У 1908 годзе ўраджэнец Гродзенскай губерні Аляксандр Маліноўскі надрукаваў фантастычны раман “Чырвоная зорка” пра палёт на Марс. Сёння, калі Ілан Маск сур’ёзна рыхтуецца да вандроўкі на тую планету, цікава паглядзець, як уяўлялі гэты працэс нашы землякі стагоддзе таму. Budzma.by прачытала раман і прапануе выбраныя цытаты.
Аляксандр Маліноўскі больш вядомы як Багданаў. Ён нарадзіўся ў мястэчку Сакоўка Гродзенскай губерні ў 1873 годзе і стаў даволі вядомай гістарычнай асобай: палітыкам — паплечнікам Леніна, вучоным — прадказаў высновы кібернетыкі, дзякуючы чаму яго імя вядомае на Захадзе, медыкам — арганізаваў першы ў свеце Інстытут пералівання крыві, літаратарам — папярэднікам савецкай навуковай фантастыкі.
Раман “Чырвоная зорка” ўпершыню быў надрукаваны ў 1908 годзе ў часопісе “Товарищество художников печати” і перадрукоўваўся ў 1918 і 1929 гадах. У ім аўтар апісаў вандроўку зямляніна Леаніда на Марс, дзе той пабачыў нешта падобнае да ідэальнага камуністычнага грамадства.
Як карабель выглядаў і рухаўся
Леаніда запрасілі на планету марсіяне. На іх касмічным караблі-этэранефе даляцець да Марса можна было за два з паловай месяцы. З выгляду лётны апарат быў “амаль што шар, са згладжаным сегментам унізе, як пастаўленае калумбава яйка. Што тычыцца матэрыялаў, то пераважалі алюміній і шкло”.
Рухаўся карабель у касмічнай прасторы дзякуючы сінтэзаванай “мінус-матэрыі”, якая не прыцягвалася планетамі і Сонцам, а адштурхоўвалася. “Карабель робіцца са звычайных матэрыялаў, але ўтрымлівае ўнутры рэзервуар з “матэрыяй адмоўнага тыпу”. Яе аб’ём ураўнаважвае вагу карабля . Потым застаецца толькі надаць гэтай бязважкай сістэме належную хуткасць”, — тлумачыў марсіянін Леаніду.
Для гэтага выкарыстоўваўся атамны рухавік.
“Рухальная сіла этэранефа — радыіруючае рэчыва, якое мы багата здабываем, — распавядаў марсіянін. — Мы знайшлі, як паскорыць раскладанне яго элементаў у сотні тысяч разоў. Такім чынам вызваляецца вялікая колькасць энергіі. Часціцы атамаў разлятаюцца з хуткасцю, якая ў дзясяткі тысяч разоў пераўзыходзіць хуткасць артылерыйскіх снарадаў. Калі гэтыя часціцы могуць вылятаць з этэранефа толькі па адным канале з непранікальнымі сценкамі, тады ўвесь этэранеф рухаецца ў процілеглы бок, як гэта бывае пры аддачы стрэльбы”.
Раскладанне атамаў адбывалася ў “вертыкальным металічным цыліндры з осмію — вельмі тугаплаўкага высакароднага металу, роднаснага плаціне”.
Як атрымлівалі кісларод
На караблі быў “кіслародны” пакой: “У ім захоўваліся запасы кіслароду ў выглядзе 25 тон берталетавай солі, з якой можна было вылучыць 10 тысяч кубічных метраў кіслароду: гэтай колькасці дастаткова для некалькіх падарожжаў. Тут жа знаходзіліся апараты для раскладання берталетавай солі. Там жа захоўваліся запасы барыту для паглынання з паветра вуглякіслага газу, а таксама запасы сернага ангідрыду для збору лішняй вільгаці і лятучага леўкамаіну — фізіялагічнай атруты, што вылучаецца пры дыханні і непараўнальна больш шкодная, чым вуглекіслата”.
Карабель быў шматпавярховы, з пад’ёмнікам, дзвюма абсерваторыямі, водным рэзервуарам. І ўсюды — крыштальная падлога.
Тэрор і варварскі патрыятызм
У кнізе Багданава шмат цікавых прадказанняў і наконт развіцця грамадства, а менавіта сацыялістычнага. Вось адно з іх, якое спраўдзілася праз некалькі гадоў пасля выхаду рамана: “Там, дзе сацыялізм утрымаецца і пераможа, яго характар будзе глыбока і надоўга скажоны гадамі аблогі, неабходнага тэрору і ваеншчыны з непазбежным наступствам — варварскім патрыятызмам”.
Ганна Кручкова