У Віцебскім касцёле з галоўнай фрэскі зніклі некалькі персанажаў

У касцёле святога Антонія ў Віцебску на фрэсцы замалявалі трох чалавек, паведамляе katolik.life.

Freska

У гэтым вельмі канцэптуальна аформленым храме кожны вобраз мае сэнс, і ў левай частцы фрэскі былі намаляваны двое жаўнераў, якія спяць. Яны сімвалізавалі рымскіх ахоўнікаў ля Труны Хрыста, якія праспалі Яго Уваскрасенне.

Аднак жаўнеры былі апранутыя ў больш сучаснае вайсковае адзенне. Гэты элемент фрэскі меў такі сэнс: Святло пераможа цемру не дзякуючы мілітарнай сіле, але насуперак ёй, калі жаўнеры паснуць.

Freska

Гэтыя фігуры зніклі. Як цяпер выглядае галоўная фрэска з замаляванымі вобразамі, відаць на здымку. Ніжэй — фота ў першапачатковым выглядзе.

Freska

Таксама крыху раней на фрэсцы замалявалі жанчыну ў сукенцы, якая звярталася да Хрыста.

Фрэску адцэнзуравалі ў той час, калі ў ідэалогіі беларускай дзяржавы ўзмацніўся культ мілітарызму — пасля 2020 года. Наколькі вядома вернікам, распараджэнне замаляваць фігуры без узгаднення з аўтарам фрэскі паступіла ад біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Аднак невядома, ці па ягонай ініцыятыве гэта адбылося. Мастацкае рашэнне інтэр’еру касцела, асвечанага ў 2017 годзе, раней узгаднялася з біскупам.