішлі на Маскву. Ці то замак аказаўся занадта свецкім для баявых дзеянняў, ці то рускія казакі аказалііся занадта ўмелымі, але Белы Ковель быў узяты штурмам, пасля чаго падарваны пры адступленні. Тады, у 1708 годзе, Смальянскі замак назаўжды страціў сваё ваеннае значэнне.
Павел Караль Сангушка часткова аднавіў комплекс, але карыстаў яго ў якасці адной з загарадных рэзідэнцый, якіх у багаценькіх Сангушак было нямала. Сам жа маршалак літоўскі пераехаў у Гродна ў нармальны барочны палац у цэнтры і ў 1733 годзе – пад пратэкцыяй Расіі, між іншага, – нават прэтэндаваў на каралеўскі трон Рэчы Паспалітай, таму яму відавочна было не да правінцыйных Смальянаў. Праўда, каралём Павел Караль так не зрабіўся, а Белы Ковель не стаўся каралеўскай рэзідэнцыяй і, як выявілася, быў асуджаны.
Часы мяняліся, Рэч Паспалітая дзякуючы намаганням Расіі, Аўстрыі і Прусіі перастала існаваць, змяніліся жыццёвыя абставіны і перавагі шляхты, якой усё часцей трэба было рабіць выбар, з кім ісці далей па абломках зніклае дзяржавы, а Сангушкі ўсё яшчэ валодалі Смальянамі. У суме амаль трыста гадоў – да самага 1831 года, пакуль пасля чарговага выпаду супраць Расійскай імперыі не пазбавіліся і мястэчка, і рэшткаў замка. Праўнука Паўла Караля – Рамана Станіслава Сангушку, які ўдзельнічаў у паўстанні, за любоў да радзімы тады пазбавілі тытула і саслалі пешшу ў кайданах ў Сібір. Але не хвалюйцеся – ён выжыў, прайшоў катаргу, з адзнакай ваяваў на Каўказе за былога суперніка, ужо ў 1847 годзе адмяніў на Валыні прыгоннае права, вырошчваў арабскіх скакуноў, варыў цукар, а пасля і наогул вярнуў княскі тытул з лёгкай рукі Аляксандра II. Што ў чарговы раз кажа нам, што варта глядзець на хітраспляценні гісторыі як на ваду, бо ў гісторыі, як у вадзе, увесь час нешта мяняецца і перацякае, і ледзь не кожны лёс – гатовы серыял або драма пра выбар і неадступную адплату.
Апошняга прадстаўніка старажытнага роду Сангушак, калі што, можна знайсці сёння ў бразільскім Сан-Паўлу, куды прадстаўнікі герба “Пагоня” з’ехалі з прыходам бальшавікоў.
Русіфікацыя, якая паследавала за паўстаннем 1830-1831 гадоў, патрабавала больш рускіх памешчыкаў на месцах, і ў Смальяны заехаў новы ўладальнік: калежскі асэсар з немудрагелістым імем – Васіль Сямёнаў. Кажуць, што яго спадкаемца – працаўнік міністэрства фінансаў, стацкі саветнік і пэўны час нават губернатар віленскі Аляксей Васільевіч – вызначыўся на ніве барацьбы з вялікакняжацкай спадчынай і калектыўнай памяццю, загадаўшы разбіраць замак Сангушак на цэглу. Частку цаглін прадаў, частку, паклапаціўшыся перад смерцю справамі духоўнымі, пусціў на будаўніцтва «мураўёўкі» тут жа ў Смальянах. Пераемнасць склалася выдатная: царква ў псеўдарускім стылі, пабудаваная ў 1864 годзе з цэглы ад руінаў, сёння – таксама руіны.
Трэба прызнаць, што нечага выбітнага ў архітэктурным абліччы смальянскай Свята-Аляксееўскай царквы няма. Затое дзякуючы месцазнаходжанню на ўзгорку гэтая развалінка з’яўляецца, хм, горадабудаўнічай дамінантай і дапаўняе пераклічку сіратлівых мясцовых руінаў. Плюс, мяркуючы па імправізаванай лавачцы і корках на доле, дае прытулак падарожнікам.
Брутальны шэры склеп, размешчаны побач, робіць нават больш моцнае ўражанне. Лічаць, што у ім былі пахаваныя Сямёнавы, але, мяркуючы па адсунутай пліце і норавах апошніх 150 гадоў, ужо не.
На змену стацкаму саветніку Сямёнаву прыйшоў стацкі саветнік Валянцін Цітоў. На шчасце для парэшткаў Белага Ковеля, новы гаспадар Смальянаў аказаўся чалавекам адукаваным і ўсведамляў каштоўнасць спадчыны – да таго ж ён быў інжынерам. Ён не толькі спыніў разбор замка на цэглу, але і зарганізаваў кансервацыю вежы, дзякуючы чаму мы па гэты дзень можам любавацца картушам, які нагадвае аб Паўночным Адраджэнні.
Падбаў Валяр’ян Андрэевіч і пра стварэнне сядзібна-паркавага комплексу з драўляным жылым домам у хвацкіх матывах эклектыкі і нават заснаваў сельскагаспадарчую школу, якая і сёння вучыць дзяцей аграноміі і лясной гаспадарцы. У тым ліку ў былым жылым доме свайго заснавальніка, перабудаваным пасля пажару.
