«Вяртанне свайго»: Як праходзіў Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі

У гэтыя самыя дні сто гадоў таму адбылася знакавая для беларускай навукі падзея — у Мінску праходзіў Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, які сабраў у сваіх межах увесь цвет тагачаснай беларускай навуковай супольнасці. Расказваем, як гэта было.

Pracy Pieršaha Źjezda Daśledčykaŭ Biełaruskaje Archeolohii i Archeohrafii
Працы Першага Зьезда Дасьледчыкаў Беларускае Архэолёгіі і Архэографіі

У сярэдзіне 1920-х гадоў беларуская навука, як і агулам усё беларускае — культура, літаратура, мастацтва — была на пад’ёме. Развіццё адбывалася фарсіраванымі тэмпамі, бо беларусам трэба было даганяць суседнія народы, якія ўжо мелі свае навуковыя інстытуцыі з даваенных і дарэвалюцыйных часоў. У 1921 годзе быў адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а праз год з’явіўся Інстытут беларускай культуры, які пазней быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук. Усе гэтыя інстытуцыі і сталі непасрэдным рухавіком беларускай навукі. 

Першы з’езд даследчыкаў археалогіі і археаграфіі Беларусі быў скліканы па ініцыятыве Гістарычна-Археалагічнай секцыі, якая была створана ў межах Інстытута беларускай культуры ў 1923 годзе. Акурат яна і паклала пачатак арганізацыі сучаснай археалагічнай навукі на тэрыторыі Беларусі. У тагачасным статуце Інбелкульта выразна падкрэслівалася, што права правядзення любых археалагічных даследаванняў на тэрыторыі БССР належала выключна Інстытуту беларускай культуры.

Адкрыццё з’езда

Адкрыў з’езд, на якім прысутнічалі 36 удзельнікаў і 21 госць, намеснік Народнага камісара асветы і сябра Інбелкульта Антон Баліцкі, які ў сваім прывітальным слове да прысутных адзначыў: 

«Таварышы! Сёння адчыняецца Першы Зьезд беларускіх археолёгаў і архэографаў. Народны Камісарыят Асьветы ўскладае на гэты Зьезд вялікія надзеі. Зьезд гэты аб’яднае беларускіх вучоных архэолягаў і архэографаў і дапаможа паставіць стала вывучэньне помнікаў мінулага Беларусі як тых, якія знаходзяцца ў межах БССР, гэтак і вывезеных у Польшчу і РСФСР».

Anatol Kryvienka. «Anton Balicki». 1997 hod.
Анатоль Крывенка. «Антон Баліцкі». 1997 год

Антон Баліцкі быў адным з архітэктараў палітыкі беларусізацыі 1920-х гадоў і адпаведна шчырым беларускім патрыётам, які ўсё сваё жыццё літаральна прысвяціў справе адраджэння Беларусі. Неўзабаве пасля з’езда ён заняў месца свайго шэфа — Усевалада Ігнатоўскага і ўзяўся за справу. Тыя тры гады, пакуль Баліцкі быў наркамам асветы, ён усяляк спрыяў беларускім дзеячам — вучоным, пісьменнікам, паэтам, мастакам, студэнтам. 

У прывітальным слове ад імя Інстытута беларускай культуры Язэп Дыла, які таксама ўваходзіў і ў прэзідыум з’езда, адзначаў праблемы з кадрамі і спадзяваўся на з’яўленне маладых навукоўцаў: 

«Ня вельмі многа асоб аб’ядналася. Але ўжо маецца ўпэўненасьць, што пачаты ўклад беларускіх старажытнасьцяй будзе вясьціся ў належным сучаснаму навуковаму запатрабаваньню напрамку, што ён шырака разгорнецца, і што на вялікім шляху культуры — беларуская гістарычная навука ня толькі аб’яднае ўсіх сваіх і замежных вучоных, але і вызначыць шэраг новых беларускіх дасьледчыкаў».

Тагачасны дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Дружчыц падкрэсліў у сваім прывітальным слове даўні характар беларускіх навучальных установаў, але разам з тым і панаракаў на адсутнасць неабходнай навуковай літаратуры: 

«У мінулым Беларусь мела свой універсітэт у Вільні. У пачатку [XVI ст.] гэта была акадэмія езуіцкая, а затым універсітэт шляхоцкі. Такім ён застаўся да самага зачынення ў 1832 г. 3 Кастрычнікавай рэвалюцыяй, калі рабочыя і сяляне ўзялі ўладу ў свае рукі, адчынілі сваю вышэйшую школу, якая павінна падрыхтаваць рабоча-сялянскую інтэлігенцыю. Падрыхтоўка, аднак, сустракае значныя перашкоды. Гэтыя перашкоды ляжаць у надсутнасці сталых і належна распрацаваных навуковых падручнікаў, якія высвятляюць прыродныя, гаспадарчыя, эканамічныя і гістарычныя веды аб Беларусі. Жаданне Інбелкульта сабраць крыніцы, падлічыць вынікі зробленага, пачаць планавую працу ў археалогіі і разам з гэтым высветліць, дзе знаходзяцца архіўныя весткі. Грунтаванне іх на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца важным момантам для гістарычнай навукі Беларусі, асабліва для тых новых даследчыкаў, якіх рыхтуе Беларускі дзяржаўны універсітэт».

