Як пачаць пісаць у Вікіпедыю: 7 практычных парадаў

25.08.2021

Нядаўна мы пісалі пра скандал у Вікіпедыі ў сувязі з выдаленнем артыкула пра беларускі герб «Пагоня». Атрымалася так, што згодна звесткам англамоўнай Вікіпедыі наш нацыянальны герб насамрэч належыць літоўцам, а не з’яўляецца агульнай спадчынай. Каб такія сітуацыі не паўтараліся, неабходна, каб болей беларусаў пачалі пісаць у Вікіпедыю і рэдагаваць яе, ствараючы аб’ектыўныя і грунтоўныя артыкулы пра Беларусь, і у тым ліку даваць актыўны аргументаваны адпор недобразычліўцам Беларусі ў Вікіпедыі, якіх шмат. 


Вікі.png

Гэта цікавы і карысны занятак для людзей, якія маюць схільнасць да даследчыцкай і акадэмічнай дзейнасці (у абсалютна любой сферы), здольнасць да аргументацыі і дэбатаў, любоў да прыгожа аформленага тэксту. І гэта прасцей, чым можа падавацца. 

Алесь Чайчыц адмыслова для чытачоў budzma.org склаў невялікую практычную інструкцыю аб тым, як пачаць пісаць у Вікіпедыю. 

1. Рэгістрацыя

Тут нічога складанага. Усе праўкі ў Вікіпедыі пратакалююцца, у тым ліку ананімныя. Вы будзеце выглядаць нашмат лепш, калі будзеце рабіць праўкі пад вызначаным юзэрнэймам, а не ананімна. Ананімныя праўкі пазначаюцца замест юзэрнэйма вашым IP-адрасам і адразу выглядаюць як дзейнасць бота і хуліганства. 

2. Базавыя правілы афармленьня тэкста ў выглядзе вікі-коду

Як я ўжо пісаў, артыкулы для Вікіпэдыі маюць форму пэўнага нескладанага коду. Гэта дазваляе дадаваць спасылкі, ілюстрацыі, табліцы і іншым чынам рабіць тэкст прыемным і зручным для прачытання. 

Вам, хутчэй за ўсё, спатрэбяцца толькі наступныя элементы: 

Спасылка на іншы вікі-артыкул: трэба выдзеліць слова квадратнымі дужкамі: «[[Беларусь]] — краіна ва Ўсходняй [[Эўропа|Эўропе]]». 

Загалоўкі

 ==Загаловак==
===Загаловак ніжэйшага ўзроўню===
====Загаловак яшчэ ніжэйшага ўзроўню==== 

 • Спасылка на крыніцу або проста зноска: 

Напрыклад, калі хочам спаслацца на сайт «Будзьма», код будзе выглядаць так: 

<ref>[https://www.budzma.org Будзьма] — афіцыйны сайт (тут таксама можна дадаць нейкае тлумачэнне)</ref> 

(А ў самым нізе артыкула трэба дадаць у тым месцы, дзе будуць зноскі). 

Абзацы трэба аддзяляць адзін ад аднаго дадатковым інтэрвалам (лішні раз націснуць Enter). 

Можна дадаваць табліцы, карцінкі, спісы булет-пойнтамі і многае іншае. Самы надзейны спосаб навучыцца — знайсці артыкулы, дзе патрэбны вам элемент ёсць, і падглядзець код там, альбо проста скапіяваць адтуль і замяніць змест на свой. Звычайна ўсё вельмі лагічна і трэба проста быць уважлівымі. 

Добрая дэталёвая інструкцыя ёсць тут.

Самая карысная кнопка ўнізе пад полем для кода — перадпрагляд (Preview). У любы момант можна паглядзець, што на дадзены момант атрымоўваецца і што дзе трэба паправіць. 

У некаторых Вікіпедыях ёсць візуальны рэдактар артыкулаў, але асабіста я ім не карыстаюся: калі раптам штось пойдзе не так, усё роўна давядзецца калупацца ў кодзе. 

Але спрабуйце не ўскладняць, калі не вельмі ўпэўненыя. Галоўнае — якасна напісаны тэкст і спасылкі. 