Нягледзячы на ваенныя перыпетыі XVII стагоддзя, у 1678 годзе Смальяны атрымліваюць статус мястэчка. Прыкладна ў той жа час тут дбаннямі Сангушак з’яўляецца драўляны касцёл: жонка Гераніма Сангушкі – Канстанцыя – у гонар нараджэння здаровага дзіцяці адпісала гектар зямелькі манахам-дамініканцам. У XVIII стагоддзі ў цэнтры мястэчка будуюць ратушу з сасновага бруса з «Пагоняй» на флюгеры і гандлёвымі радамі (сёння там «Еўраопт» з тытунёвым кіёскам), а таксама каменныя манастыр дамініканцаў і храм Панны Марыі – помнік віленскага барока з дзвюма шмат’яруснымі званіцамі і плаўнымі плашчынямі фасада, вылучанымі пілонамі. Зараз гэта адна з тых славутасцяў, куды варта заходзіць асцярожна, зважаючы на падаючую цэглу.
Кляштар дамініканцаў разагналі пасля паўстання 1830-1831 гадоў, пасля чаго касцёл стаў парафіяльным і павольна прыходзіў у занядбанне. На мяжы XIX-XX стагоддзяў яго на сродкі парафіян рэканструявалі і абнавілі, але ўжо ў 1932 годзе зачынілі і перадалі калгасу.
Калгасы былі своеасаблівым увасабленнем калектыўнага несвядомага, у якім усё належыць усім і нікому адначасова, стары свет падлягае разбурэнню, а як будаваць новы, абавязкова хто-небудзь калі-небудзь прыдумае, але не мы – увогуле, касцёл быў зачынены і разрабаваны, а ў будынку кляштара размясцілася «польская школа». Ненадоўга: неўзабаве пачалася “польская аперацыя” (гэта значыць генацыд і асіміляцыя палякаў у СССР канца 1930-х), і яго перабудавалі пад маторна-трактарную станцыю. Зусім нядаўна яе праз непатрэбнасць хацелі разваліць разам з рэшткамі кляштара.
У канцы XVIII стагоддзя, калі гэтыя землі ўжо адціснула Расійская імперыя, а баланс сіл змяніўся, разам з каменным касцёлам Сангушкі будуюць і вялікі праваслаўны храм. Усё ж такі буферная зона на мяжы цывілізацыйнага разлому выхоўвае дзіўных палітыкаў, дыпламатаў, а то і канатаходцаў. На сёння барочная Спаса-Праабражэнская царква ў дзвюх частках – падземнай каменнай і надземнай драўлянай – адзіны будынак, які захаваўся цэлым з часоў Сангушак. Магчыма, дзякуючы таму, што ў савецкі час у ім размясцілі вінзавод.
Спаса-Праабражэнскую царкву праз яе ярка-блакітны колер відаць практычна з любой кропкі вёскі: яна дагледжаная, трохі нагадвае чыстае неба на дзіцячых малюнках, і, дарэчы, ніякіх коркаў побач з ёй не валяецца.
З пачатку XXI стагоддзя яе аднаўленнем займаўся святар Аляксандр Марозаў: памяняў дах, абнавіў інтэр’ер, асабіста займаўся роспісам сцен і купала. Пяць гадоў таму святар быў забіты п’янымі маладымі людзьмі, якіх сам жа і прытуліў у сябе дома. З-за ступені ап’янення тыя нават не змаглі потым ўспомніць сутнасць канфлікту.
Але паспрабуем адпачыць ад цяжкіх думак і заедзем у сядзібу Канстанціна Ксавер’евіча Любамірскага – прадстаўніка польскага княскага роду, які абагаціўся на кракаўскай солі. З XVI стагоддзя магута і капіталы Любамірскіх раслі і раслі: прадстаўнікі роду валодалі землямі і рэзідэнцыямі па ўсёй Еўропе, доблесна ваявалі, былі актыўнымі ўдзельнікамі палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай і не раз прэтэндавалі на каралеўскі трон, але мы засяродзімся на лініі роду, якая складалася з большага ў расійскім падданстве.
Юрцава (раней Кацішын) разам з неабсяжнымі землямі дастаўся Канстанціну Ксавер’евічу ў спадчыну ад багатага бацькі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі шляхце распілаванай дзяржавы даводзілася рабіць выбар, Ксаверы Любамірскі ўладкаваўся на службу ў Расійскай імперыі, а затым асталяаўся пад Оршай – у Дуброўне. Яго сын працягнуў служыць Расіі, быў шматкроць узнагароджаны ордэнамі, гераічна ваяваў супраць французаў, шведаў і астатніх ворагаў гасударавых, але падчас Лістападаўскага паўстання 1830 года адмовіўся ваяваць з мяцежным войскам польскім. Увогуле, брат не пайшоў на брата, чым, вядома ж, разгневаў імператара, які звольніў яго з войска з прычыны хваробы (верагодна, гэта быў «хранічны патрыятызм») і назаўжды забараніў генерал-маёру з’яўляцца ў Пецярбургу.
Хутчэй за ўсё, Канстанцін Ксавер’евіч не разгубіўся і знайшоў сабе занятак – па-першае, яму дасталася цэлых 14 фальваркаў і 40 000 дзесяцін зямлі паміж Дзвіной і Дняпром, па-другое, ён быў правадыром дваранства Валынскай губерні, а ты паспрабуй пракаціцца з-пад Оршы на Валынь і назад – столькі прыгажосці з акна карэты, што ніякі Пецярбург не патрэбны. Па-трэцяе, ён узяў ды і пабудаваў сядзібны дом – падобны на крэпасць, быццам бы з настальгіі па ваенных справах. Наўрад ці ён планаваў у ім ад каго-небудзь абараняцца, але вежы глядзяць на ўсход.
