Роўна сто гадоў таму, у гэтыя самыя дні, у Менску адбылася грандыёзная падзея — літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», якое паўстала ўвосень 1923 года, правяло свой першы з’езд. Расказваем пра тое, чым адметная ў гісторыі нашай літаратуры гэтая падзея.
Першы Усебеларускі з’езд паэтаў і пісьменнікаў аб’яднання «Маладняк». Канец лістапада 1925 г.
Згодна з тагачаснай прэсай, сам з’езд маладнякоўцаў адбываўся з 25 па 30 лістапада ў Менску і сабраў пісьменнікаў з усёй невялікай тагачаснай рэспублікі. Ян Скрыган у сваім вядомым аўтабіяграфічным рамане «Кругі» прыгадваў тую падзею такім чынам:
«Пасля мы ездзілі ў Мінск на першы з’езд «Маладняка». З гэтае нагоды я напісаў быў апавяданне «Гасцініца «Бельгія»», але яно прапала. На з’ездзе я ўпершыню ўбачыў Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Алеся Дудара, Андрэя Александровіча, Кандрата Крапіву, Міхася Лынькова, Уладзіміра Дубоўку і вельмі маладых і прыгожых Зіну Бандарыну, Яўгеню Пфляўмбаўм, Наталю Вішнеўскую. І гасцей — Сасюру, Гадзінскага, Ягансена — ад Украіны».
У так званай «хроніцы беларускай культуры», якая рэгулярна давалася ў часопісе «Полымя», паведамлялася не толькі аб самім з’ездзе маладых паэтаў і пісьменнікаў, але таксама і пра выставу кніжак розных эпох:
«У час зьезду «Маладняка» дзяржаўнай бібліотэкаю была наладжана выстаўка беларускае кніжкі. Выстаўка падзялялася на тры аддзелы: выданьні «Маладняка», выданьні старэйшых пісьменнікаў, старая беларуская кніжка. Выстаўка мела значны посьпех».

Фрагмент з часопіса «Полымя» № 8, 1925 г.
Сёння гучыць абсалютна фантастычна, але ў мерапрыемстве бралі ўдзел таксама і дудары з Барысаўшчыны. Яны выконвалі не толькі традыцыйныя беларускія мелодыі, але таксама і «Інтэрнацыянал» і «Беларускую марсел’езу» (Адвеку мы спалі), якая ў той час уважалася менавіта за самастойны «беларускі» гімн у БССР і выкарыстоўвалася на афіцыйных мерапрыемствах поруч з песняй пра варожыя віхуры.
Сустрэча маладнякоўцаў з дударамі Барысаўшчыны. Злева направа Ілары Барашка, дудар Нічыпар Шыхавец, Уладзімір Дубоўка, дудар Сымон Шыхавец, Язэп Пушча. Менск, 1925 г. З фондаў БДАМЛМ
Уласна «Маладняк» як першая масавая літаратурная арганізацыя паўстаў вакол часопіса. Першым у жніўні 1923 года з’явілася акурат выданне, вакол якога аб’ядналіся маладыя беларускія пісьменнікі. А ўжо праз некалькі месяцаў пазней, у самым канцы лістапада, «пад тусклым святлом газнічкі» ў клубе КІМ (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі) на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску было закладзена літаратурнае аб’яднанне. Ля ягоных вытокаў стаяла ўсяго 6 чалавек — Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, якія заявілі аб стварэнні літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Маладыя пісьменнікі былі настолькі актыўнымі, што ўжо цягам 2 гадоў арганізацыя абзавялася рэгіянальнымі філіямі ва ўсіх больш-менш буйных гарадах і мястэчках Беларусі і нават у замежжы. Вядома аб тым, што маладнякоўскія прадстаўніцтвы існавалі як мінімум у 2 гарадах — Маскве, дзе жыў і працаваў Уладзімер Дубоўка, і ў Празе, дзе вучыўся Уладзімер Жылка. Арганізацыя праз некалькі гадоў свайго існавання магла пахваліцца сотнямі сябраў, мясцовымі альманахамі, кніжнымі серыямі, рэгулярнымі выступамі, дускусіямі, абмеркаваннямі і нават скандаламі.
Марна думаць, што ўсе сябры арганізацыі былі таленавітымі паэтамі і празаікамі, часцей, асабліва ў рэгіянальных філіях, залічваліся ў маладнякоўцы ўсе, хто больш-менш цікавіўся беларускай літаратурай, нешта чытаў, хацеў абмяркоўваць і мог напісаць хаця б колькі радкоў. Акурат такім чынам і была дасягнутая колькасць, з якой ужо троху пазней кіраўніцтва «Маладняка» пачне актыўна працаваць, змагаючыся за якасць.

Часопіс “Маладняк” №1(10), 1926 г.