3. Катэгорыі і спасылкі

Кожны артыкул абавязкова трэба дадаваць у катэгорыі. Гэта трэба, каб ваш артыкул не згубіўся і быў даступны людзям. 

Рабіце ў артыкуле, які пішаце, спасылкі на іншыя артыкулы. Іх можна рабіць адразу ў тэксце, гэта вельмі проста. Адначасова з гэтым, пасля таго, як напішаце свой артыкул, прайдзіцеся па звязаных артыкулах і пастаўце, дзе трэба, спасылкі на ваш свежы артыкул. 

4. Як вырашыць, пра што пісаць? 

Перад тым, як вызначыцца з тэмай, праверце, ці цікавы вам артыкул ужо не быў напісаны. Паглядзіце па катэгорыях, у пошуку. Гэта можа і дадаткова натхніць і прадэманстраваць, чаго ў Вікіпедыі зараз не хапае. 

5. Ніякіх эмоцый 

Калі вы пачатковец у Вікіпедыі, не спяшайцеся выпраўляць несправядлівасць, якую бачыце ў артыкуле. Прыглядзіцеся да праблемы больш пільна. Калі гэта нейкая патэнцыйна канфліктная тэма, вакол яе ўжо магла адбыцца вялікая дыскусія і быць прынятае рашэнне (на жаль, часцей за ўсё невыгоднае нам, бо нас было мала). Напрыклад, няма сэнсу спрабаваць у ангельскай Вікіпедыі пераймяноўваць артыкулы пра беларускія гарады згодна з правіламі лацінкі або правіць у расейскай Вікіпедыі «Белоруссию» на «Беларусь». Усё гэта ўжо абмяркоўвалі, на жаль. Але можна, напрыклад, дадаткова дадаць лацінкавыя назвы ў існуючыя артыкулы (гэта аб’ектыўна іх узбагаціць). Альбо можна дадаваць інфармацыю на правах беларускага пункту гледжання: «а вось значная частка беларускага грамадства лічыць ВКЛ беларускай дзяржавай, матывуючы гэта такімі і такімі прычынамі» (і гэта будзе аб’ектыўны факт). 

У несправядлівых артыкулах пра ВКЛ ці пра дыскрымінацыю беларусаў у міжваеннай Польшчы «пасвяцца» вопытныя і злобныя дітоўскія і польскія нацыяналісты, якім супрацьстаяць можна толькі спасылаючыся на вельмі аўтарытэтныя англамоўныя крыніцы. Спачатку трэба пільна даследаваць крыніцы, адшукаць там патрэбныя сцверджанні, якія падмацоўваць вашую пазіцыю, і толькі тады акуратна дадаваць гэты пункт гледжання ў артыкул. Іначай вашую праўку імгненна скасуюць ды яшчэ напішуць вам гадасцяў пра вашую нібыта некампетэнтнасць. А вам гэта не трэба. 

6. Не вычварайцеся

Вікіпедыя існуе для таго, каб адлюстроўваць рэчаіснасць, а не ствараць яе. На жаль, тут трапляюцца і дзівакі, якія пачынаюць папулярызаваць якіясь малаўжываныя і экзатычныя словы або настойліва прасоўваць спецыфічны погляд на рэчы. Хтосьці правіць «горад» на «места», «год» на «рок» і «біяграфія» на «жыццяпіс». Ёсць дзівакі, якія з найлепшых меркаванняў чамусьці памянялі ў артыкуле пра Беларусь чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. Не трэба гэтым займацца. Лепш пашукайце якасных навуковых артыкулаў пра Беларусь на англійскай мове — далібог, гэта сапраўды трэба. 

7. Гуртуйцеся

Нарэшце, у Вікіпедыі важную ролю грае суполка. Знайдзіце адзінадумцаў і аб’яднайцеся з імі разам, каб абменьвацца думкамі і парадамі, спасылкамі на крыніцы і адказамі на пытанні. Разам цікавей.

Чытайце па тэме: Хобі для эрудытаў: абараняць «Пагоню» ў галоўнай сусветнай энцыклапедыі


Алесь Чайчыц, budzma.org