Сёння сядзіба Любамірскіх схаваная за плотам Віцебскага абласнога шпіталя ветэранаў. У 1953 годзе тут быў адкрыты першы ў БССР супрацьтуберкулёзны шпіталь для інвалідаў – стацыянар доўгі час размяшчаўся менавіта ў ваяўнічым будынку сядзібнага дома і яго флігеля. Але нейкі час назад установа пераехала ў новы корпус, размешчаны на адной восі з домам Любамірскіх. Цяпер у новага будынка жыццё неяк бурліць – шпацыруюць і пакурваюць пацыенты з наведнікамі, дзелавіта перамяшчаецца медперсанал, а старажытная высакародная сядзіба прыходзіць у заняпад і робіць трохі панылае ўражанне.
Карацей, адпачыць ад цяжкіх думак не вельмі атрымліваецца, але будзем спадзявацца, што абяцаны эканамічны цуд Аршаншчыны неяк паспрыяе і захаванню архітэктурнай спадчыны рэгіёна. Тады свецкую крэпасць Любамірскіх можна было б хаця б закансерваваць: падлатаць дах і вярнуць на месца вадасцёкавую сістэму – без гэтага са сцен могуць пачаць масава вывальвацца цэгліны.
На сайце шпіталя ёсць дзіўная версія аб паходжанні і функцыі будынка:
«Падчас вайны 1812 года Любамірскія актыўна дапамагалі войскам Напалеона, займаючыся зборам харчавання і фуражу для французскай арміі. Па заканчэнні вайны, адчуваючы сваю віну перад Расійскай імперыяй, Любамірскія пачынаюць будаваць дом сядзібнага тыпу ў фальварку Кацішын (усходняя ўскраіна вёскі Юрцава) для лячэння інвалідаў і ветэранаў вайны 1812 года. У 1869 годзе шпіталь прыняў сваіх першых пацыентаў».
Гэта значыць Любамірскі, які атрымаў ордэн святога Георгія за адвагу ў бітве з французскім войскам, з невытлумачальнага пачуцця віны за дапамогу французам будуе дом для лячэння інвалідаў вайны праз 57 год пасля яе заканчэння. Дзіўна гэта ўсё.
Рушым далей: за 9 кіламетраў ад Юрцава, паміж М8 і Р87, якія вядуць у Віцебск, заціснута вёска Высокае, у якой можна палюбавацца сімпатычным трупам неакласічнай сядзібы Макшыцкіх, пабудаванай на мяжы XIX-XX стагоддзяў, жылым і жывым да гэтага часу флігелем, якому пашанцавала значна больш (усё гэта знаходзіцца ў Р87), а таксама руінамі царквы святога Іллі (на другім баку М8), якой зусім-зусім не пашэнціла.
Размяшчэнне пасёлка цалкам апраўдвае яго назву: з перакрыжаванняў па абодвух яго баках адкрываюцца шыкоўныя далягляды, бо Высокае і сапраўды на некалькі дзясяткаў метраў узвышаецца па-над наваколлем. Наконт сённяшніх эканамічных вышыня сказаць складана, але ў XIX стагоддзі тут была і папяровая фабрыка, і бровар, і вапнавы завод, і суконная мануфактура, і процьма рамеснікаў – тавары адсюль ішлі і на Маскву, і на Рыгу. А наконт перакусіць на гэтым скрыжаванні да паслуг галодных падарожнікаў было адразу тры карчмы.
Пра ўладальнікаў сядзібнага дома Макшыцкіх вядома вельмі мала. Здаецца, гаспадар маёнтка захапляўся сельскай гаспадаркай і з гэтай нагоды нават займаў нейкую пасаду, пакуль не грымнулі Першая сусветная, рэвалюцыя і хаос. Мабыць, у тыя смутныя часы Макшыцкія і пакінулі Высокае, кінуўшы ўсё. Разам з сядзібным домам, які складаецца з аднапавярховай драўлянай часткі (не захавалася) і двухпавярховай каменнай, сімпатычным флігелем з мансардай і пейзажным паркам са стаўком з прэснай вадой і сотнямі відаў дрэў, клапатліва прывезеных гаспадаром з розных краін.
Кажуць, будынак былой сядзібы адметны тым, што ў 1928 годзе ў ім праходзіў I з’езд Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, на якім прысутнічалі, у прыватнасці, Кнорын і Галадзед – вядомыя партыйныя дзеячы, чыімі прозвішчамі названыя мінскія вуліцы. Сумнеўныя дасягненні для будынка, і Мінска – асабліва ўлічваючы, што Кнорын быў з тых, хто ў 1918 годзе, у часы актыўнай барацьбы беларусаў за самавызначэнне, не прызнаваў іх нацыяй. Ці не самая знакамітая яго цытата з газеты «Звязда»:
«Мы лічылі, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжытыя. Нашай задачай з’яўляецца не стварэнне новых нацый, а знішчэнне старых нацыянальных рагатак. Беларускі ж рух з’яўляецца такім будаванне новых нацыянальных рагатак, якіх не існавала дагэтуль, а таму камуністы не могуць у якім-колечы выглядзе браць удзел у гэтым руху».
