Ці часта вы сварыцеся са сваім каханым чалавекам? Зазвычай рамантычныя стасункі пачынаюцца з таго, што нават думкі не ўзнікае, што вы можаце пакрыўдзіць адно аднаго, пасварыцца ці раззлавацца на сваю «палавінку». Але праз пэўны час пачынаюцца крыўды, сваркі. І каханы ці каханая ўжо не падаецца такой «ідэальнай» палавінкай.
І часцей за ўсё, гэтыя непрыемнасці выкліканыя простым непаразуменнем. Натуральна, што ў вас розныя погляды на жыццё, розныя звычкі і нават успрыняцце аднаго і таго ж слова можа быць дыяметральна супрацьлеглым.
І, калі вы жадаеце пабудаваць шчаслівы, моцны саюз з каханым чалавекам, то... яго трэба будаваць! Гэта значыць прыкладаць намаганні, каб хутчэй паразумецца нават у самай складанай сітуацыі.
У дадзеным матэрыяле мы прапануем 5 эфектыўных спосабаў палепшыць стасункі з каханымі людзьмі, папярэдзіць сваркі альбо хутчэй выйсці з іх, не пакінуўшы крыўды на сваіх абраннікаў.
Ці даўно вы пісалі каму-небудзь ліст? Не працоўны на е-мэйл ці ў мэсэнджар, а «для душы», асадкай выводзячы кожнае слова? Прыйдзецца ўзгадваць (нават, калі апошні раз «ад рукі» вы пісалі за школьнай партай).
Аснова гэтага метада — пісьмо. І што вельмі важна — пісьмо ўласнаруч. Цягам месяца штодзень вы пішаце 5 — 10 падзяк свайму каханаму ці каханай. За штосьці дакладнае (камплімент, цёплы позірк, пяшчотныя абдымкі — усё можа быць залічана). Нават, калі вы пасварыліся (у гэтым выпадку, колькасць падзяк трэба нават павялічыць) і бачыць не жадаеце партнёра. Проста заўжды трымайце ў галаве — злуецеся вы на сітуацыю, а не на чалавека. Пасля напісання ў ідэале гэты спіс варта зачытаць, гледзячы ў вочы свайму каханаму. Калі па нейкіх прычынах гэта зрабіць немагчыма, то перадаць свае падзякі можна любым іншым спосабам.
Пісаць трэба шчыра. Электронныя гаджэты тут не дапамогуць. Канешне, іх выкарыстоўваць можна: напрыклад, сфатаграфаваць тое, што вы напісалі, і даслаць адрасату.
Сэнс такой практыкі ў тым, што вы прызвычайваецеся заўважаць пазітыўныя моманты ў стасунках, праяўленні клопату і кахання. Вельмі часта здараецца так, што на пачатку рамантычных стасункаў мы адзначаем кожны крок, кожную дробязь, зробленую, каб нас парадаваць. Але з цягам часу гэта пачынае ўспрымацца як належнае, і мы ўжо не заўважаем «штодзённых» намаганняў нас парадаваць.
У пошуках «за што сёння падзякваць майму выбранніку (выбранніцы)», мы пачынаем зноў бачыць, колькі ўсяго для нас робіцца. А, падзякаваўшы за гэтыя намаганні, мы паказваем, наколькі нам дарагі чалавек і як мы цэнім тое, што ён для нас робіць. Нават, калі гэта проста смешная карцінка, скінутая пасярод працоўнага дня, каб падбадзёрыць нас.
Ці здаралася такое, што на вас крыўдуе каханы чалавек, а вы не ведаеце, за што? Альбо вы пакрыўджаныя, а партнёр нават не заўважае гэтага? Часцей за ўсё такое здараецца з-за элементарнай розніцы ва ўспрынятых мадэлях стасункаў. Напрыклад, у сям’і вашага каханага (каханай) было прынята жартаваць адзін з аднаго, а вы ўспрымаеце гэта як абразу.
У такіх выпадках дапаможа толькі спакойная шчырая размова. Калі крыўда настолькі вялікая, што зараз спакойна размаўляць вы не ў стане, лепш адкласці ўсе «высвятленні стасункаў». Пайсці прадыхацца, папіць вадзічкі, папінаць баксёрскую грушу і ўжо «на свежую галаву» паведаміць сваёй палавінцы, што менавіта і чаму вас не задаволіла.
Дарэчы, часта здараецца, што адпрацаваўшы свае негатыўныя эмоцыі, вы разумееце, што пакрыўджаныя вы не на каханага (каханую). У вас проста сапсаваны настрой альбо вы хвалюецеся за нешта іншае. У гэтым выпадку вельмі важна наўпрост расказаць пра гэта. Каб ваш партнёр зразумеў ваш стан і не прыняў вашу злосць (слёзы, агрэсію і г.д.) на свой конт.
Калі ж прычына канфлікту ўсё ж крыецца ў нейкім учынку (словах) каханага, таксама варта пра гэта сказаць. Галоўнае — не ў стылі абвінавачання (чым мы ўсе часта грашым). Выказваць сваё незадаволенне варта ў безасабовай форме: мяне пакрыўдзілі вось гэтыя словы; мне вельмі непрыемны гэты ўчынак... Такім чынам вы паказваеце, што шукаеце не нагоду абвінаваціць, а шлях да паразумення: вы шчыра расказваеце, што вам не падабаецца, як з вамі абыходзіцца нельга.
