Любое адзенне трэба ўмець насіць, гэта тычыцца і беларускага народнага строя. Існуюць пэўныя правілы, якія ў вясковай культуры асабліва не агучваюцца, але якія варта ўлічваць, калі вы хочаце быць апранутымі ў адпаведнасці з нашай традыцыяй.
МУЖЧЫНЫ
1. Кашулю трэба абавязкова падпярэзваць паясом.
2. Паяс павінен быць пад жыватом. Не над жыватом, ні ўпоперак жывата, а менавіта пад жыватом.
3. Канцы паяса павінны звісаць прыкладна аднолькава па даўжыні і не мусяць цягнуцца па зямлі.
4. Кашулю носяць зашпіленай (і на шыі, і на руках). Расшпільваюць яе толькі падчас цяжкой фізічнай працы і моцнай спёкі.
5. Заўжды носяць толькі адзін паяс або рэмень.
6. Не варта апранаць кашулю на швэдар і г.д. Калі прыходзіцца штосьці апрануць пад кашулю, каб не змерзнуць, то можна пашукаць прынамсі менш заўважнае адзенне. Абутак таксама мусіць пасаваць да строя.
.
ЖАНЧЫНЫ
1. Жаночую кашулю носяць зашпіленай. Тое ж правіла, што і з мужчынскімі кашулямі.
2. Спадніца мусіць добра сядзець на таліі.
3. Спадніца, фартух і паяс прыстройваюцца на таліі “у адну лінію”.
4. Спадніца заўжды даўжэйшая за фартух , хаця б на некалькі сантыметраў.
5. Канцы паяса не павінны быць даўжэйшымі за спадніцу, цягнуцца па зямлі.
6. Не апранайце традыцыйны строй на нагавіцы, швэдар і г.д.
7. Так носяць хустку толькі тады, калі займаюцца працай (у полі, у лесе, у агародзе і да т.п.), каб твар не абгарэў.
8. Завязваць пацеркі на вузел – сучасная мода, традыцыйна так пацеркі не насілі. Калі даўгія пацеркі ўвесь час спаўзаюць, можна звязаць іх стужачкай ззаду.
9. Абутак мусіць пасаваць да строя. Варта падбіраць абутак з закрытымі пальцамі, на невялікім абцасе.
У канцы варта дадаць, што мужчынскі ці жаночы строй лічыцца поўным тады, калі ён уключае ў сябе галаўны ўбор.
Ганна Сілівончык
Мадэлі: Аляксандра Духноўская, Віктар Шыпкоў.
Фота: Міхася Аракчэева.