Што за рагаткі маляваліся ва ўяўленні Вільгельма Георгіевіча, застаецца толькі здагадвацца, але відавочна, што сакратар ЦК КП (б), народжаны Кнорыньш – які нарадзіўся ў Латвіі, які працаваў на ватнай фабрыцы і вывучыўся на настаўніка інтэлігент-прапагандыст, – моцна падхапіў іскру рэвалюцыі і стаяў ля вытокаў тэрору, які знішчыў пасля беларускую інтэлігенцыю. Ды і яго самога.
Магчыма, Кнорыньш выходзіў на гэты прыгожы балкон.
Нягледзячы на пратэст інтэрнацыяналіста-Кнорына і іншых бальшавікоў, якія сцвярджалі, што «ні адзін рабочы і селянін так званай Беларусі беларусам сябе не лічыць, а спрадвеку ведае ў сабе рускага», БССР – тая рэспубліка, якую, ігнаруючы БНР, называюць першай нацыянальнай беларускай дзяржавай, – такі была створана. З цалкам практычных меркаванняў, а не дзякуючы чуламу сэрцу Леніна – як буферная зона паміж Савецкай Расіяй і клятымі імперыялістамі.
«Цяпер, пасля краху германскага мілітарызму, зноў настае перыяд нацыяналістычных імкненняў. Гэтымі імкненнямі хацелі скарыстацца імперыялісты для стварэння рэспублік, праз і з дапамогай якіх яны маглі б уплываць ў пажаданым сэнсе на Савецкую Расію. Каб пазбегнуць гэтага, а таксама непасрэднага ўздзеяння імпэрыялізму на Расію, ЦК вырашана стварыць паміж ім і намі шэраг рэспублік-буфераў. Тады будзе пастаўлены бар’ер, які вытрымае першы націск імперыялістаў. У прыватнасці, неабходна адгарадзіцца ад польскага і пятлюраўскага імпэрыялізму. На падставе гэтых меркаванняў ЦК пастанавіў утварыць Літоўскую і Беларускую Рэспубліку». (З дакладу Адольфа Абрамавіча Ёфэ ў Мінску ад 22 студзеня 1919 г.)
Што тычыцца старшыні Савета народных камісараў БССР Мікалая Галадзеда, які таксама гасціў у Высокім, то з падачы Васіля Шаранговіча ўлетку 1937 года ён быў арыштаваны, пасля чаго падчас допыту выкінуўся з акна 5-га паверха будынка НКВД. Крыху менш чым праз год расстралялі і Шаранговіча, які запусціў у Беларусі махавік рэпрэсій.
Нядрэнна нас занесла. Выдыхніце і пашпацыруем. Незразумела, што было ў сядзібе пасля паломніцтва камуністаў, але сёння жылы дом Макшыцкіх выглядае своеасаблівым руін-барам. Чаргова стыхійнай румачнай на базе спадчыны, куды прыходзяць са сваім ў пошуках адзіноты, супакою ці самаідэнтыфікацыі.
Затое зусім побач – дыхтоўны, дагледжаны шэранькі флігель з эркерам, які, відаць, з’яўляецца нечым жылым домам. Нават флюгер у выглядзе пеўніка над комінам. Дабрабыт.
За два кіламетры на ўсход ад М8 звярніце ўвагу на білборд «Салодкае рэкламнае месца» прама насупраць могілак, на скрыжаванні, – у далёкім канцы пасёлка Высокае можна паглядзець на тое, у што ператварылася праваслаўная царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі, пабудаваная каля ста гадоў таму.
Хоць пра паходжанне Свята-Ільінскай царквы можна знайсці супярэчлівыя звесткі. У некаторых крыніцах указваецца, што гэта помнік архітэктуры маскоўска-яраслаўскага напрамку рэтрарускага стылю першай паловы XIX стагоддзя, які пабудаваў наш юрцаўскі сябар Канстанцін Любамірскі, і яна зусім не Свята-Ільінская, а Праабражэнская, ды яшчэ і пабудаваная на месцы ўніяцкага храма. Але і 1913-1917 як гады пабудовы таксама гучаць нядрэнна. Лёс праваслаўнага храма, пабудаванага на зломе эпох, адразу ўяўляецца больш драматычным, што цалкам пасуе агульнаму настрою нашага падарожжа.
Невядома, ці праходзілі тут службы, але, мяркуючы па інтэр’еры, царкву Святога Ільі выкарыстоўвалі ці то як склад, ці то як вытворчае памяшканне для нейкіх сельскагаспадарчых спраў. А як справы пайшлі дрэнна – кінулі. Анатоль Мікалаевіч Кулагін ў сваёй «эклектыцы» піша пра тое, што царква была «Зноў адчынена ў 1980-я гг.», але што менавіта гэта азначае – незразумела. Чаму яна сёння адкрыта, хіба што ўсім вятрам: абезгалоўлены правадыр вялікарускай культуры, захраснуў на беларускім полі эксперыментаў – на гэтым палігоне і могілках для вялікіх, але чужых праектаў, – змрочна развальваецца, як і ўсё, што не прыжылося, страціла пратэкцыю і любоў.
