На штогадовай прэс-канферэнцыі для рэгіянальных расійскіх СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “Калінінград, падабаецца гэта расійскаму кіраўніцтву ці не, — зона адказнасці Беларусі”, маўляў, “у савецкія часы Калінінградскую вобласць хацелі далучыць да Беларусі, і ўжо былі напрацаваныя каласальныя сувязі”, ну а ён гэтыя сувязі падтрымлівае і развівае. Выказванні першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выклікалі шырокі рэзананс у сеціве, дзе неабыякавыя да гісторыі і сучаснасці асобы пачалі абмяркоўваць беларускія перспектывы Калінінграда.
Упершыню пра тое, што Калінінградская вобласць магла ўвайсці ў склад БССР, я пачуў ад свайго аднакурсніка З. пасля чарговай пары па найноўшай гісторыі Беларусі. Лекцыя, якая тычылася пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі, была не надта цікавай, як заўжды лічбы, статыстыка, дадзеныя колькі, калі і чаго было адноўлена. Мой жа таварыш гаварыў зусім пра іншае — пра тэрыторыі, якія нашая краіна страціла перад і пасля вайны, а таксама на якія магла б разжыцца. “Нічога дрэннага ў тым, што дзяржава прырастае новымі землямі, — казаў ён мне, калі мы ішлі па цёмным парку. — Наадварот, гэта выдатна, асабліва калі ёсць выхад да мора. Нам ён неабходны, Беларусь павінная быць марскою дзяржавай!” Нягледзячы на тое, што мой суразмоўца належаў да ліку летуценнікаў, якіх заўжды багата на гістфаку, гэтым разам ён гаварыў рацыянальна і пераканаўча. Ад яго я і даведаўся, што ў часы кіравання Мікіты Хрушчова, калі ў склад Украіны ўвайшоў Крым, нібыта існаваў план перадачы БССР Калінінградскай вобласці РСФСР і на мапах ужо быў намаляваны “калідор” для беларусаў да Балтыйскага мора праз Літву і Польшчу. Насамрэч жа гісторыя выглядала крыху іначай.
Гісторыю з Калінінградам лепш пачаць з іншай, менш вясёлай гісторыі — спробы перадачы Полацка і полацкай вобласці РФССР, як задумалі Малянкоў і Хрушчоў у 1944 годзе. На адмысловай нарадзе па гэтым пытанні вядомы савецкі дзеяч Панцеляймон Панамарэнка, які на той момант узначальваў Савет народных камісараў БССР, давёў Сталіну нелагічнасць такіх прапановаў. Яго довады на карысць захавання горада ў складзе БССР былі адпаведныя часу: спрадвечна беларускі горад Полацк, які заўжды быў у складзе БССР і з’яўляўся радзімай беларускага першадрукара Францыска Скарыны, нельга проста так узяць і адарваць ад Беларусі, якая і без гэтага моцна пацярпела ў вайну і страціла частку тэрыторый пасля яе. Да ўсяго, беларусы гэтыя могуць не зразумець і пакрыўдзіцца, а беларусаў крыўдзіць не рэкамендуецца. Народ жа харошы. Сталін пагадзіўся з аргументамі Панцеляймона Кандратавіча, які, на думку некаторых спецыялістаў, быў сталінскім фаварытам і мог нават змяніць бацьку народаў ля стырна першай дзяржавы працоўных і сялян. Упільнаваўшы Полацк у складзе Беларусі, Панамарэнка заняўся іншым горадам.
Адразу пасля вайны адбывалася актыўнае засяленне савецкімі грамадзянамі тэрыторыі Усходняй Прусіі, частка якой разам з горадам Кёнігсбергам па ўмовах Пастдамскай канферэнцыі адышла да савецкай Расіі і займела новае ганарлівае імя Калінінград, у гонар усесаюзнага старасты таварыша Калініна.
Аднымі з першых падымаць прускую цаліну выправіліся беларусы, для якіх ні нямецкі Кёнігсберг, ні цяпер савецкі Калінінград ніколі чужым не быў, пра што сведчыць беларуская старажытная назва гэтага горада — Каралявец. Выпраўляліся ў новыя землі добраахвотна, але пад “чуйным”кіраўніцтвам ВКП(б)Б, якая 20 ліпеня 1946 года прыняла адпаведную пастанову “Аб мерапрыемствах па засяленні і развіцці сельскай гаспадаркі Калінінградскай вобласці”. Згодна з дакументам, насельніцтва з разбураных вайною мясцовасцяў БССР, у асноўным з усходняй часткі рэспублікі, планавалася перасяліць у былую Усходнюю Прусію. Так у жніўні-кастрычніку 1946 года з Беларусі на добраахвотных пачатках павінна было выехаць на пастаяннае жыхарства ў Калінінградскую вобласць дзве з паловай тысячы сем’яў калгаснікаў. Размеркаванне па абласцях выглядала наступным чынам: з Віцебскай вобласці — 425 сем’яў, Гомельскай — 400, Бабруйскай — 400, Магілёўскай — 425, Мінскай — 450, Палескай — 350 і з Полацкай вобласці — 50 сем’яў. У далейшым беларускую прысутнасць планавалася павялічыць яшчэ больш.
