Апошнім часам стала папулярна карыстацца штучным інтэлектам для генерацыі пэўных вобразаў або гістарычных асоб, выявы якіх з пэўных прычын адсутнічаюць. З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава мы вырашылі праверыць, якімі бачыць герояў Быкава штучны інтэлект. Падрыхтавалі апісанне вядомых персанажаў і папрасілі штучны інтэлект іх намаляваць. Паглядзіце, што ў выніку атрымалася.
Персанажы Васіля Быкава, намаляваныя ШІ
«Жураўліны крык», 1959 год публікацыі
Іван Пшанічны
Знешне выглядаў «непаваротлівы і мардатым». Ён быў з сям’і «кулака». Суровы і жорсткі бацька бязлітасна школіў Івана земляробчай працы. Праз пару гадоў сям’ю Пшанічных раскулачылі і адправілі ў Сібір. Іван пазбег дэпартацыі — ён вучыўся ў сямігодцы і жыў у дзядзькі. Паступова герой засвоіў жыццёвае правіла: «Толькі — сам сабе, сам для сябе, наперакор усім — такі воўчы дэвіз засвоіў пакрысе Іван Пшанічны. Ён не грэбаваў нічым, калі тое трэба было — хлусіў, краў...».
Восень 1941-га, ідзе вайна, Пшанічны ў Чырвонай арміі. Камандзір ставіць атраду з шасцярых чалавек невыканальную задачу: на суткі затрымаць нямецкія войскі ля чыгуначнага пераезду. Калі іх пачалі атакаваць немцы, Пшанічны прымае рашэнне здацца ў палон. Ён разлічваў, што немцы прызначаць яго на якую-небудзь выгадную пасаду. Схапіўшы Івана, немцы загадалі яму ісці па дарозе, а потым расстралялі.
Іван Пшанічны ідзе па дарозе перад расстрэлам
Віцька Свіст
Вясёлы і знаходлівы баец. Ён жартуе і намагаецца дапамагчы таварышам забыцца на тое, што іх, хутчэй за ўсё, чакае смерць. Добразычлівы і шчодры чалавек, у мінулым пасядзеў у турме за крадзеж. Аўтар прадставіў яго як «жулікаватага з выгляду» хлопца. З цягам часу Свіст прызнаў свае памылкі: «Дурны я чалавек... вось. Шалёны, безгаловы... Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта...», «Чорт з ім: заслужыў — атрымаў па справядлівасці».
Калі на пераездзе пачаўся бой і стала зразумела, што ўсім давядзецца загінуць, Свісту і думка не прыйшла ў галаву пра тое, каб збегчы і выратаваць сваё ўласнае жыццё, як гэта зрабіў Пшанічны. Ён мужна і адважна да самага канца змагаецца і дапамагае не здавацца іншым.
Так ШІ бачыць Віцьку Свіста
«Сотнікаў», 1970 год публікацыі
Сотнікаў
Інтэлігентны, адукаваны чалавек, у мінулым настаўнік. Ім разам з Рыбаком даручана здабыць прадуктаў для партызанскага атрада. Ідзе на заданне хворым, аўтар падкрэсліў: «...стараўся ўправіцца з сабой сам, а там, дзе гэта было немагчыма, зменшыць сваю залежнасць ад каго б там ні было».
З-за моцнага прыступу кашлю іх з Рыбаком выяўляюць паліцаі на гарышчы ў Дзёмчыхі. Сотнікаў пакутуе з-за сваёй віны. Будучы асуджаным на смерць або як напісаў аўтар, «ліквідацыю» (так першапачаткова называўся твор), спрабуе ўзяць віну на сябе, каб выратаваць Дзёмчыху і Рыбака. Памірае гераічна, не згаджаецца стаць здраднікам: «На яго долю выпала нямала нялёгкага, нават жахлівага. Але быў абавязак. Ён вызначаў там, дзе было надта заблытана, ён вёў, калі не свяціла ніводнае сцежкі, ён вымагаў на амаль немагчымае», — пісаў Васіль Быкаў.
Такі вобраз Сотнікава быў згенераваны ШІ
Рыбак
Моцны, здаровы, пазітыўна настроены ў любой сітуацыі. Дапамагае таварышу, выконвае ўсю фізічную працу. Вінаваціць Сотнікава ў тым, што іх схапілі паліцаі. Дае ілжывыя паказанні, хітруе, згаджаецца на супрацоўніцтва з імі. Няспелы маральна і духоўна: нягледзячы на дабрыню і здольнасць да ўзаемадапамогі, лічыць, што быць жывым здраднікам лепш, чым мёртвым героем: «Рыбак падумаў: «наўрад ці ён выжыве». І раптам яму адкрылася надзвычай выразна і шчасліва: калі Сотнікаў памрэ, то яго, Рыбака, шанцы значна палепшацца. Ён зможа сказаць што ўздумаецца, іншых тут сведак няма»«.