У нашым зацятым імкненні да цуду – да краю, да месца, куды ўмоўна нармальны чалавек, хутчэй за ўсё, ніколі за славутасцю не паедзе, а паехаўшы, расчаруецца, – Дуброўна мы мінаем транзітам. Хаця, павярнущшы налева пасля моста праз раку, дапытлівы падарожнік апынецца каля двухпавярховага жылога корпуса кляштара бернардзінцаў, пабудаванага ў 1809 годзе.
Паводле легенды, мясцовы магнат князь Ксаверы Любамірскі (той самы бацька нашага сябра з Юрцава) загадаў спаліць драўляны манастыр, што быў тут яшчэ з 1630 года, і забіць тых манахаў-бернардзінцаў, якія без ведама і згоды вянчалі яго каханую дачку з яе выбраннікам – нейкім небагатым, але прыгожым шляхцічам. А потым подсастыў і вырашыў задобрыць манахаў новым каменным будынкам.
Так гэта было ці не так – невядома, але, як мы ўжо пераканаліся, людзі здольныя на многае. Размяшчэнне у корпуса самавітае – можна было любавацца Дняпром з вокнаў келляў. Ну ці з вокнаў кабінетаў рабфака – у раннесавецкі час каля будынка манастыра была і такая функцыя. Сёння будынак забіты і, мяркуючы па часткова закладзеных вокнах, рыхтуецца да нейкага новага жыцця. Здаецца, той, хто вядзе яго рэканструкцыю, рэалізуе нейкія свае ўяўленні пра барока, дзякуючы чаму першапачаткова сціплыя трохкутныя франтоны набываюць крывалінейныя і даволі пікантныя абрысы.
Пры жаданні ў Дуброўне можна завіснуь ля Дняпра, пашукаць рэшткі суконнай мануфактуры або зазірнуць у Траецкую царкву, дзе пахаваны Ксаверы Любамірскі, ну а нас чакае Ланенка, дзе ці то ўсё добра, ці то ўсё дрэнна.
Ланенка, вядома, месца на аматара, але хто, калі не мы. 20 кіламетраў дарогі ад Дуброўна, з якіх 3 – у бок заходу сонца і без пакрыцця, вядуць у нейкае падабенства беларускага забыцця. Дзе жыццё прыпынілася не толькі што, а заўчора – і ўжо паспела парадкам рэарганізавацца ў сваім імкненні да ідэальнага стану. Дзе частка дамоў нежылыя і развальваюцца, двары пазарасталі пустазеллем, дахі калодзежаў пакрывіліся, а тыя, што засталіся жывымі зусім не саромеюцца свайго побыту, і ён вывальваецца прама вонкі, на вуліцу: раскіданымі чыгункамі, дываночкамі, слоікамі, фрагментамі мэблі, калісьці сабранай гароднінай і садавіной, а таксама катамі і курамі, што бегаюць ўпярэмешку.
Гармонію Ланенкі дапаўняе Пакроўская царква, якая стаіць на ўсккрайку вёскі. Пры беглым аглядзе ў ёй складана прызнаць царкву – збудаванне хутчэй падобна на маленькую цагляны крэпасць або склеп, які пайшоў паміраць ад людзей у палі. Але зблізку становяцца бачныя рысы рэтраспектыўна-рускага: зубчасты фрыз, нішы, траістыя ліштвы з какошнікамі, хітра руставаныя вуглы – сляды высілкаў майстроў цаглянай кладкі.
Магчыма, гэты храм – чарговы прадстаўнік «Сінадальнага напрамку», афіцыйнай праграмы Расійскай імперыі па будаўніцтве праваслаўных цэркваў у «Паўночна-Заходнім краі». Для яе царскі ўрад рэкамендаваў «прыцягваць майстравыя арцелі з унутраных губерняў, бо знаходжанне падобных арцеляў сярод праваслаўнага насельніцтва тутэйшага краю немінуча пасее трывалае насенне рускага жыцця і азнаёміць бліжэй тутэйшы народ з Расіяй».
Часам узнікае пачуццё, што гэты няшчасны «тутэйшы народ» апошнія пару стагоддзяў толькі і рабілі, што ўсяляк знаёмілі то з Расіяй, то з Польшчай, то з рознымі відамі генацыду, таму часу пазнаёміцца з самім сабой і заняцца хатнімі справамі ў яго папросту не заставалася. Увесь час нейкія госці, застоллі і сваркі, што перацякаюць у бойкі, панажоўшчыну і пахаванне.
Выгляд царквы ўражвае скрайняй ступенню сваёй адчужанасці і абыякавасці да нейкіх нормаў і прыстойнасцяў, канонаў і фармальнасцяў. Ад будынка вее чымсьці такім, што, напэўна, уласціва выжылым у катастрофе: іх не хочацца пытаць пра веравызнанне, чаму яны дрэнна апранутыя і з вуха кроў. З-за ўсяго гэтага візуальна «ўбогі» храм у Ланенцы здаецца яшчэ больш шчырым і сакральным, чым многія яго дагледжаныя браты. І нават трохі страшным: у абодва не закладзеныя цаглінамі акны зазіраць ці то няёмка, ці то боязна, хоць адно з іх так і вабіць светлай блакітный плямай. На паўкруглай апсідзе ад рукі намаляваны фарбай белы крыж.
