У сваіх выказваннях і шматлікіх творах Васіль Быкаў глыбока задумваўся пра нацыянальную свядомасць і яе значэнне для культуры і грамадства, уздымаў праблемы захавання культурных каштоўнасцей і ролі нацыянальнай ідэалогіі ў сучасных умовах. У гэтым матэрыяле мы сабралі 10 цытат Васіля Быкава пра нацыянальную свядомасць, якія дапамогуць лепш зразумець яго погляды на гэтую тэму. Гэтыя словы нагадваюць нам пра важнасць і неабходнасць яе захавання ва ўмовах глабальных змен і палітычных крызісаў.
Пра свабоду
Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое і карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькі гэта мажліва ў складаным, заблытаным сьвеце арганічнага існаваньня. Апроч хіба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць і адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьці праз хітрасплецены лябірынт жыцьця, а то і застацца ў адным зь яго тупікоў. I там прызвычаіцца, змарнець, страціць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты біялягічнага існаваньня. Зрабіцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату — такім, як усе.
Доўгая дарога дадому. 2003
Пра выбар
Для народа гэта нязвыкла i нават пакутна — выбiраць на ўласны розум, калi заўсёды гэта рабiлi iншыя, нiбыта разумнейшыя.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Нават пры магчымасцi свабоднага (адносна, вядома) выбару выбiраюць не лепшае, i не таму што не хочуць сабе дабра, а таму што дагэтуль не навучылiся адрознiваць кепскае ад горшага.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Пра нацыянальны характар
Нядаўна абраны дыктатар ды ягоныя памагатыя лічылі народ самым разумным, самым правільным і працавітым. Іхнія ж супраціўнікі сьцьвярджалі, што народ дурны і сьляпы, нібы крот. Бо каб быў разумны і працавіты, дык нешта б умеў, а гэты ня ўмеў нічога, як нічога і ня меў.
Сьвіст. 1998
Беларус жа заўжды талерантны. I ўдумлівы. Калі, бывала, яго вытнуць па карку, дык сьпярша ён папросіць прабачэньня, што даў непрыяцелю клопату павярэдзіць руку. Пасьля, добра падумаўшы, яшчэ і падзякуе за навуку.
Абы ціха. 2000-2003
Пра назыянальную ідэю
Можна гаварыць толькі пра нацыянальныя зародкі, спазьнелыя і малавыніковыя, якія ня толькі не пагражаюць іншым народам і нацыянальнасьцям, але і не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў саміх беларусаў.
Доўгая дарога дадому. 2003
У аснове нацыяналізму — прыроджаны эгаізм, рыса, уласьцівая кожнай жывой істоце. Гора таму арганізму, у якім гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як і кепска, калі тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет — ёсьць шавінізм або імпэрыялізм.
Доўгая дарога дадому. 2003
Там, дзе нацыянальная iдэя не сфармавалася, не адбылося i дэмакратызацыi. I наадварот, дзе яна перамагла — перамаглi i рэформы, тыя грамадствы не без цяжкасцяў, але ўсё ж рушылi ў кiрунку сусветнай эканомiкi.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
I калi нам цяпер чагосьцi не хапае, дык найперш — нацыянальнай волi, дасканалай нацыянальнай свядомасцi. Але тое не даецца прэзiдэнцкiм указам, тое выхоўваецца праз стагоддзi. Або памiрае — мабыць, у той дзень, як памiрае мова.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Нацыя ж, спакушаная фальшывымi iдэямi, падманутая псеўданавукай, будзе хварэць, аж пакуль не паразумнее i не вызвалiцца ад тае ачмурэласцi.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Чытайце яшчэ:
«Гэта для некага ён вялікі пісьменнік, гонар Беларусі, ледзьве не ікона. А для мяне — старэйшы брат. Вася, Васілёк, Васіль»
Топ-7 найлепшых экранізацый твораў Быкава