Традыцыйна летам беларусы пакідаюць гарады, каб разам адсвяткаваць Купалле і пабавіцца на прыродзе. Інфаслужба па рашэнні экапраблемаў «Зялёны тэлефон» сабрала рэкамендацыі па бяспечным узаемадзеянні з агнём, лесам і вадой. А таксама падлічыла, у якую суму можа абысціся іх невыкананне за адзін вечар на прыродзе.
Развядзенне вогнішчаў
Фота: pixabay.com
Лета — найбольш пажаранебяспечны перыяд года, а прычына большасці пажараў — чалавек. Таму развадзіць вогнішча, у тым ліку з усталёўкай мангала ці барбекю, варта толькі пры яго размяшчэнні на былых кастрышчах або абсталяваных пляцоўках. Абавязкова сачыце за вогнішчам і майце побач сродкі пажаратушэння — падыйдуць вогнетушыцель альбо наўпрост ёмістасць з вадой. Не дапушчайце пашкоджанне агнём крон, камлёў і каранёў дрэў. Пасля таго, як скончыце гатаваць ежу, абавязкова патушыце вогнішча да поўнага спынення тлення і заліце вуголле вадой, нават калі здаецца, што ўсё патухла.
— Асаблівую рызыку ўзнікнення пажару нясуць непатушаныя запалкі і недакуркі, гарачы попел, а таксама лёгкаўзгаральныя і гаручыя рэчывы, — расказваюць у Зялёным тэлефоне. — У гэты перыяд забаронена запраўляць палівам машыну ў неўстаноўленых для гэтага месцах, а выкарыстанне няспраўных машын і механізмаў нясуць дадатковую небяспеку. Напрыклад, выцячэ гаручая вадкасць, а побач нехта курыць ці паліць вогнішча...
Эксперты звяртаюць увагу, што Пастановай Саўміна № 722 развядзенне вогнішчаў у пажаранебяспечны сезон забаронена на тарфяніках і лесасеках, у лясах-маладняках, сярод іглічных несутыкнутых насаджэнняў вышынёй да метра, а таксама ў месцах з падсохлай травой і ўчастках з пашкоджанымі ветрам ляснымі насаджэннямі, бо там рызыка пажару найвысшая. Выпальваць галлё, лясны подсціл, траву і іншыя лясныя гаручыя матэрыялы таксама небяспечна.
— Калі вы сталі сведкам распальвання вогнішчаў у забароненым месцы з парушэннем патрабаванняў пажарнай бяспекі, папрасіце парушальнікаў патушыць вогнішча, нагадайце, што менавіта такім чынам узнікае большасць лясных пажараў і аб адказнасці паводле артыкула 16.41 КабАП.
Развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах мае вынікам штраф да 12 базавых, а парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках — да 12 базавых пры адсутнасці шкоды і да 30 базавых пры яе нанясенні.
— Запомніце месца і падрабязнасці парушэння, запішыце кантактныя дадзеныя сведкаў, а таксама па магчымасці зрабіце фота- ці відэа. Гэтыя дадзеныя спатрэбяцца падчас складання пратакола ў раённай інспекцыі Мінпрыроды, мясцовым лясгасе, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, а ў выпадку з запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі — у адпаведных прыродаахоўных ўстановах на іх тэрыторыі.
Наведванне лясоў
Фота: pixabay.com
Да пачатку начных пошукаў папараць-кветкі рэкамендуем зірнуць на інтэрактыўную мапу забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах Беларусі, якую рэгулярна абнаўляе Мінлясгас. Мапа падзелена на адміністрацыйныя раёны. Калі націснуць на раён, выскоквае спасылка на тэкставы дакумент, у якім падрабязна напісана, якія канкрэтна дзеянні забаронены ці абмежаваны на гэтай тэрыторыі. Чырвоны колер на мапе абазначае забарону на наведванне, а жоўты — абмежаванне.
Часовая забарона азначае неабходнасць поўнай адмовы ад наведвання лясоў з любой мэтай, у тым ліку для шпацыру ці адпачынку на прыродзе. Гэта робіцца праз высокую рызыку пажараў. У такім выпадку таксама забараняецца ўезд на лясныя тэрыторыі любым транспартным сродкам, акрамя службовых. Аднак часта ўводзяцца менавіта абмежаванні на наведванне лясоў, якія ў кожным канкрэтным выпадку могуць адрознівацца па сваім тэрытарыяльным або часовым дзеянні. Таксама часовыя абмежаванні могуць датычыцца, напрыклад, уезду транспарту, але не пешых шпацыраў.
