За апошнія гады Гомель змяніўся больш, чым некаторыя гараджане паспелі заўважыць. Зніклі вуліцы са сваёй атмасферай, драўляная забудова, фрагменты савецкай архітэктуры, што надавалі гораду адметнасць. Новыя дамы і рамонты рэдка ўлічваюць гістарычнае асяроддзе, а адметныя месцы — ад Валатаўской да Дома сувязі — ператвараюцца ў тыпавыя, пазбаўленыя рыс, якія яшчэ нядаўна фармавалі гарадскі ландшафт.
Гісторык і урбаніст Яўген Меркіс дзесяць гадоў таму прапаноўваў мапу будучыні — у ёй былі мары пра пешаходныя вуліцы, заапарк на другім беразе Сожа, оперу, аквапарк, захаваную драўляную забудову, культурныя цэнтры і жывы бераг ракі. Мапа павінна была разварушыць уяўленне гараджанаў, запачаткаваць дыскусію пра тое, якім можа быць горад. Але замест развіцця прыйшлі дзве хвалі — масавае знішчэнне архітэктурнай спадчыны і пасля 2020 года поўнае вынішчэнне грамадзянскай супольнасці.
Штодзень звярнуўся да Яўгена з пытаннямі пра Гомель, які мы страцілі за апошнія гады.
Штодзень: Гадоў дзесяць таму, калі ты яшчэ ўзначальваў «Талаку», вы разам з калегамі рабілі альтэрнатыўную мапу Гомеля. У гэтым праекце вы адзначалі розныя аб’екты, якія варта было б стварыць: напрыклад, заапарк на другім беразе Сожа, пешаходную вуліцу, оперу, аквапарк... Ці рэалізавалася хоць нешта з гэтых ідэяў?
Яўген Меркіс: Мэтай нашай альтэрнатыўнай мапы была проста разварушыць размову на той момант — паказаць гомельцам, якія прагнуць больш актыўных пераменаў у горадзе, што трэба марыць, трэба займацца рэалізацыяй ідэяў, трэба часам ставіць сабе, умоўна кажучы, неверагодныя мэты. І на той момант гэта сапраўды абудзіла дыскусію. Нас тады сустрэла хваля людзей, якія выходзілі на сувязь нават з іншых гарадоў. Мне пісалі: «Слухай, дай мне асобнік мапы, я хачу яе трымаць у руках. Так натхніла!» Некаторыя нават пайшлі ў больш актыўную дзейнасць — менавіта паглядзеўшы на мапу, даведаўшыся пра праблемныя кропкі ў развіцці горада: пра знішчэнне традыцыйнай драўлянай забудовы, пра скарачэнне зялёных зон... Сваю пэўную асветніцкую ролю гэтая мапа дакладна выканала.
Зразумела, мы часам дазвалялі сабе і зусім неверагодныя рэчы, як, напрыклад, узнікненне ў Гомелі оперы. Тады яшчэ нават не скончылі рэканструкцыю абласнога ДК каля вакзала, а мы ўжо думалі: «Ну чаму б не памарыць у гэтым кірунку? Чаму Гомель не можа стаць другім горадам у Беларусі, дзе ёсць опера ці балет?» Нехта ж мусіць пра гэта марыць.


А калі б цяпер у цябе была магчымасць намаляваць мапу аб’ектаў, якія зніклі?
— Мы з калегамі калісьці думалі зрабіць «чорную і чырвоную кнігу Гомеля». Чорную — для ўжо страчаных архітэктурных адметнасцяў, не толькі драўлянай забудовы. Чырвоную — для тых, што цяпер пад пагрозай. І за апошнія 5–10 гадоў разуменне, мне здаецца, нават пашырылася. Бо сёння пад пагрозай не толькі традыцыйная драўляная архітэктура. У нас рэканструкцыі і рамонты часта робяцца так, што будынкі губляюць апошнія рысы, якія ў іх былі. І гэта датычыцца нават савецкай спадчыны. Пра яе таксама трэба размаўляць. Мы не любім Савецкі Саюз, але ў горадзе ёсць будынкі, якія фармавалі яго вобраз, укладваліся ў архітэктурнае асяроддзе, і былі даволі адметныя. А сёння іх падчас рамонтаў ператвараюць у нешта абсалютна бязлікае.
