Як не выгараць ад паўсядзённых клопатаў: практычныя парады

Часта так здараецца, што паўсядзённыя справы: прыбрацца, прыгатаваць ежу, папрасаваць вопратку — адымаюць усю радасць і задавальненне ад жыцця. За руціннымі клопатамі мы не заўважаем яркіх і радасных момантаў, дні стаюць шэрымі, падобнымі адзін да аднаго. Асабліва гэта адчуваюць мамачкі, што ў дэкрэтным адпачынку. Але нават і без дэкрэту часта быт нас проста «з’ядае».


Каб не выгараць ад паўсядзённых справаў і атрымліваць асалоду ад жыцця (а не проста «цягнуць лямку» ад пятніцы да пятніцы), прапануем некалькі простых і эфектыўных парад.

Парада 1

Часцей за ўсё пры скаргах на аднолькавыя «шэрыя» дні раяць змяніць абстаноўку: з’ездзіць у адпачынак, адправіцца ў далёкую вандроўку ці хаця б з’ехаць у госці да сваякоў у іншы горад ці вёску (а лепш — у іншую краіну). Але звычайна людзі, у якіх ёсць магчымасць выбірацца куды-небудзь падалей ад роднай хаты хаця б раз на год, у меншай ступені пакутуюць ад «бытавога выгарання».

Таму першая парада будзе іншай. Калі вы адчуваеце, што дзіка ад усяго стаміліся, нішто не прыносіць радасць, дні аднолькавыя і нецікавыя... звярніце ўвагу на свой рэжым сну.

Справа ў тым, што псіхічныя працэсы ў нашым арганізме сыходзяць у стан спакою ўсяго на 3-4 гадзіны ў суткі, прыкладна з 20.00 да 00.00 (плюс — мінус гадзіна на індывідуальныя асаблівасці). У гэты час перапрацоўваюцца эмоцыі, атрыманыя за дзень. Канешне, гэта пры ўмове, што арганізм спіць. Калі мы не спім, то і псіхіка наша актыўна працуе са знешнім светам.

Таму калі мы кладземся спаць пасля 23-х гадзін, нашыя эмоцыі амаль не перапрацоўваюцца — яны назапашваюцца і назапашваюцца. І зранку мы прачынаемся ўжо з грузам неперапрацаваных учарашніх, пазаўчарашніх і г.д. эмоцый. Адкуль жа возьмуцца сілы на радасць новаму дню?

Увогуле важна выбудаваць цалкам рэжым дня, максімальна прыстасаваны пад патрэбы вашага арганізма і ўмовы вашага жыцця. Сбалансаваны (праца — адпачынак; сон — ежа; камунікацыі — час для сябе) рэжым дня — гэта ваш трывалы падмурак для бадзёрасці і добрага настрою ў сучасных шалёных рытмах жыцця, плынях бясконцай інфармацыі, віры разнастайных падзей.

Парада 2

Усе мы ведаем пра карысць шпацыраў на свежым паветры. Амаль пры любым недамаганні лекары раяць больш бываць на вуліцы. Але, каб засцерагчы сябе ад бытавой «дрыгвы», шпацыр мусіць быць яшчэ і свядомым. Гэта значыць, што ідучы па вуліцы вы не занурваецеся ў сябе, не блукаеце думкамі ў заўтрашнім дні, невыкананых абяцаннях, недаробленых справах.

Вы свядома назіраеце за ўсім, што адбываецца навокал: якія гукі вы чуеце, што бачыце, што адчуваюць вашы ногі, скура на твары... Не аналізуеце і не заглыбляецеся, проста фіксуеце сябе ў часе і прасторы. Дзесьці ціўкнула птушка ці загуў матор, халодны ветрык прабегся па скуры, на іншым баку вуліцы загарэўся яркі ліхтар. Проста адзначайце ўсё, што ўспрымаюць вашы органы пачуццяў: пахі, колеры, тэмпературу, гукі і г.д.

Напачатку гэта рабіць досыць складана: думкі звычайна скачуць, што шалёныя, і засяродзіцца менавіта на моманце «тут і цяпер» не атрымліваецца. Але, калі вы зможаце прагуляцца свядома хаця б 5 — 10 хвілін — гэта ўжо вялікае дасягненне!

А даючы штодзень свайму арганізму такі адпачынак, вы хутка пабачыце плён: з’явіцца цікавасць да жыцця, будзе больш энергіі, прачнецца натхненне.

Парада 3

Клопат пра цела — яшчэ адзін важны складнік нашага душэўнага спакою і добрага настрою. Тут маецца на ўвазе не паўсядзённыя абавязковыя рэчы накшталт умывання ды чысткі зубоў. А тое, што прыносіць задавальненне: масажы, маскі для твару, шакаладныя абгортванні, паход у лазню, у басейн, манікюры, педзікюры і г.д. — тое, што вам падабаецца і прыносіць асалоду.

Гэта вельмі важна — песціць сябе. Хаця б раз — два на тыдзень дарыце свайму целу штосьці прыемнае. Гэта неабавязкова мусіць быць паход у дарагі спа-салон ці цырульні на паўдні. Можна выкарыстоўваць рэцэпты хатняй касметыкі, практыкаваць самамасаж альбо карыстацца масажнымі дыванкамі, масажорамі (як варыянт — навучыць кагосьці з блізкіх рабіць вам самы просты масаж на расслабленне). Проста прычосванне драўляным грэбнем альбо ванна з соллю — таксама могуць стаць вашымі «рытуаламі» для аднаўлення. Альбо ўласнаруч прыгатаваная новая страва на прыгожа сервіраваным стале са свечкамі ці нават качанне па мяккім пледзе ці шаўковай прастыні.

Не бойцеся эксперыментаваць! Знаходзьце рэцэпты новых задавальненняў і песціце сябе!

Парада 4

Варта песціць не толькі цела, але і сябе ўцэлым. Знайдзіце ў сваім графіку, якім бы шалёным ён ні быў, час на сябе. Гэта можа быць гадзіна-дзве штодня альбо цэлы дзень раз-два на месяц. Гэты час прысвяціце толькі тым справам, камунікацыям, ежы, якія любіце вы. Вандроўкі, чытанне мастацкай літаратуры, прагляд тэлесерыялаў, паходы ў кіно, салоны прыгажосці, сустрэчы з сябрамі, рукадзелле — усё, што вы любіце, ад чаго атрымліваеце асалоду.

Тут галоўнае — выключыць усе ўнутраныя галасы, якія будуць вам казаць, што так нельга, гэта не нясе ніякай карысці, і так часу ні на што не хапае і д.п. Проста дарыце сабе задавальненне. Праз некаторы час вы пабачыце эфект: сапсаваць настрой вам будзе досыць складана, аднекуль знойдуцца рэсурсы на больш прадуктыўную працу, вы пачнеце заўважаць прыемныя моманты кожнага дня.

Вікторыя Лебедзева, budzma.org