З якімі дакладамі выступалі на з’ездзе

Далей распачалася праца з’езда, у часе якой было заслухана 12 дакладаў і паведамленняў, а 5 з іх пазней былі цалкам перадрукаваныя ў «Працах Першага Зьезду Дасьледчыкаў Беларускае Архэолёгіі і Архэографіі», а змест астатніх прыведзены толькі ў скарочаным выглядзе ў пратаколах з’езда.

Сярод тых, каго апублікавалі ў зборніку цалкам, быў Мітрафан Доўнар-Запольскі. Ягоны даклад называўся «Старыя беларускія архівы за межамі БССР», і прысвечаны ён быў шматлікім дакументам, якія тым ці іншым чынам былі звязаныя з нашай краінай, але з нейкіх прычын былі вывезеныя за яе межы. Гаворка пра шматлікія беларускія архівы ў Расіі і Польшчы, раскіданыя па бібліятэках Вільні, Кракава, Львова ды іншых гарадоў. У часе прачытання дакладу, прафесар прапанаваў звярнуцца да ўраду БССР з просьбай, каб улады актыўней дамагаліся вяртання гэтых ды іншых архіваў у Беларусь.

Дзмітрый Даўгяла выступіў з дакладам пра Літоўскую метрыку, якая ў той час стала аб’ектам спрэчак паміж некалькімі дзяржавамі. Ягоны даклад называўся «Літоўская Мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі». Паволе навукоўца, архіў колішняй канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага меў вялікае значэнне для даследчыкаў мінулага на Беларусі, бо змяшчаў вялікую колькасць фактаў з жыцця і побыту самых розных слаёў насельніцтва. 

Адметна, што яшчэ ў часе пачатку з’езда, выступаючы з прывітальным словам, пра Літоўскую метрыку згадаў і Антон Баліцкі

«Адным з цікавешых нашых помнікаў зьяўляецца Літоўская Мэтрыка, якая знаходзіцца ў Маскве. Польшча дамагаецца ад СССР, каб гэты наш помнік забраць да сябе. Мы павінны заявіць тут, то гэты помнік старасьветчыны — наш, і толькі Беларуская Савецкая ўлада мае на яго права».

Такая рыторыка была абумоўлена тым, што на спадчыну колішняй канцылярыі ВКЛ прэтэндавалі, акрамя беларусаў, яшчэ і Польшча з Літвой, якія ў сваю чаргу знаходзіліся ў канфлікце з-за Вільні і Віленскага краю. Польшча настойвала на тым, што Літоўская метрыка — гэта частка гісторыі Першай Рэчы Паспалітай, якая ўтварылася ў выніку Люблінскай уніі 1569 года. А Літва ў сваю чаргу спасылалася на тое, што адсутнасць гэтых дакументаў пазбаўляе маладую краіну ўласнай даўняй гісторыі. Беларусы ж апелявалі да таго, што Літоўская метрыка была створана на «выдатнай беларускай мове» і тычылася галоўным чынам этнічных беларускіх зямель, а таму мае быць вернутая ў Менск. 

Міхаіл Мялешка, які ў той момант быў правадзейным сябрам Інбелкульту, выступіў з дакладам аб стане Беларускіх архіваў у БССР. Ягоны даклад адметны бадай тым, што ў ім распавядаецца пра нядаўнія справы. 

Вынікі з’езда

У часе працы з’езда было прынята 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб звароце бібліятэк».

Schiema vydanniaŭ Inbiełkultu, jakuju zacvierdzili ŭ lutym 1926 hoda
Схема выданняў Інбелкульту, якую зацвердзілі ў лютым 1926 года

Удзельнікі з’езда прапанавалі падрыхтаваць і прадставіць заканадаўчым органам БССР законапраект аб ахове помнікаў гісторыі і мастацтва на Беларусі, а таксама змагацца за вяртанне архіўных матэрыялаў, якія тычыліся гісторыі нашай краіны.

Так у рэзалюцыі, якая была прысвечана музейнай справе адкрыта гаварылася, што «З’езд лічыць патрэбным падняць перад Урадам пытаньне аб узвароце ў Музэі БССР прадметаў архэолёгіі і мастацтва, якія вывезены ў розныя часы за межы Беларусі і знаходзяцца ў музэях РСФСР». Штопраўда, вярнуць удалося далёка не ўсё, што хацелі атрымаць у карыстанне вучоныя.

Але так ці іначай, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі 1926 года стаў важным этапам у выпрацоўцы прынцыпаў археалагічных, музейных і архіўных даследаванняў у Беларусі.

Л.Г., Budzma.org