Што за «Усясветны кангрэс беларускіх вучоных»?

05.12.2025 Гісторыя

Многія, хто цікавіцца беларускай гісторыя і культурай, так ці іначай чулі пра Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая адбылася ў лістападзе 1926 года і сабрала ў Мінску салідную колькасць вучоных пад адным дахам. Але мала хто ведае, што годам раней павінен быў адбыцца куды больш амбітны кангрэс беларусаведаў сусветнага ўзроўню. Расказваем аб гэтай малавядомай падзеі.

Biełaruskaja kamisija movy i litaratury Inbiełkulta, 1927 hod
Беларуская камісія мовы і літаратуры Інбелкульта, 1927 год. Злева направа сядзяць: У. Чаржынскі, А. Гурло, Б. Эпімах-Шыпіла, Я. Колас, І. Замоцін, С. Некрашэвіч. Стаяць: М. Байкоў, Я. Пушча, В. Мачульскі. З фондаў БДАМЛМ. Фота: nlb.by

Чуткі пра магчымы навуковы кангрэс, які збярэ даследчыкаў-беларусаў і беларусаведаў з усяго свету хадзілі яшчэ на пачатку 1925 года. Актыўна падаграваліся яны і прэсай, якая давала для затраўкі цікавую інфармацыю ў тагачаснай свецкай хроніцы:

Zaciemka z časopisa «Połymia» za 1925 hod
Зацемка з часопіса «Полымя» за 1925 год

«Аддзелы і сэкцыі Інбелкульту ў апошні час заняты дзейнай падрыхтоўкай да прадстаячага скліканьня ў Менску ўсясьветнага конгрэсу беларускіх вучоных. На зьезд будуць запрошаны ўсе вучоныя, якія працуюць у галіне вывучэньня жыцьця і побыту ў Беларусі і яе насельнікаў. Зьезд мацьме скліканы ў восень бягучага году».

Інстытут Беларускай Культуры, які паўстаў у 1922 годзе, да гэтага часу разросся ўжо ў самую сапраўдную інстытуцыю, якая праз некалькі гадоў ператворыцца ў Беларускую Акадэмію Навук. Былі створаны профільныя секцыі, якія няспынна займаліся сваёй працай. Многія з правадзейных сябраў Інбелкульта, як той жа Янка Купала ці Якуб Колас, займаліся працай у ім фактычна на валанцёрскіх пачатках — па вечарах, у вольны ад асноўнай працы час. Яно і не дзіва, бо сярэдзіна 1920-х гадоў — гэта даволі дзіўны час, акурат тое самае «акно магчымасцяў», якім удала скарысталася беларуская інтэлігенцыя. 

Гэта быў самы разгар палітыкі «беларусізацыі», калі ў новапаўсталай краіне разгарнулася кіпучая праца па стварэнні ўсяго беларускага: вялікімі накладамі друкаваліся кнігі беларускіх пісьменнікаў, выходзілі папулярныя газеты і часопісы на беларускай мове, працавалі музеі і тэатры, здымалася кіно. Маладыя паэты і пісьменнікі, якія насамрэч былі не многім маладзейшыя за прызнаных класікаў, былі дапушчаныя да кіравання адказнымі справамі. Да прыкладу, яшчэ летам 1925 года Янка Купала стаў Народным паэтам Беларусі і пачаў атрымліваць пажыццёвую «пенсію» — яму на гэты час усяго нейкія 43 гады. Тым часам Міхась Чарот, якому няма і 30 гадоў, робіцца галоўным рэдактарам «Савецкай Беларусі» — самай папулярнай газеты на беларускай мове ў БССР. 

Беларушчына спакваля пачынае займаць сваё месца ў грамадстве. Нездарма ў некаторых выданнях той пары ёсць асобная рубрыка «Беларускі рух за мяжой», дзе расказваецца пра жыццё беларусаў у замежжы, або нават канкрэтызуецца краіна. І часамі гэтыя краіны былі вельмі далёкія і нават даволі экзатычныя. Як правіла, гаворка вялася там пра непалітычныя арганізацыі і асобаў, якія ставяцца да бальшавікоў як мінімум нейтральна, а лепей лаяльныя іхняй уладзе.

Zaciemka z časopisa «Połymia» za 1925 hod
Зацемка з часопіса «Полымя» за 1925 год

Справа з кангрэсам 1925 года мела некалькі задач і была разлічаная не толькі на дыяспару, але таксама і на замежнікаў, якія так ці іначай цікавіліся беларускім пытаннем. Актыўная канфрантацыя з краінамі Захаду ў гэты момант пайшла на спад — Савецкі Саюз быў нарэшце прызнаны многімі еўрапескімі ўрадамі, адпаведна ідэі пра сусветную рэвалюцыю пачалі таксама сціхаць. А вось пахваліцца дасягненнямі першай дзяржавы працоўных і сялян вельмі хацелася. Тым больш, калі ў краіне пануе НЭП, а пра харшчразвёрстку ўжо і забыцца паспелі. 