Пасля пакарання смерцю Сотнікава спрабуе скончыць жыццё самагубствам, але беспаспяхова. Забіты маральна: «Так, звароту назад, да ранейшага, цяпер, мабыць, ужо не было — ён гінуў усур’ёз, назусім, і самым неспадзяваным чынам. Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама», — пісаў аўтар.
Так ШІ бачыць былога старшыну і цяпер здрадніка Рыбака
«Альпійская балада», 1964 год публікацыі
Іван Цярэшка
Гэта фізічна моцны 25-гадовы хлопец родам з Беларусі. Сярод саслужыўцаў нічым не вылучаўся, хаця меў узнагароды. Апынуўся ў нямецкім палоне.
Падчас пабегу ад нацыстаў праз Альпы, Іван і яго спадарожніца, італьянка Джулія пакахалі адзін аднаго, хацелі стварыць сям’ю, але трагічны выпадак перашкодзіў гэтым планам і Іван, ахвяруючы сабой дзеля ўратавання каханай, загінуў: «Hяcцepпны бoль пpaцяў гopлa, нa iмгнeннe мiльгaнyлa ў вaчax xмypнae нeбa, i ўcё нaзaўжды згacлa ...».
Вобраз Івана Цярэшкі
Джулія Навэллі
Яна была юнай італьянскай прыгажуняй, з вялікімі выразнымі вачыма, густымі валасамі. Яе звонкі смех падымаў усім настрой. «Ён саступіў на край сцежкі, даў дзяўчыне параўняцца з сабой і з няўтойнай цікавасцю агледзеў яе ладненькую, цыбатую, як-колечы апранутую фігуру. Але, дзіўная справа, гэтае стракатае, з чужога пляча ўбранне ўсёй сваёй недарэчнасцю не магло зацьміць яе маладой прыроднай статнасці і пекнаты, якая праглядвала ва ўсім: і ў гнуткасці рухаў, і ў ласкавай прыгажосці твару, і ў звычцы трымаць галаву з годнасцю і грацыяй», — апісваў сваю гераіню аўтар.
Джулія вырасла ў забяспечанай сям’і, але дзеля кахання вырашыла ахвяраваць дабрабытам і ісці за выбраннікам-камуністам. Скарыстаўшыся сітуацыяй з выбухам, яна ўцякае з канцлагера разам з Іванам. Лёс раздзяліў пару, у Джуліі нараджаецца сын і памяць пра Івана яна захоўвае да канца жыцця.
ШІ бачыць так палонную камуністку-італьянку
«Абеліск» 1971 год публікацыі
Алесь Мароз
Школьны настаўнік, які клапаціўся пра сваіх вучняў, быццам яны былі яго ўласнымі дзецьмі. Ратаваў ад жорсткасці некаторых бацькоў, галечы і голаду, праводзіў дадому позна ўвечары, двум дзяўчынкам купіў чаравікі, каб яны зімой маглі ходзіць у школу. Сам займаўся самадзейнасцю і папаўненнем мясцовай бібліятэкі. «Дзеці недзе знайшлі шчанят, бацькі загадалі ўтапіць, але перад тым у класе чыталі тургенеўскага «Муму», і вось Алесь Іванавіч рашыў пасяліць шчанюкоў пры школе, каб усім па чарзе іх даглядаць. Так у Сяльцы завяліся школьныя сабакі,» — так Быкаў падкрэсліваў дабрыню школьнага настаўніка.
Падчас Другой Сусветнай вайны паспрабаваў выратаваць сваіх вучняў ад паліцаяў і за гэта быў пакараны смерцю.
Згенераванае аблічча вясковага настаўніка Алеся Мароза
Паліцай Каін
Васіль Быкаў паказвае яго як здрадніка. Вясковы паліцай, што адрозніваўся асаблівай жорсткасцю, шмат чаго кепскага зрабіў сваім аднавяскоўцам: «I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям. I адкуль што ўзялося — чорт ведае. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады яшчэ быў, не жанаты, хлопец як хлопец. Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы — перарадзіўся чалавек. Во што значыць умовы».
Славіўся здзеклівым стаўленнем да беларусаў і яўрэяў, не шкадаваў нават падлеткаў: «Яўрэяў у мястэчку катаваў, аблавы рабіў.»
Расстраляў параненых камандзіраў, спаліў хату партызанскага сувязнога і забіў усіх яго родных. Вінаваты ў смерці настаўніка Мароза і ягоных вучняў.
Аўтар нават не дае персанажу імені, толькі мянушку Каін, робячы адсылку да біблейскага сюжэта: «А вось другі аказаўся апошнім гадам. Не памятаю ўжо ягонага прозвішча, але па вёсках яго звалі Каін. I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям».
Такім ШІ бачыць «быкаўскага» Каіна
Алесь Масевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Тэст: Як добра вы ведаеце творчасць Васіля Быкава?
«Калi нам цяпер чагосьцi не хапае, дык найперш — нацыянальнай волi». 10 цытат Васіля Быкава пра лёс нацыі
Топ-7 найлепшых экранізацый твораў Быкава