Самы свежы прыклад — Дом сувязі на цэнтральнай плошчы Гомеля. Савецкі, масіўны, у стылі позняга савецкага мадэрнізму 1970–80-х. Ён меў сваю выразную прывязку да наваколля. А цяпер яго абляпілі таннымі панэлямі — і візуальна ён падобны да любой крамы тыпу «Светлафор» у якім-небудзь раённым цэнтры. У нас яшчэ застаўся адзін падобны будынак — на Леніна,10, таксама высотка. Дык вось я баюся, што калі возьмуцца яго рамантаваць, яны гэтак жа знішчаць усе ягоныя адметныя рысы.
Падобныя будынкі ў краінах, якія таксама былі ў сацыялістычным лагеры, цяпер ахоўваюць, рэстаўруюць, надаюць ім новую якасць. А ў нас — найчасцей проста хаваюць іх пад таннымі матэрыяламі.
Напрыклад, у былым ГДР, у Ляйпцыгу, дзе ёсць шмат будынкаў, збудаваных у савецкі час, — там вельмі акуратна захоўваюць усе архітэктурныя адметнасці. У нас жа пра гэта амаль не размаўляюць. Ніхто не ўздымае тэмы будынкаў канструктывізму і постканструктывізму, спосабаў іх рамонту. І мы гэтую спадчыну таксама губляем.
Асабліва крыўдна тое, што ў нас у горадзе шмат людзей, якія захапляюцца Савецкім Саюзам. І ты ім кажаш: «Калі вам гэта так даспадобы, дык чаму вы нават пальцам аб палец не ўдарылі, не зрабілі хаця б нейкую петыцыю, каб захаваць гэтую савецкую спадчыну? Памаглі б хоць у гэтым, праўда?» Але людзі прывыклі чакаць, што «там наверсе» зробяць усё за іх, і ніякай актыўнасці не праяўляюць.
Як ты ацэньваеш цяперашні выгляд вуліцы Валатаўской у Гомелі, якая некалі захоўвала атмасферу старога горада?
— Валатаўская — адна з найстарэйшых вуліц Гомеля: тое, што з ёй адбылося за апошнія дзесяць гадоў, адкрывае шмат пытанняў — і пра знішчэнне рэшткаў традыцыйнай драўлянай забудовы, і пра іншыя страты. Гэта вуліца, дзе частка тратуараў яшчэ была выкладзеная клінкерам, дзе захоўвалася свая атмасфера. Усё гэта знішчылі, нават толкам не зафіксаваўшы. Ні сфатаграфавалі, ні апісалі. Нібыта гораду гэта і не цікава.
Другая праблема — на месцы старой забудовы паўсталі жыллёвыя высоткі. Я не супраць таго, каб людзі жылі ў цэнтры — гэта нармальна. Але без грамадскага абмеркавання, без разумення, што гэтае месца можна было выкарыстаць інакш. Бо гэта самы цэнтр горада! Тут павінны былі з’яўляцца турыстычныя аб’екты. Куды цяпер везці турыстаў?
Калі раней я мог як экскурсавод паказаць хораша захаваныя фрагменты на Валатаўской або на Парыжскай Камуны, то ў 2020–2022 гадах мне ўжо не было куды весці — паказваць шматпавярховікі, дзе проста жывуць людзі?
Падобная сітуацыя і з высоткай на месцы старых яўрэйскіх могілак — той самы гучны выпадак. Тое, як будавалі гэты дом, паказала, наколькі абыякава ставяцца нават да ўласнага заканадаўства. Хацелі пабудаваць? Дык зрабілі б спачатку археалагічныя раскопкі, далі б магчымасць гісторыкам сабраць рэшткі, зафіксаваць. А ўжо потым — калі вельмі трэба — будуйце. Але ўсё зрабілі хутка і абыякава.
І яшчэ вялікае пытанне — гэта ўрбаністычнае развіццё і выгляд горада. Высоткі, якія ўзнікаюць на ўзвышшы ля ракі, цалкам змяняюць ландшафт. А вуліца Валатаўская, напрыклад, ператварылася ў магістраль, што толькі павялічыла транзіт праз цэнтр. Там, дзе раней быў утульны куток, цяпер плынь машын.
Ці выкарыстоўваецца набярэжная гомельская належным чынам?