Папярэднічала перасяленню вялікая “массово-разъяснительная работа”. Людзям у індывідуальным і калектыўным парадку тлумачылі пра перавагі жыцця на новым месцы. Што гэта такое я ведаю з сямейнага досведу: у канцы 20-х мой прадзед, дзед Костусь, наслухаўшыся партработнікаў і агітатараў, вырашыў перабрацца ў Чалябінскую вобласць. Там нібыта і землі новыя раздавалі, і жылося людзям нашмат лепей, чым у нашай старонцы. Прадзед прадаў хату, набыў квіткі на цягнік для ўсёй вялікай сям’і і выправіўся насустрач светлай будучыні, якая аказалася не такой ужо і светлай, а тым больш шчаслівай. Прыехалі, атабарыліся, пачалі жыць. Новае месца аказалася настолькі суворым, што ўся сям’я ледзь не адправілася ў лепшы свет ад голаду, холаду і хваробаў. Сабраўшы неяк грошы, вярнуліся ўжо ў трыццатыя, дзякуй Богу, усе здаровыя і жывыя.
Але Калінінград — не Чалябінская вобласць, таму і правілы тут былі іншыя. Добраахвотнікам даваліся разнастайныя льготы: калгаснікі вызваляліся ад падаткаў, у дарогу дазвалялася браць скаціну, птушак і пчол, тым, хто не меў уласнай гаспадаркі, дзяржава абавязвалася выдаць усё патрэбнае і неабходнае. У дарогу давалі сухі паёк. Па савецкіх мерках выязджалі з камфортам.
Адным перасяленнем, праўда, не абмежавалася. У хуткім часе пасля яго пачатку Панамарэнка звярнуўся да таварыша Сталіна з прапановай перадаць Калінінград у склад Беларусі, які ён разглядаў, як марскія вароты БССР. Каб не быць галаслоўным, Панамарэнка падмацаваў сваю просьбу аб’ёмным дакументам, дзе разглядаліся перспектывы далучэння Калінінградскай вобласці да БССР і над якім працавалі многія адмыслоўцы і вучоныя, дасканальна вывучаючы мажлівыя станоўчыя і адмоўныя наступствы такога мерапрыемства. У ЦК пачалося актыўнае абмеркаванне праекта. Абставіны таго абмеркавання цікава падае Уладзімір Даброў у сваёй кнізе “Таемны пераемнік Сталіна”, якая, уласна, і прысвечаная асобе Панамарэнкі. Зразумела, што гэтую кнігу нельга выкарыстоўваць у якасці гістарычнай крыніцы, але пагартаць цікава.
Аўтар сцвярджае, што большасць савецкіх дзеячаў, сярод якіх былі Малянкоў і Хрушчоў, выказваліся пра нерэалістычнасць прапанаванага Панамарэнкам плану і яго заўчаснасць. Панамарэнка ж настойваў на сваім, маючы ў абойме даволі рэалістычныя і прагматычныя аргументы: Беларусі патрэбны выхад да Балтыйскага мора, бо гэта паскорыць і палепшыць яе эканамічнае развіццё; Беларусь моцна пацярпела ў вайне, таму мае законнае права крыху разжыцца свежапрынятымі землямі; далучэнне Калінінграда да БССР дазволіць кантраляваць савецкую Літву ў выпадку яе нелаяльнасці да цэнтра і, канечне ж, славянскае насельніцтва, якое без Беларусі атрымліваецца ў атачэнні прыбалтыйскіх рэспублік і Польшчы. Сталіну нібыта спадабалася такая аргументацыя, але канчатковае вырашэнне пытання па перадачы Калінінграда ён вырашыў адкласці да лепшых часоў, якія так і не надышлі. У 1948 годзе Панамарэнка пайшоў на павышэнне і пачаў працаваць у Маскве сакратаром ЦК ВКП(б). Зразумела, што цяпер яго мала цікавілі беларускія інтарэсы, таму ён больш ніколі не ўздымаў рэзананснага пытання.
Беларусы ж тым часам працягвалі паступова павышаць сваю прысутнасць: паводле сучасных перапісаў, прадстаўнікі беларускай нацыянальнасці складаюць другую пасля расійцаў групу насельніцтва Калінінградскай вобласці. Прадстаўнікі тамтэйшага беларускага зямляцтва скінуліся і ўсталявалі ў Калінінградзе помнік Францыску Скарыну, можа быць, зусім і не выпадкова? Хто яго ведае…
Калінінград, які мог стаць беларускім, так і застаўся ў складзе РСФСР, а гісторыя пра яго мажлівую перадачу папоўніла шэраг беларускіх міфаў і легендаў пра няспраўджаныя мары і надзеі, якія час ад часу згадвае нават прэзідэнт краіны.
Канстанцін Касяк