Згадайма хаця б пачатак вядомай аповесці Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ», дзе галоўны герой, чытай сам аўтар, распытвае з непрыхаванай цікавасцю грамадоўца Пятра Мятлу, які нядаўна вярнуўся з Мінска, аб тым як там: 

— А як вам здаецца? Калi-б, на той прыклад, я туды паехаў?..

— Дык-жа вас там чакаюць!

— Што кажаце! Была там гутарка аба мне? Успамiналi?

— I ня раз. Казалi, што вы ў Менску надта патрэбны.

— Дык думаеце, што я зрабiў-бы добра, калi-б паехаў?

— Бязумоўна! Там — вось поле да працы!

— Ну, як гэта... Як-бы сказаць?.. Тэрор?.. ГПУ... Памятаю, калiсь карысталася вялiкай папулярнасьцю «стенка»...

— Што вы... Але-ж гэта беспаваротна мiнавала. Гэта былi часы ваеннага камунiзму. Цяпер жыцьцё зусiм нармальнае.

— Ну, а як справы харчаваньня?

— Усяго колькi хочаш. Цяпер-жа НЭП... Магазыны завалены харчамi... А iкра!.. Ах, якая смачная iкра!.. Ну, толькi з мануфактурай труднавата.
— Дык, канец канцоў, кажаце, каб ехаць?

— Я на вашым месцы нi хвiлiны-бы ня думаў...

У пачатку восені 1925 года беларуская прэса падтрымлівала інтарэс да падзеі на адпаведным узроўні:

«Праца па скліканьні Навуковага Зьезду па беларусазнаўству значна пашла ўперад. Склад організацыйнае комісіі па зьезду быў пашыран і былі распрацованы сьпісы навуковых працаўнікоў, якія маюцца быць запрошаны на гэты зьезд. Організованыя зараз падсобныя комісіі апрацоўваюць шэраг пытаньняў аб дакладах, якія будуць заслуханы на зьезьдзе, і вызначаюць тых дакладчыкаў, якім будзе даручана зрабіць даклады. Пры зьезьдзе організуецца Навуковая выстаўка, якая азнаёміць з станам культуры Беларусі і яе экономічна-гаспадарчых дасягненьняў. Для ўдзельнікаў зьезду будзе выданы спэцыяльны справачнік, які таксама ставіць сваёю мэтаю азнаёміць удзельнікаў зьезду наогул з БССР».

Згодна з інфармацыяй, якую можна адшукаць у тагачаснай прэсе, запрасіць хацелі шмат каго — канкрэтнага спіса асобаў няма, але ў інфармацыйных карацельках з газет і часопісаў згадваецца лічба ў 200 дэлегатаў, якія павінны былі прыехаць нават з ... Амерыкі. Больш за тое! Адна з буйнешых судаходых трансатлантычных кампаній таго часу «Фрэнч Лайн» абяцала льготны тарыф тым удзельнікам, якія скарыстаюцца яе паслугамі, дабіраючыся да Мінска. Аб гэтым офіс французкай кампаніі праінфармаваў Інбелкульт асобным лістом.

Płakat kampanii «Frenč Łajn»
Плакат кампаніі «Фрэнч Лайн», пачатак ХХ стагоддзя

Што праўда, з гэтага нічога так у выніку і не выйшла, бо сродкі на правядзенне грандыёзнага злёту беларусаведаў так і не былі выдзеленыя. Як не адбылася і мастацкая выстава, якая мела на мэце паказаць усе бакі сучаснага беларускага мастацтва — малярства, графіку, скульптуру і мастацкія вырабы. Аднак для яе па-просту бракавала экспанатаў, арганізатары думалі нават пазычаць іх у расейскіх музеях, куды тыя былі вывезены раней. 

У наступным 1926 годзе адбудзецца менш глабальная, але цалкам сабе рэальная Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая збярэ мовазнаўцаў не толькі з БССР, але з блізкага ды далёкага замежжа. 

Вось акурат яна ў выніку і стане значнай падзеяй у гісторыі нашай краіны. А «Усясветны кангрэс беларускіх вучоных» так і застанецца ў гісторыі няспраўджанай спробай сабраць даследчыкаў-беларусаведаў з усяго свету.

Л.Г., Budzma.org