З бліжэйшага з жывых двароў выходзіць жанчына з каромыслам і бадзёра ідзе да калодзежа. За ёй, закручваючыся хвастамі і гуляючы, цягнецца з пятак сабак рознага фармату, якім хоць Ланенка, хоць Сінгапур, абы было дзе павесяліцца і што з’есці. Жанчына добразычліва распавядае, што ў царкве калісьці быў ці то склад, ці то вытворчы цэх. А зараз бацюшка з Дуброўна прыязджае па вялікіх святах – на Вялікдзень вось, напрыклад, быў.
«Чым павінен быць заняты начальнік оперсектара, калі ён прыедзе на месца? Знайсці месца, дзе будуць прыводзіцца прысуды ў выкананне, і месца, дзе закопваць трупы. Калі гэта будзе ў лесе, трэба, каб загадзя быў зрэзаны дзірван і потым гэтым дзірваном пакрыць гэта месца, з тым каб ўсяляк канспіраваць месца, дзе прыведзены прысуд у выкананне, – бо ўсе гэтыя месцы могуць стаць для контрыкаў, для царкоўнікаў месцам рэлігійнага фанатызму. Апарат ніякім чынам не павінен ведаць ні месца прывядзення прысудаў, ні колькасць тых, над якім прыведзены прысуды ў выкананне, нічога не павінен ведаць абсалютна – таму што наш уласны апарат можа стаць распаўсюднікам гэтых звестак”. (З кнігі А.Г. Цаплякова «Працэдура: выкананне смяротных прысудаў у 1920-1930-х гадах».)
Нягледзячы на тое што цытата – фрагмент інструкцыі для НКВД далёкага Заходне-Сібірскага краю, той жа тэхналогіі прытрымліваліся выканаўцы цалкам сакрэтных загадаў НКВД СССР № 00447 і № 00485 і тут – на тэрыторыі Беларусі. З-за гэтага месцы масавых расстрэлаў і месцы пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій – таямніца, якая часта раскрываецца толькі воляй выпадку. Праз гэта прыветны лясок і ўпадабанае месца для прагулак, бор, у якім так звыкла збіраць грыбы і ягады, або ўзлесак, на які так і просіцца пікнічок, – усе гэтыя мірныя ландшафты могуць аказацца безназоўнай магілай, дзе разам з расстралянымі людзьмі бальшавікі спрабавалі пахаваць памяць.
Езуіцкі калегіум у Оршы – былая турма, месца катаванняў і расстрэлаў.
Памяць аб тэроры, разгорнутым бальшавікамі ў 1921-1953 гадах, памяць пра яго наступствы для Беларусі і яе жыхароў, яе культуры, памяць пра яго прамых і ўскосных ахвяраў – таксама наша спадчына. Пакінутая без увагі і павагі, гэта спадчына гэтак жа, як і матэрыяльнае, можа разбурацца і знікаць, перабудоўвацца і скажацца – так, што праз нейкі час ніхто і не паверыць, быццам савецкая ўлада і яе правадыры здзяйснялі злачынствы супраць чалавецтва. Толькі на адрозненне ад матэрыяльнага памяць складаней рэканструяваць або аднавіць, а тых, пра каго варта памятаць, і зусім не вярнуць. Ім, на адрозненне ад ініцыятараў забойстваў, чыімі прозвішчамі названы вуліцы беларускіх гарадоў, не пашанцавала. І нешанцаванне працягваецца.
У 1982 годзе Савецкі Саюз здавольваўся сацыялізмам (бо абяцанага да 1980-га камунізму не пабудаваў), ваяваў у Афганістане, дабудоўваў Чарнобыльскую АЭС, саджаў «Венеру-13» на Венеру, а Аршанскі камбінат ЖБВ выпускаў ужо другі мільён кубаметраў жалезабетону і асвойваў вытворчасць пліт для аэрадромаў. Падчас будаўніцтва чыгуначнай галіны для патрэб прадпрыемства былі знойдзеныя парэшткі пяцідзесяці чалавек з кулявымі адтулінамі ў лобнай частцы чэрапа.
Афіцыйная «камісія прадстаўнікоў савецкіх і адміністрацыйных органаў» тады заключыла, што пахаванне на Кабыляцкай гары з’явілася ў 1937-1940 гадах і ляжаць у ім ні ў чым не вінаватыя людзі, расстраляныя НКВД. У тым жа дакуменце было згадана яшчэ адно месца масавых пакаранняў, здзейсненых НКВД пад Оршай, – лясны масіў каля вёскі Паддубцы, дзе, па словах мясцовых, расстрэльвалі святароў і «кулакоў».
Дарэчы, пра “польскага шпіёна” Тарэнта Шушкевіча можна пачытаць тут.
Улетку 1937 года па ініцыятыве Іосіфа Сталіна па ўсім СССР былі разгорнутыя рэпрэсіі, маштабы якіх непараўнальныя ні з тым, што было да, ні з тым, што рабілі бальшавікі пасля «Вялікага тэрору». Краіна падлягала «ачыстцы ад чужых элементаў», і загадамі – у тым ліку № 00447 і № 00485 – былі сфармаваныя крытэры, згодна з якімі чалавек станавіўся ворагам народа, здраднікам радзімы, контррэвалюцыянерам, антысаветчыкам, «пятай калонай» і г.д.