Збіраючы дровы на вогнішча, памятайце, што за незаконную рубку, пашкоджанне або знішчэнне расліннасці паводле артыкула 16.17 КабАП прадугледжаны штрафы да 20 базавых велічынь, а ў прыродаахоўных, ахоўных і рэкрэацыйна-аздараўленчых лясах — ад 5 да 30 базавых. Самастойная нарыхтоўка дроў забаронена, нават калі гэта ламачча або буралом. Для гэтага ёсць лагічная прычына: паваленыя, пашкоджаныя і сухастойныя дрэвы таксама з’яўляюцца часткай натуральнага асяроддзя лясной фаўны, служаць важнай крыніцай мікраэлементаў, а таму неабходны для падтрымання біяразнастайнасці нашай прыроды. Таму нарыхтоўваць драўніну на ўчастках ляснога фонду ажыццяўляецца за плату і на падставе ордэра ў месцах, дзе ўжо запланавана ўборка.
— Разам з тым ламачча не варта блытаць з лапнікам і галлём, збор якіх з’яўляецца вольным, а таму яны могуць стаць ідэальнай асновай для летніх вогнішчаў. І, канешне, заўсёды можна купіць дровы ў краме і прывезці іх з сабою.
Калі раптам камусьці прыйдзе ў галаву знішчыць мурашнік, гняздо, нару, або неяк яшчэ нашкодзіць дзікім жывёлам, за гэта прадугледжаны штраф да 30 базавых (арт. 16.23 КабАП). Ну і, вядома, забірайце сваё смецце з сабою: абгорткі і недакуркі не толькі пагаршаюць фізічны (і эстэтычны) стан наваколля, але і можа пакарацца штрафам да 10 базавых (артыкул 16.22 КабАП).
Забруджванне вадаёмаў і рыбалоўства
Фота: pixabay.com
Пускайце па рацэ купальскія вянкі, а не смецце: забруджванне паверхневых вод шкодзіць прыродзе і мае вынікам штраф да 20 базавых велічынь (артыкул 16.34 КабАП).
— Насуперак «традыцыі», мыць машыны ў межах водаахоўных зон (таксама як і стаянка механічных транспартных сродкаў да 30 метраў па гарызанталі ад берагавой лініі (арт. 54 Воднага Кодэкса) забаронена.
Таксама эксперты звяртаюць увагу на то, што норма вылаву на аднаго рыбалова за содні на бясплатных вадаёмах складае 5 кілаграм рыбы. Нельга лавіць чырванакніжныя віды рыб і міног, вугроў, а таксама некаторыя іншыя віды рыб падчас нерасту — актуальны спіс і часавыя абмежаванні можна адшукаць у адпаведных правілах.
— Што рабіць, калі выпадкова злавілі «не тую» рыбіну? Проста адразу выпусціце яе ў ваду там жа, дзе паймалі, з як мага меншымі пашкоджаннямі і незалежна ад яе стану.
Забаронены вылаў рыбы сеткамі любых кшталтаў, ужыванне пастак, выбуховых і атрутных рэчываў, электратоку, лоўля з лодкі ў начны час. Штраф за парушэнне правілаў рыбалкі і незаконную лоўлю рыбы для фізічнай асобы складае ад 10 да 30 базавых (артыкул 16.25 КабАП).
Пры выкананні пералічаных рэкамендацый выезд на прыроду пройдзе незабыўна і максімальна экалагічна. А вось сума штрафаў за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства можа дасягнуць 200 базавых велічынь.
— Не забыцца на правілы і не заблытацца дапаможа памятка. Раздрукуйце яе па-беларуску або па-руску, каб павесіць на пляжы, у лесе ці іншым месцы адпачынку на прыродзе або ў сваім пад’ездзе. А калі ў вас засталіся пытанні, пішыце нам па бясплатную кансультацыю, — кажуць у «Зялёным тэлефоне».
Паводле прэ-рэліза