У такіх выпадках вельмі дапамагаюць «словы-ключы». Аб іх вы дамаўляецеся загадзя. Гэта як з дзеткамі пра «стоп-словы». То бок вы абіраеце словы, якія пакажуць вашаму партнёру, што гэта вам не падабаецца, вы зараз не ў гуморы і вас лепш не чапаць. Альбо, наадварот, што вы вельмі хвалюецеся, і вам патрэбна яго/яе падтрымка. Напрыклад, «абдымі мяне» — можа азначаць, што вы не жадаеце працягваць сварку, хочаце памірыцца.
Усе ведаюць пра неабходнасць бацькоўскіх дотыкаў для нармальнага развіцця дзяцей. Тое ж можна сказаць і пра развіццё любоўных стасункаў. Канешне, звычайна на пачатку рамантычных стасункаў нас цягне адно да аднаго і дотыкаў вельмі шмат: і гуляем мы, трымаючыся за рукі, і абдымаемся пры першай жа магчымасці, і пацалункі, і пагладжванні... Але з развіццём «падзей» такія простыя дотыкі могуць патроху знікаць з ужытку. Ператварацца ў штосьці фармальнае (як пацалункі ў шчаку пры сустрэчы з сябрамі ці сваякамі).
І гэта не лепшым чынам адаб’ецца на вашых адносінах. Нават, калі вы ўжо даўно жывяце пад адным дахам і спіце пад адной коўдрай, пяшчотныя і раптоўныя абдымкі, трыманне за руку падчас паходу ў краму ці паездкі ў трамвайчыку, масаж (нават, калі вы не ўмеце яго рабіць, заўжды можна проста пагладзіць спінку каханага чалавека) дапамогуць вам стаць яшчэ бліжэй і даражэй адно для аднаго.
Такая праява кахання не патрабуе амаль ніякіх намаганняў, але з’яўляецца вельмі моцным «клеем» для любых стасункаў.
Часта, калі ў нас пачынаюцца непаразуменні, спрэчкі ці сваркі з каханымі, мы пачынаем пракручваць у галаве самыя негатыўныя моманты. Нават, калі збольшага мы памірыліся, думкі пра непрыемную сітуацыю яшчэ доўга круцяцца ў нашай галаве. Некаторыя ідуць у гэтым далей — пачынаюць прыпісваць свайму партнёру розныя адмоўныя якасці, узгадваць і наноў пракручваць у думках усе былыя «грашкі», а то і прыдумляць новыя, яшчэ не здзейсненыя.
І мы рэдка задумваемся, што такімі ўспамінамі і «застраваннем» у негатыўных момантах, мы праграмуем свае стасункі і далей на негатыў, непрыязнасць, крыўды.
Лепш маляваць сабе самыя прыгожыя карцінкі з удзелам вашага партнёра. Можна ўзгадваць самыя радасныя і хвалюючыя моманты вашых стасункаў альбо фантазіраваць, што вас чакае. Толькі абавязкова — у пазітыўным ключы. І, канешне ж, такімі карцінкамі варта дзяліцца з каханымі ці нават фантазіраваць разам.
Гэтае практыкаванне дапаможа, па-першае — засяродзіцца на пазітыве і праграмаваць свае стасункі на прыемнае. Па-другое, даведацца, якімі бачацца ідэальныя стасункі вашаму выбранніку. А як выкарыстоўваць гэтыя веды, думаю, вы і самі здагадаецеся. Па-трэцяе, падчас «прагляду» такіх карцінак вы адчуеце шмат станоўчых эмоцый, якія будуць асацыявацца з вашым каханым. Што ў сваю чаргу, таксама добра паўплывае на вашыя ўзаемаадносіны.
Дарэчы, свае фантазіі можна занатоўваць і дасылаць (зачытваць) свайму партнёру. Гэта будзе прыемная і карысная, так бы мовіць, «развіваючая» гульня для вас абодвух.
Калі мы абіраем сабе пару, мы як бы аддзяляемся ад усяго астатняга свету. І вось гэта пачуццё «мы» і астатнія часта звязвае людзей нават больш моцна, чым агульная жылплошча.
Каб узмацніць гэтае «мы», прыдумайце сабе рытуал (можна і не адзін), які будзеце ведаць толькі вы ўдвох. Гэта можа быць што заўгодна: абмен шакаладкамі ў пэўны дзень ці сумесны прагляд мульцікаў кожную трэцюю нядзелю месяца. Галоўнае — каб вы абодва атрымлівалі асалоду ад гэтага дзеяння.
Будаваць шчаслівыя стасункі з іншым чалавекам часам вельмі няпроста. Але ж гэта так цікава! І, калі вашыя стасункі будуюцца на ўзаемапавазе і ўзаемапаразуменні, яны абавязкова будуць трывалымі і шчаслівымі!
Вікторыя Лебедзева, budzma.org