14 снежня у ДУ “ Дзвіна”, у Віцебску, адбылася прэзентацыя дыска аўтэнтычных песень запісу 1968-69 гадоў “Пад ясну зарыцу”, на якім сабраная песенна-абрадавая традыцыя Міёршчыны па матэрыялах аўдыёкалекцыі Сяргея Панізніка.
Сп. Сяргей Панізнік распавёў пра ідэю і гісторыю стварэння дыску, пра выканаўцаў спеваў, а таксама зачытаў шмат сваіх вершаў. Госці мерапрыемства пачулі шматлікія народныя прымаўкі, якія ён асабіста занатаваў падчас размоваў са старэйшымі жыхарамі беларускіх вёсачак (напрыклад: “калі з галавой не дагаварыўся, тады да ног і не суйся” , “праўды з ногаць, а маны па локаць”, ці што такое “слова на дабрыдзень” .
Усе, хто прыйшоў на імпрэзу, атрымалі вялікую радасць ад судакранання з вечнасцю аўтэнтычных песень. Спявак Сяржук Доўгушаў і гурт “Паўночная Сухадроўка” зладзілі цёплую сяброўскую бяседу, з музыкай ды спевамі.“Аўдыёкалекцыю спадара Панізьніка можна называць сапраўднай анталогіяй: дзякуючы ёй знаёмішся з багацейшым пластом традыцыйнага сольнага і сумеснага спявання, — кажа спявак, фалькларыст Cяргей Доўгушаў, —
Збіральнік народных скарбаў імкнуўся максімальна поўна зафіксаваць усё, што захавала выдатная памяць спявачак, таму на дыску шмат калядных, купальскіх, валачобных, вясельных і радзінных песень. Выдатны матэрыял для ўзнаўлення святаў! Цудоўная падмога аматарам традыцыйных сямейных імпрэз! І для вывучэння фальклору паўночнага рэгіёна Беларусі дыск надзвычай карысны.
Праслухаеш — і маеш цэласнае ўяўленне пра спеўную сістэму з таго рэгіёну”.
Трэба спадзявацца, гэта сустрэча была не апошняй, тым болей што Сяргею Сцяпанавічу яшчэ ёсць чым падзяліцца. «Я вяселле запісаў у Лявонпалі», – адзначыў ён як бы між іншым, так што нагода для наступнай імпрэзы ўжо ёсць.