— Набярэжная Гомеля мае велізарны патэнцыял. Рака ў цэнтры — гэта адзін з галоўных плюсаў горада: і рэкрэацыйныя магчымасці, і прыгажосць, і прастора. Але набярэжную праектавалі ў савецкія часы, калі галоўным было зрабіць шырока, маштабна, з вялікімі газонамі і бетоннымі сцежкамі. Так, гэта вялікі кавалак тэрыторыі, з якім можна было б цікава працаваць. Можна прывесці прыклад варшаўскай набярэжнай, дзе жыццё віруе круглы год, — сапраўднае месца прыцягнення людзей.
Наша набярэжная пакуль пустая і халодная. І я вельмі баюся, што неўзабаве пачнецца паступовае «асваенне» яе сумнеўнымі праектамі — часовымі кавярнямі і іншым. І ёсць рызыка, што рана ці позна горад дазволіць яшчэ горшае — сталую забудову гэтай прасторы.
І ў нас проста пачнецца нешта, не ведаю, як у нейкіх расійскіх гарадах, кшталту Сочы. Пачнуць набярэжную проста забудоўваць усякімі таннымі кавярнямі рознай архітэктурнай якасці, і гэта месца будзе сапсаванае яшчэ больш.
Таму пакуль што гэта месца з вялізным патэнцыялам, які не да канца выкарыстоўваецца належным чынам. Бачым, што яно запатрабавана гараджанамі — іх заўсёды прыцягвае вада і парк паблізу ці далей.
Пасля рэпрэсій, пасадак і масавай міграцыі, ці захаваўся нейкі патэнцыял для развіцця грамадзянскай супольнасці? І ці не шкада табе таго, што было раней?
— Калі б мы ведалі ўсё наперад, канешне, маглі б значна больш зрабіць. Мне здаецца, што ўсе плюс-мінус працавалі і так на мяжы магчымасцяў і немагчымасцяў. Таму я асабіста не шкадую за тое, што я рабіў, я бачу, як іншыя людзі, ініцыятывы, выкладваліся. Што да магчымасцяў — так, пра свабоднае развіццё казаць не даводзіцца. Усе знаходзяцца ў вельмі запужаным, прыгнечаным стане. Але гэта не азначае, што гараджане, актыўныя людзі, не з’яўляюцца. Яны з’яўляюцца, і спрабуюць нешта рабіць. І велізарная павага і пашана ўсім тым, хто ў сённяшніх умовах спрабуе яшчэ нешта рэалізоўваць, актыўнічаць.
Але, на жаль, цяпер дзяржава дзейнічае так, што яна любую актыўнасць спрабуе або глушыць на самым пачатку, або ствараць такія ўмовы, каб усё гэта не выходзіла далей за нейкія вельмі маленькія ініцыятыўкі, і толькі ў «правільных» напрамках. І як толькі ўзнікае нейкая крытыка, усе гэтыя ініцыятывы спыняюцца. Мне шкада, што пасля 2020 года проста пад нуль разбуралі грамадзянскую супольнасць Гомеля. Тое, што напрацоўвалася ў вельмі цяжкіх умовах, — усё было проста пад корань знiшчана.
У тым ліку гомельская «Талака», культурніцкія арганізацыі, экалагічныя ініцыятывы; філіялы агульнабеларускіх арганізацый — тая ж ахова птушак Бацькаўшчыны — ужо пачыналі дзейнічаць у Гомелі, ужо экалагічныя івэнты праводзіліся, ужо праводзіліся нейкія адукацыйныя семінары нават на мясцовай глебе; АБФ дзейнічаў са сваімі адукацыйнымі праектамі. І ўсё гэта пад нуль проста зрэзалі.
«Мова Нанова», канешне, безумоўна, якая стала значна большым, чым проста моўным праектам, праектам па паляпшэнні родных традыцый. Гэта таксама была прыступка да фармавання моцнай мясцовай супольнасці, дзе людзі маглі пазнаёміцца і атрымаць веды значна шырэйшыя за моўныя — пра тое, што адбываецца ў іх родным краі, у іх родным горадзе. Усяго гэтага вельмі шкада. Таму што гэта адкідвае нас у развіцці проста адразу на дзесяцігоддзі. Бо нам давядзецца спачатку дасягнуць таго ўзроўню, плюс-мінус, а потым толькі пачаць усё гэта наганяць. Гэта можна зрабіць, гэты працэс можна паскорыць, але для гэтага мусяць быць створаны нармальныя ўмовы для развіцця і свабоднага выяўлення гараджан — як на самім высокім узроўні, так і на ўзроўні гарадскіх уладаў.