Як прыручыць Кітоў на Дзень роднай мовы

У свеце назіраецца тэндэнцыя змяншэння ў людзей вольнага часу, таму што большая частка нашага жыцця звязана з працай, дарогай да яе ці з зусім непатрэбнымі нам рэчамі. Таму павышэнне якасці правядзення нашага вольнага часу – неабходнасць, што дыктуецца сучаснымі абставінамі жыцця. Разам з чытаннем кніг, прагулкамі на свежым паветры настольныя гульні – гэта адзін з найбольш цікавых і карысных варыянтаў для свабодных гадзін і хвілін.

Настольныя гульні рознага кшталту апошнім часам набіраюць большую і большую папулярнась сярод людзей усіх узростаў: яны развіваюць логіку і абстрактнае мысленне, спрыяюць разнастайванню стасункаў між гульцамі, паднімаюць настрой.

Чатыры гады таму ў Беларусі з’явілася першая настольная гульня на беларускай мове – “Паўстанцы”, выпушчаная гарадзенцамі Антосем Янкоўскім і яго жонкай Анастасіяй Янкоўскай. Выхад гэтай гульні стаў сапраўдным культурным выбухам для нашага грамадства – зразумела, прыемным і карысным. Не менш прыемна і тое, што на “Паўстанцах” яны не спынюцца: за апошні час заснавалі з сябрамі творчае згуртаванне “А-чатыры” і выпусцілі ўсім вядомую “Мову”, а таксама гульні “Гаспадар цмокаў” і “Вежа”.

Нядаўна нам стала вядома, што на Дзень роднай мовы Антось са сваёй камандай выпускае новую настольную эка-гульню з цікавай назвай “На трох кітах”. Мы папрасілі аўтара гульні трошкі расказаць пра яе, а таксама пра тое, чым яна будзе цікавая беларусам.

– Наша новая настолка “На трох кітах”, – расказвае Антось Янкоўскі, – гэта драўляная эка-гульня, мэта каторай – разнастаіць наш вольны час, развіць у нас пачуццё раўнавагі. Ідэя гульні нарадзілася больш за год таму, і з гэтага часу мы працавалі над канцэпцыяй, дызайнам, выбіралі матэрыялы. І цяпер мы рады, што нарэшце яна выходзіць у свет. Вельмі прыемна, што гульня прэзентуецца і з’явіцца ў продажы на Дзень роднай мовы, 21-га лютага. Важна адзначыць, што ніякіх хімічных матэрыялаў у вытворчасці гульні “На трох кітах” мы не выкарыстоўваем, таму яна спадабаецца і самым маленькім гульцам. Сутнасць гульні ў тым, што вам па чарзе неабходна будзе выкладаць адзін на адзін драўляныя “будматэрыялы” трох тыпаў – слупы, шайбачкі і дыскі так, каб уся канструкцыя ўтрымалася і не была зруйнавана неасцярожным рухам. Што дакладна трэба будзе выкласці, выпадкова пакажа гульцу шасцігранны кубік. Такім чынам, гульня нескладаная, але цікавая і здольная выклікаць азарт.

“Наша месца на трох кітах” – гэта радок са знакамітай песні гурта “NRM” “Тры чарапахі”. Гэты выраз стаў таксама лозунгам кампаніі па збору грошай і падрыхтоўцы выхаду гульні “На трох кітах”. Мы пацікавіліся ў Антося, адкуль з’явілася такая назва.

– Калі які-небудзь іншаземец просіць заспяваць песню на беларускай мове, – тлумачыць, Антось Янкоўскі, – то першае, што мы ўзгадваем, – гэта “Тры чарапахі” Лявона Вольскага. Сапраўды, гэта песня да таго знакамітая, што можа лічыцца нефармальным гімнам краіны. Кожны яе радок вядомы амаль усім нашым землякам. Таму, называючы так гульню, мы хацелі сказаць, што “На трох кітах” – гэта нейкае казачнае месца, дзе знаходзіцца наша Беларусь, наша з вамі Радзіма. Акрамя таго, калі мы ўзгадаем старажытную тэорыю пра плоскую зямлю, то адзначым, што тагачасная канцэпцыя светабудовы прадстаўляла сабой сістэму, дзе кіты, сланы і чарапаха трымалі Зямлю на сабе, утвараючы складаную, але ўстойлівую канструкцыю. Мэта гульцоў “На трох кітах” падобная: пабудаваць і ўтрымаць свой “сусвет” з трох тыпаў складнікаў.

Мяркуючы па ўсім, гульня павінна быць цікавай. Цікава і тое, што пасля “Паўстанцаў” актывізаваліся і іншыя вытворцы беларускіх настольных гульняў. Мы з вамі ведаем настолкі “Разам”, “1514”, “Палескія археолагі”, “Прэстол Вялікага княства Літоўскага”. Вельмі прыемна ведаць, што і ў нашай краіне прыдумваюцца і ствараюцца цікавыя настольныя гульні. У Антося мы таксама запыталіся, ці плануе “А-чатыры” выпускаць іншыя гульні, ці вядзецца праца над новымі беларускімі настольнымі “хітамі”.

– На цяперашні момант, – адказвае наш госць, – у нас у распрацоўцы каля васьмі праектаў. Але ўсё паступова. Пра ўсё распавядаць не буду, ды інтрыгу зрабіць паспрабую. Ужо вясной мы выпусцім беларускія гульнёвыя карты, так званыя “Карты Лапіных”, якія, мяркуем, стануць прывабным беларускім сувенірам. Таксама давядзем да завяршэння настольную гульню пра “Экамонстраў”. У распрацоўцы зараз знаходзяцца некалькі картачных гульняў пра мову і гісторыю. На восень мы запланавалі выхад новага, на наш погляд, сапраўднага хіта пра словаўтварэнне, а таксама плануем ажыццявіць першую ў гісторыі Беларусі лакалізацыю міравога хіта на беларускую мову. Са сваімі гульнямі мы выходзім і на расейскі рынак, таму частка гульняў будзе зроблена на двух мовах. Такім прыкладам зараз з’яўляецца наш “Гаспадар цмокаў”: яго ўжо можна набыць у Расеі, а правілы напісаны на трох мовах. Спадзяемся, што ў хуткім часе запрацуе сайт нашага выдавецтва, дзе можна будзе сачыць за ўсімі нашымі планамі і ідэямі.

А мы нагадаем, што згуртаванне “А-чатыры” рыхтуе да выдання новую настольную гульню, і кожны з вас можа пасадзейнічаць яе выхаду. Падтрымаць выхад гульні можна на пляцоўцы Талака, а сачыць на навінамі і развіццём праекту ў сацыяльных сетках. Інфармацыя пра месца і час прэзентацыі гульні з’явіцца дадаткова, бліжэй да 21 лютага.