Мы жывем у грамадзе і пастаянна з’яўляемся «аб’ектам» ацэнкі з самага дзяцінства. Наш знешні выгляд, наша работа і наша творчасць, паводзіны ў пэўных абставінах, гучнасць голасу, палітычныя перакананні — усё можа атрымаць ацэнку ад нашага атачэння.
І, на жаль, так склалася, што часцей людзі навокал заўважаюць нейкія хібы і намагаюцца даць парады, як іх «выправіць». Нават калі іх аб гэтым ніхто не прасіў. А любая крытыка — гэта выпрабаванне для асобы. Негатыўныя заўвагі могуць вельмі моцна паўплываць на стан чалавека і прывесці да непрыемных наступстваў: ад знікнення матывацыі рабіць нешта да псіхічнага дыскамфорту і нізкай самаацэнкі. У гэтым артыкуле мы сабралі 5 практычных парадаў, як рэагаваць на крытыку з найменшай шкодай для сябе і асяроддзя.
Звычайна першай рэакцыяй на крытычную заўвагу з’яўляецца альбо агрэсіўная абарона («не твая справа», «сам/сама ведаю» і да т.п.), альбо жаданне апраўдацца («нічога не магу зрабіць», «такія абставіны» і г.д.). Бо любая крытыка закранае нават самую «непрабівальную» асобу і выклікае моцныя эмоцыі.
Таму першае, што варта зрабіць — выдыхнуць (пажадана, проста паветра, без нецэнзурных заўваг на адрас крытыкуючага) і прыслухацца да сябе. Якія эмоцыі зараз падняліся? Наколькі яны моцныя? Ці магу я далей працягваць камунікацыю адэкватна? Калі адчуваеце, што вас «накрыла», скажыце свайму суразмоўцы «Пачакай! Мне трэба выдыхнуць і я змагу працягнуць нашу размову.» Выдаткуйце 2-3 хвілінкі, каб суняць эмоцыі і прывесці свае думкі да ладу. Адчыніце акно і падыхайце свежым паветрам, выпіце пляшанку вады, спаласніце твар халоднай вадой.
Эмоцыі суцішылі — можна рацыянальна ацаніць сітуацыю і вырашыць, што рабіць далей. Крытыка бывае двух відаў: канструктыўная — калі чалавек сапраўды жадае палепшыць якасць вашай працы, гарманічнасць вашага вобраза, стасункі з вамі і г.д. І бывае крытыка дзеля самой крытыкі — дэструктыўная, калі акцэнт не на паляпшэнне, а на тое, што «усё няправільна».
Дэструктыўную крытыку лепш рашуча прыпыняць. Так, гэта складана, але гэтаму варта вучыцца. Калі вы бачыце, што чалавек проста намагаецца вас прынізіць ці паказаць сябе з лепшага боку на вашым фоне, то выцягніце далоні ў яго бок (не датыкаючыся) і скажыце: «Стоп! З гэтым я магу разабрацца самастойна» альбо «Стоп! Калі мне спатрэбіцца твая парада ў гэтым пытанні, я абавязкова па яе звярнуся».
Кім вы марылі стаць у дзяцінстве? Каралевай ці ўсемагутнай чараўніцай? Адважным рыцарам ці таленавітым вынаходнікам? Пашукайце ў сваёй памяці вобраз, героя, казачную істоту, на каго вы б хацелі быць падобным. Нават, калі гэта былі дзіцячыя летуценні, і зараз вы з іх проста пасміхаецеся. Альбо прыдумайце такі вобраз для сябе зараз.
Фота: psychologyc.ru
І, калі вас нехта крытыкуе, проста кажыце пра сябе: «Каралева (магутны чараўнік) не крыўдуе на заўвагі. Калі гэта слушная прапанова, каралева дзякуе і паляпшае сваё жыццё. Калі гэта дэструктыўная крытыка, каралева проста не звяртае на гэта ўвагі». Ці штось падобнае — у адпаведнасці з абраным вамі вобразам. Ну і паводзьце сябе адпаведна.
Самадысцыпліна: пракачваем сябе
Мозг пераключыцца на абраны вобраз і будзе засяроджаны на тым, як паводзіць сябе ваш герой у падобных сітуацыях. Такім чынам, негатыўныя словы пойдуць як бы не па вашай адрэсе, а да створанага вамі вобраза, і вамі будуць успрымацца не так востра.
Калі крытыка дэструктыўная, а вы не маеце магчымасці яе прыпыніць, проста глядзіце суразмоўцу на пераноссе, а пра сябе напявайце якую-небудзь вясёлую песеньку альбо дэкламуйце вершык, які пасуе сітуацыі.
Напрыклад, выратавальнымі могуць стаць радкі песні N.R.M. «Паветраны шар»:
Падымі мяне па-над зямлёю, Падымі мяне ў светлы абшар.
Падымі мяне над мітуснёю,
Падымі мяне, паветраны шар!
Гэта дапаможа вам абстрагавацца ад негатыву, які на вас «вылівае» суразмоўца, і ўспрыняць яго больш спакойна. А, калі чалавек сваімі заўвагамі проста хацеў вас вывесці з раўнавагі, то не дасягнуўшы выніку, ён вельмі хутка сам прыпыніць свае заўвагі.
Калі нас крытыкуюць блізкія ці важныя для нас людзі, справіцца з эмоцыямі значна цяжэй. Асабліва, калі крытыка дэструктыўная. А такое часта здараецца, калі блізкі чалавек па нейкай прычыне крыўдуе на вас. Часам мы не можам адкрыта расказаць пра свае крыўды (хаця гэта значна б спрасціла жыццё ўсім), тады пачынаюцца «абхадныя манеўры».
У такіх выпадках пачастуйце свайго крытыкана гарбатай. І падчас сумеснага чаявання задавайце шмат пытанняў, што дакладна не задавальняе ў вашых дзеяннях (знешнасці ці што там у вас крытыкуюць). З розных бакоў і ў розных фармулёўках. Прычым уважліва выслухоўвайце адказы. Хутчэй за ўсё, ужо на другім-трэцім пытанні вы зразумееце, што насамрэч паслужыла нагодай для негатыўных выказванняў у ваш бок.
Нават калі мы рашуча спынілі дэструктыўную крытыку ці разабраліся з канструктыўнай, непрыемныя эмоцыі могуць застацца яшчэ надоўга. Яны, што тыя каты, шкрабуцца ў галаве, прымушаючы сумнявацца ў сваіх здольнасцях, экспертных якасцях, паніжаючы самаацэнку.
Каб прыбраць такія наступствы, стварыце для сябе «памятку» пра тое, які вы цуд і падарунак гэтаму свету. Выпішыце на аркуш не меней за 20 сваіх якасцей, здольнасцяў, уменняў, якімі вы ганарыцеся. З адваротнага боку няхай вашыя сябры, родныя, калегі напішуць, што ім у вас падабаецца больш за ўсё.
Як пазбавіцца душэўнага болю: 5 парадаў
І кожны раз, калі вас будзе накрываць хваля сумневаў у сабе пасля крытычных заўваг, перачытвайце гэтую памятку гучна, услых некалькі разоў. Альбо проста прабягайце вачыма і ўзгадвайце сітуацыі, у якіх праяўляліся вашыя лепшыя якасці і здольнасці.
Верце ў сябе і нікому не дазваляйце парушыць гэтую веру! Слушныя заўвагі ўспрымайце з падзякай, астатнія — у сметнік!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by