Часопіс “Маладняк” №1(10), 1926 г.
Уладзімер Дубоўка, які, трэба думаць, быў не проста амбітным паэтам, але кімсьці ў якасці ідэолага аганізацыі, у сваім дакладзе на з’ездзе адзначаў:
«Калі раней маладыя таленты нашае краіны гібелі, ня маючы адкуль атрымаць раду, дапамогу, дык у нашыя дні ў «Маладняк» у значнай частцы зьнішчыў магчымасьць гэткага занядбаньня.
Ад глухіх куткоў, з вёсак, з далёкіх акруг прыходзяць у маладнякоўскія філіі ўсё новыя і новыя адзінкі. Ня ўсе з іх становяцца ці будуць сапраўднымі поэтамі. У гэтай справе мала аднаго жаданьня. Але затое ўсе яны атрымліваюць таварыскую раду, кірункі. Папрацаваўшы ў філіях, маладнякоўскіх гурткох, некаторыя пакінуць пісаць вершы ці апавяданьні, а большасьць удасканаліцца, пашырыць свой і політычны, і мастацкі кругагляд.
Магчыма, што «стаўшы на ногі», кожная з гэтых сэкцый утворыць свой «Маладняк», пойдзе працаваць над разьвіцьцём сваёй галіны толькі ў контакце з «Маладняком» літаратурным. Магчыма, што яны будуць заўсёды працаваць у шчыльнай сувязі між сабой. Гэта скажа будучына. Але, у кожным разе, факт організацыі іншых сэкцый пры літаратурным аб’яднаньні сьведчыць аб яго ўмацаваньні, аб організацыйнай сіле».
На практыцы гэта выглядала так, што больш моцныя сябры арганізацыі падцягвалі маладзейшых. Так, у адным з нумароў часопіса «Маладняк» можна пачытаць, як адказвала кіраўніцтва паэтам-пачаткоўцам. Сярод іншага звяртае на сябе ўвагу адказ паэту Апанасу Атаве:
«А. Атава. Слуцак. «Іду з жніва» друкаваць ня будзем. Вы працуеце ў філіі «Маладняка» — вучэцеся. Ня можна маладнякоўцу даваць гэткія слабыя радкі:
На захадзе па небу чырвань разьліваецца...
Пад небасхілам цягнецца істужкаю далёкі гай,
Апошні промень сонейка за гаем тым хаваецца,
Заметна халадком ў паветры пацягае...
Па-першае — дрэнная тэхніка. Па-другое — трапляюшца русіцызмы. А ўрэшце — тэма гэта вымагае іншага падходу, іншай распрацоўкі. А то ў вас выходзіць на мотыў «Свежо по долинам»... Вашы іншыя творы, друкованыя ў Слуцку, сьведчаць, што працаваць вы можаце. Шлеце новыя творы».

Часопіс «Маладняк» №9, 1925 г.
Рэч у тым, што Апанас Атава належаў да слуцкай філіі «Маладняка», якая праіснавала хай сабе і нядоўга, але нарабіла шуму. Галоўнымі ў ёй былі 2 чалавекі — Эксцэнтрычны выхадзец з Заходняй Беларусі Паўлюк Шукайла і Ян Скрыган, які рэгулярна тады публікаваўся пад псеўданімамі Янка Відук, гэта значыць дзікі мак, або Пірат.
Паўсталая ў траўні 1925 года філія ў Слуцку за вельмі хуткі час вырвалася ў лідары сярод іншых прадстаўніцтваў «Маладняка». Пасіянарны Шукайла літаральна шукаў і збіраў творчую моладзь. Актыўна ладзіліся літаратурныя вечарыны, чыткі і абмеркаванні новых вершаў. Лідар суполкі збіраўся нават узяцца за выпуск асобнага альманаха, але цэнтр арганізацыі ў Менску ягонага рашэння не адобрыў. І тым не менш на першым з’ездзе ў лістападзе 1925 года случчакоў падавалі ў прыклад — Анатоль Вольны нават быў назваў яе «самай моцнай».
І тым не менш Дубоўка ў сваёй патрабавальнасці да маладнякоўцаў быў непахісным:
«Далей, больш-менш ясна зьезд зьвярнуў увагу сваіх організацый на вывучэньне народнай творчасьці. Не ўзварот да этнографіі, а скарыстаньне мастацкіх прыёмаў народнай песьні і казкі, стылізацыя іх. Тут-жа паўстала пытаньне і аб крышталяваньні літаратурнае мовы. Поэта ў першую чаргу прапуе над гэтым. А калі працуе, павінен ведаць лепш, нават, чым вучоны мовазнаўца крыніцы, жывую народную мову, без чаго, зусім нельга дасягнуць вызначанай мэты».
Пэўна, недзе ў гэты перыяд і з’явілася ў паветры ідэя расколу арганізацыі, бо ў той самы час таленавіты крытык Адам Бабарэка напіша і апублікуе ў «Маладняку» артыкул «З далін на ўзвышшы», дзе будзе разважаць аб троху ранейшым перыядзе ў літаратуры. А неўзабаве, у траўні 1926 года, паўстане новае літаратурнае аб’яднанне — «Узвышша», да якога далучацца найбольш амбітныя і таленавітыя маладнякоўцы.
Так ці іначай, але Першы з’езд літаратурнай арганізацыі «Маладняк», які адбываўся ў самым канцы лістапада, адметная з’ява ў гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства.
Л. Г.