З-за багацця гэтых крытэраў і размытасці іх фармулёвак, а таксама з-за аператыўнасці, з якой у пазасудовым парадку выносіліся прысуды, улетку 1937-га ў СССР было рэгламентавана і легалізавана паляванне на людзей, ініцыявана расправа з асабістымі ворагамі з дапамогай даносаў. Звядзенне рахункаў адбывалася на ўсіх узроўнях: у суседзяў па вёсцы і па пад’ездзе, у трактарыстаў і старшыняў калгасаў – нават у бальшавіцкай вярхушкі. Крыважэрныя кіраўнікі накшталт Панамарэнкі выпрошвалі дадатковыя квоты на расстрэлы, тройкі спаборнічалі на «работніка месяца», а вялікая чыстка малола ўсіх – і інтэлігенцыю, і рабочых, і сялян, і духавенства, і партыйных функцыянераў, і энкавэдэшнікаў.
Як і па ўсім СССР, на тэрыторыі Беларусі разгарнуліся «кулацкая» і «польская» аперацыі. Вынікам першай было каля дзесяці тысяч расстраляных «кулакоў» і дзесяткі тысяч высланых (плюс да дзясяткаў тысяч «кулацкіх сем’яў», ужо выселеных з БССР у сібірскія спецпасёлкі да 1937-му). Вынікі другой аперацыі НКВД, «нацыянальнай», знішчае «пятую калону» і “агентаў буржуазнай Польшчы”, – на тэрыторыі БССР было арыштавана больш за дваццаць тысяч палякаў, з якіх 18 530 чалавек расстраляна. Палякамі называлі і этнічных палякаў, і этнічных беларусаў – і каго заўгодна, хто жыў у памежных раёнах. У буфернай зоне дасталася ўсім.
Кабыляцкай гара пад Оршай – адно з дзясяткаў, а можа, і сотняў месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе бальшавікі расстрэльвалі людзей падчас сваіх аперацый. Выпадкова выяўленае ў 1982 годзе, ужо ў 1990-м яно было пазначана памятным знакам ахвярам сталінізму і набыло статус мемарыяла. Тады гэта зрабіў Аршанскі гарвыканкам. Да сярэдзіны 90-х пазіцыя новых беларускіх уладаў з нагоды сталінскіх рэпрэсій змянілася, і мемарыялізацыя месцаў расстрэлаў – ды і наогул культура памяці – стала доляй нешматлікіх актывістаў. Цяпер культура памяці – як і проста культура – многіх падводзіць: у нейкі момант з каменя на Кабыляцкай гары нават сарвалі мэмарыяльную шыльду. Але ўлетку 2018 года памятная табліца на валун вярнулася.
Праз прамзону і лес побач з Аршанскім заводам ЖБВ вуліца Будаўнікоў вядзе да тэхнічнага тупіка чыгуначнай галіны – менавіта яго і будавалі, калі знайшлі парэшткі расстраляных. Навігатар паказвае, што «Помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій» знаходзіцца на другім баку шляхоў. Прыступкі для спуску да палатна складана заўважыць адразу. Зразумець, што недзе паблізу ёсць важнае месца памяці, цяжкавата – відавочных сцяжынак або паказальнікаў не відаць.
Тупік з заснежаным насыпам і ніткамі-рэйкамі, што ўпіраюцца ў сцяну лесу, выглядае зачаравальна злавесным і прыцягальным, і, улічваючы, што не зусім зразумела, куды паварочваць, хочацца прайсці яго да канца. Але на другім баку чыгункі з’яўляюцца павязаныя на дрэвах бел-чырвона-белыя стужкі і нешта накшталт прыступак наверх. Месца, якім у канцы 1930-х палохалі адно аднаго мясцовыя, – тут. Месца, дзе, як мяркуецца забітыя і пахаваныя многія з амаль дзвюх тысяч чалавек, расстраляных у Оршы. «Месца памяці і смутку», як напісана на чорнай гранітнай пліце, усталяванай на камені.
Актыўнай дзейнасцю па мемарыялізацыі Кабыляцкай гары займаецца ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы». Яе стваральнік і каардынатар – Ігар Станкевіч, чые сваякі былі рэпрэсаваныя, – нейкі час таму пачаў высвятляць падрабязнасці лёсаў блізкіх: звяртацца да архіваў, шукаць і аналізаваць дакументы. Вынікам пагружэння ў тэму аказалася больш за дваццаць рэпрэсаваных сваякоў і жаданне, каб нашчадкі расстраляных у Оршы маглі прыйсці і «аддаць даніну павагі забітым».
З 2015 года Ігар супрацоўнічае з іншымі мясцовымі актывістамі і краязнаўцамі, шукае інфармацыю аб расстраляных і месцах расстрэлаў, па ўсім свеце шукае сваякоў забітых у Кабыляках, каб звязацца з імі. Блізкія расстраляных усталёўваюць крыжы і памятныя шыльды з імёнамі сваіх родных, размяшчаюць на дрэвах здымкі, прыносяць кветкі. З-за некаторай стыхійнасці паходжання і разнароднасці размешчаных памятных знакаў імправізаваны мемарыял здаецца гранічна жывым, чалавечным і пры гэтым нейкім тагасветным і сакральным. Выклікае не менш шчымлівыя пачуцці, чым вывераныя архітэктарамі і скульптарамі мемарыяльныя комплексы. А можа, і больш.
Удзельнікі ініцыятывы працягваюць дамагацца надання мемарыялу афіцыйнага статусу і хочуць усталяваць у Оршы памятны знак. Гэта не так і проста: на дзясяткі зваротаў у Аршанскі райвыканкам сваякі рэпрэсаваных атрымліваюць адмову. Тым не менш чорную гранітную дошку з надпісам на 4 мовах (беларускай, рускай, іўрыце і англійскай) актывісты вярнулі на валун менавіта з дапамогай мясцовых уладаў. Праўда, па словах Ігара Станкевіча, пры ўзгадненні ўлады істотна змянілі тэкст і прыбралі польскую мову.
