“ Як пералётны птах, шлях на Радзіму помню…”

Выконваючы сваё нядаўняе абяцанне “дома бываць часцей” 18, 19 снежня ў межах кампаніі “Будзьма” з двухдзённым творчым візітам Гомельмешчыну наведалі Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк.
Напачатку “паэтычныя вандроўнікі” зладзілі тры творчых сутрэчы ў Ветцы: у Веткаўскай раённай бібліятэцы, у СШ №1 і Веткаўскім раённым аддзеле адукацыі.

Як заўсёды цёпла і дабразычліва сутракалі веткаўцы свайго знакамітага земляка паэта і барда Эдуарда Акуліна, які падзяліўся ўспамінамі з часоў свайго дзяцінства, чытаў вершы і спяваваў песні народжаныя любоўю да “малой Радзімы”. Асабліва расчуліў слухачоў верш паэта “Мова”, які заканчваецца кранальнымі радкамі:

“Як пералётны птах,
Шлях на Радзіму помню,
Покуль шуміць сасна
Паміж Нямкамі й Гомлем…”

З гэткай жа гасціннай цеплынёй былі ўспрынятыя выступленні вядомага на ўсю Беларусь аўтара “Полькі беларускай” Леаніда Дранько-Майсюка, які літаральна зачараў сваёй паэтычнай абаяльнасцю і весялосцю веткаўчанак…

Ва ўсіх трох імпрэзах бралі ўдзел і веткаўскія паэты Генадзь Лапацін і Ларыса Раманава.
Пераначаваўшы ў роднай хаце Эдуарда Акуліна ў вёсцы Вялікія Нямкі, назаўтра паэты  выправіліся “сплачваць паэтычныя пазыкі”  Гомелю. Тут 19 снежня  адбыліся яшчэ тры творчых сутрэчы: у Гарадской бібліятэцы № 9, у Дзесятай гарадской бібліятэцы імя Якуба Коласа і  Гарадской бібліятэцы №11.
На ўсіх трох сустрэчах сталічныя паэты  стварылі атмасферу сапраднага паэтычнага свята. І гэта не дзіўна, бо творчая вандроўка ў Гомель адбылася напярэдадні Калядаў, калі кожны чалавек жыве ў прадчуванні навагодняга цуда.

Развітваючыся з гамяльчанамі Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк паабяцалі наведаць “сонечны горад” у  новым 2009  годзе.

Палеская фотахроніка:

Тэгі: