Памятаеце гэтае векавечнае абурэньне: маўляў, дык а навошта наагул патрэбная вашая беларуская мова, ці ж яна накорміць? Дык вось беларуская мова, шаноўныя, не папросту накорміць, але й наагул... навучыць, як трэба жыць! Уявіце сабе! І сёньня ў рубрыцы «Прыдарожны пыл» на Budzma.org Валера Руселік тлумачыць адказ на гэтае векавечнае пытаньне літаральна двума беларускімі словамі.
Беларуская мова мае падказкі на ўсе выпадкі жыцьця! Фота krupki.by
Жарты жартамі, але сучасны стан беларускае мовы наўрад ці выкліча ўсьмешку у кагосьці апрача зацятых беларусафобаў. Вытураюць нашую родную мову адусюль, адкуль толькі магчыма. На ўсялякі беларускамоўны запыт — аднолькавы дубовы адказ пра «у нас два государственных языка». Дый пагатоў што гэта вы гэтак падазрыцельна па-беларуску разгаварываеце? У міліцыю захацелі?
Ну ды што я вам распавядаю: вы й самыя ведаеце сытуацыю ня горай за мяне.
Вядома ж, пэўны аптымізм яшчэ захоўваецца: хай беларусы пераважна не карыстаюцца роднай мовай, але прынамсі ведаюць яе. Ну, больш-менш. Бо часьцяком і расейскамоўныя, і беларускамоўныя беларусы блытаюць самыя простыя словы. Да прыкладу, «табе-цябе», «сабе-сябе» і г.д.
«Табе» ці «цябе»? «Сабе» ці «сябе»? Як трэба? Фота pixaby.com
Ну альбо — «зараз» і «цяпер».
Хто ня блытае, калі ласка, памаўчэце хвілінку — патлумачу астатнім розьніцу паміж гэтымі словамі. «Зараз» — гэта слова з найбліжэйшай будучыні, тое, што вось-вось адбудзецца: зараз вазьму, зараз пачну, зараз скажу. А вось слова «цяпер» — гэта самы сапраўдны цяперашні час: цяпер трымаю, цяпер раблю, цяпер кажу.
Дарэчы, можна сказаць і «зараз прыйду», і «зараз іду» — і абодва гэтыя выказваньні будуць тычыцца адно будучага часу. А вось «цяпер іду» — гэта ўжо вось я іду ў дадзены момант.
Зразумелі? Запомнілі? Тады ідзем далей.
Самае цікавае, што гэтая блытаніна «зараз-цяпер» вельмі дарэчна кладзецца на ўсім вядомую параду, як варта жыць: тут і цяпер! А мы з вамі як жывем? Пераважна — зараз! Зараз пачнем размаўляць па-беларуску, зараз зоймемся ўласным здароўем, зараз разграбем вэрхал ва ўласным пакоі і ўва ўласным жыцьці і г.д. То бок вось-вось, з наступнага панядзелку, ад Новага Году, яшчэ трошачкі — і абавязкова!
Праўда?
І што, ці шмат з адкладзенага зь «цяпер» да «зараз» увасобілася ў жыцьцё? Альбо па-ранейшаму ляжыць у самай далёкай шуфлядзе і чакае свайго «вось-вось»? Ну, давайце шчыра.
Пакуль вы адказваеце самыя для сябе на гэтае пытаньне, нагадаю яшчэ адну ўсім вядомую ісьціну: не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёньня! Перафразоўваючы, можна сказаць: замест таго, каб зрабіць штосьці зараз, рабі гэта цяпер! Ну бо, як бы гэта ні гучала, але ў нашым жыцьці насамрэч няма аніякага «заўтра», няма аніякага «зараз» — заўжды ёсьць толькі «цяпер».
А таму ўсё проста: гавары па-беларуску цяпер — хай нават і адно-два словы; адстаў пляшку зь півам і пі гарбату; набірай на тэлефоне сваіх блізкіх, каб сказаць, як ты іх любіш; бяры складвай раскіданую па пакоі вопратку і г.д.
Таму што нашае жыцьцё — яно вось, тут і цяпер, і іншага «сёньня», іншага «цяпер» ужо больш ніколі ня будзе. Найлепшы момант палепшыць сваё ўласнае жыцьцё і жыцьцё сваіх блізкіх — вось менавіта гэты момант, калі вы чытаеце гэтыя радкі.
Ну і апошняя на сёньня ўсім вядомая ісьціна: пражывай кожны момант твайго жыцьця як апошні! Давайце перафразую, каб гучала ня гэтак змрочна:
Жыві напоўніцу — жыві тут і цяпер!
Няма нічога прыгажэй за жыцьцё, сатканае з мноства «цяпер»! Фота аўтара
Валера Руселік, Budzma.org