У апошнія Дзяды тут былі зачытаныя імёны 40 чалавек, забітых падчас «Вялікага тэрору». Дзякуючы актывістам тут адбываюцца магічныя – хоць і сумныя – ператварэнні: лічбы становяцца імёнамі, фатаграфіямі, гісторыямі і лёсамі людзей. Напрыклад, дзесьці тут спачывае Аляксей Захаравіч Маркевіч – муж Матроны Сяргееўны Маркевіч, жанчыны, якая ў пачатку XX стагоддзя вышыла ручнік з арнаментам, змешчаным пасля на дзяржаўны сцяг. Іх дачка Зінаіда Пашкевіч таксама пісала ліст у райвыканкам з просьбай усталяваць памятны знак на меркаваным месцы гібелі бацькі. Але, мабыць, словы «Сцяг маёй маці пабываў у космасе, а бацька ў быльнягу ляжыць» могуць знайсці водгук не ў кожным сэрцы. У асноўным дзяржава адказвае так:
«Ва ўліковых дадзеных “Занальны дзяржаўны архіў у г. Орша” звестак пра месцы расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій на тэрыторыі Аршанскага раёну няма. З-за адсутнасці архіўных дакументаў, якія афіцыйна пацвярджаюць факт расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій, усталяваць дакладнае месца і асобы пахаваных там людзей няма магчымасці…»
А то. Адкуль у дзяржавы сэрца.
У буфернай зоне часта адбываюцца катаклізмы, таму ствараць тут нешта надоўга – вялікая рызыка: увесь час прыходзіць нехта, хто спрабуе разбурыць тое, што ёсць, і навесці свае парадкі. Больш шанцаў выжыць тут – у дэкарацый, несамавітых часовых пабудоў і ў шышэй-партызанаў. Ну і ў руінаў. Але нават тых на ўсход ад мяжы 1921-га – вобмаль. Амаль 400 кіламетраў з гэтага маршруту – перагон па аўтамагістралях М1 і Е30, на якіх ніякіх сюрпрызаў аўтааматара не чакае.
Крыху пацярпець дарогу без пакрыцця трэба будзе на пад’ездах да Галошава. Сядзіба Любамірскіх у Юрцаве знаходзіцца на тэрыторыі шпіталя, але прапускнога пункта бянтэжыцца не варта – ахова без пытанняў прапускае да славутасці. Царква Св. Іллі ў Высокім знаходзіцца на процілеглым канцы вёскі ад сядзібы Макшыцкіх, дзе здаецца, што ніякай вёскі ўжо і няма. Патрэсціся давядзецца і на грунтоўцы па шляху ў Ланенку, калі вы наогул адважыліся ехаць у гэтую юдоль прыгажосці на краі зямлі.
Каб трапіць да Кабыляцкай гары, трэба звярнуць з М8 (Е95) на вуліцу Будаўнікоў, пакінуць машыну ў тупіку у ГСПК №101 і там жа перайсці шляхі чыгуначнага тэхнічнага тупіка. Для таго каб высветліць, як ямчэй пад’ехаць да славутасці, лепш звяртацца да maps.me: на гэтых картах уважлівыя вандроўнікі нанеслі, наогул усе аб’екты. Але на далёкія адлегласці лепш карыстацца іншымі службамі – maps.me ўсё роўна, на якім вы аўтамабілі і колькі каштуе яго рамонт, ён часта выбірае нейкія сумнеўныя сцежкі.
Па трасе Е30 поўна заправак з класічным, неакласічным і нават авангардным фастфудам, у раёне Оршы да іх дадаюцца месцы кшталту кафэ «Встреча. Оршанский перекресток» або «Пілігрым». У Дуброўне на вуліцы Крупскай ёсць кавярня з інтрыгоўнай назвай «Сустрэча з Рыкарда», але мы не рызыкнулі – як і з двума прыдарожнымі кафэ.
Тым, хто не любіць прыгоды, лепш шукаць ежу ў Оршы – у будынку былога езуіцкага калегіума ёсць кафэ «Замкавае», дзе шмат маянэзу і чакання, але ў цэлым зносна. А яшчэ ў цэнтры горада ёсць «Сушы Ешка» – назва злёгку палохае, але перакусіць можна без боязі, галоўнае – многага не чакайце.
У летні час гэты маршрут можна пераадолець за светлавы дзень, але, калі патрэба ўсё ж такі прымушае вас застацца недзе ў Аршанскім раёне, звяртайцеся да belhotel.by або booking.com: там па 3-4 варыянты размяшчэння з дыванамі, квяцістымі пакрываламі і шторамі з ламбрэкенамі, хаця ёсць і больш стрыманыя прапановы.
А калі вы не баіцеся рызыкнуць і праехаць лішнія 100 кіламетраў, можаце пашукаць жыллё ў Смаленску: з беларускім пашпартам праз мяжу прапускаюць без даглядаў, а варыянтаў для ежы і начлегу шмат больш.
Фота:
Сергей Кравченко, fgb.by, globus.tut.by, yandex.ru,
wikimedia.org, orda.of.by, radzima.org, karty.by.