У 1582 г. рымскі папа Грыгорый XIII урэшце адважыўся ўвесці новы каляндар замест наяўнага, які “спазняўся” праз недасканаласць разлікаў на цэлыя 10 дзён. Рэч Паспалітая, у якой валадарыў на той час кароль Стэфан Баторый, падпарадкавалася рашэнню вярхоўнага каталіцкага іерарха. Але ўвядзенне новага календара на практыцы ў шматнацыянальнай і поліканфесійнай дзяржаве аказалася не такой простай справай.
Галоўнай праблемай стала нежаданне прыхільнікаў некаталіцкіх канфесій ісці ўслед за рашэннем рымскага папы. Тыя ж пратэстанты, па вялікім рахунку, пагаджаліся з патрэбай пераходу на новы каляндар, але не збіраліся ісці за ініцыятывай, якая выйшла з папскай курыі. Найбольш моцныя пратэсты супраць увядзення грыгарыянскага календара адбыліся ў Рызе. Гэты горад, нягледзячы на далучэнне на пачатку 60-х гадоў XVI стагоддзя тэрыторыі Інфлянтаў да Вялікага Княства Літоўскага, а потым і да Рэчы Паспалітай, вельмі доўга абараняў сваю самастойнасць і прызнаў каралеўскую ўладу Стэфана Баторыя толькі ў 1581 г., дамогшыся ад яго пацверджання шырокай унутранай аўтаноміі. Аднак звычайныя мяшчане – г.зy. плебейскі клас – былі незадаволеныz саступкай з боку гарадской Рады, якая пагадзілася на прыбыццё ў Рыгу езуітаў. Пастанова аб святкаванні Калядаў у 1584 г. стала выдатнай зачэпкай для бунту мяшчан-пратэстантаў. Як гэта найчасцей бывае ў гісторыі, нязгода з новым “папскім” календаром ляжала толькі на паверхні. Сутнасць канфлікту палягала як у непрыязнасці да каталіцтва і асабліва езуітаў, так і на незадаволенасці звычайных мяшчан палітыкай кіраўніцтва горада. Неўзабаве супрацьстаянне перарасло ў сапраўднае гарадское паўстанне з выразнай сацыяльнай афарбоўкай. Распараджэнні цэнтральнай улады з Кракава перасталі выконвацца, а тыя бурмістры, якія падпісалі ад Рыгі дамову аб падпарадкаванні Рэчы Паспалітай, былі пакараныя смерцю. Канфлікт удалося залагодзіць толькі ўлетку 1589 г. дзякуючы рашучым дзеянням каралеўскіх камісараў Севярына Бонэра і Льва Сапегі. Аднак новы каляндар рыжане так і не прынялі, і такое становішча захоўвалася прынамсі да 1614 г.
“Каляндарныя пратэсты” выразна паказалі лінію супярэчнасцей у Інфлянтах — паміж мясцовым пратэстанцкім насельніцтвам і каталіцкай уладай Рэчы Паспалітай. Контррэфармацыйныя намеры разбіваліся аб непрыхільнасць рыжан дый увогуле інфлянцаў. Нядзіва, што падчас войнаў са Швецыяй, якія разгарэліся ў першай траціне XVII стагоддзя, сімпатыі тутэйшых жыхароў усё больш схіляліся на бок “братоў па веры” — шведаў.
Не пагадзіўся з каляндарнай рэформай і іншы суцэльна пратэстанцкі рэгіён у вялізнай і разнастайнай Рэчы Паспалітай — княская Прусія. У Кёнігсбергу супраць новага календара выказаліся як мясцовы князь, так і саслоўі. Па-новаму лічыць дні тут пачалі толькі ў 1610 г.
Пратэсты ў Рызе былі аднымі з найбуйнейшых ва ўсёй Еўропе. Яны моцна паўплывалі на пазіцыю каралеўскай улады адносна ўвядзення новага календара і ў самой Рэчы Паспалітай. Рэформе супраціўляліся праваслаўныя — як грэцкага,так і армянскага абраду. Калі спачатку Стэфан Баторый загадаў усёй краіне перайсці на новыя правілы вылічэння дат, то пасля ўспыхвання пратэстаў у Вільні, Луцку, Львове ён быў вымушаны даць ход назад. Ужо 9 студзеня 1584 г. Стэфан Баторый распарадзіўся дазволіць армянам і праваслаўным “русінам” (беларусам і ўкраінцам) адзначаць рэлігійныя святы паводле юліянскага календара. У прывілеі адзначалася, што “без дазволу свайго патрыярха праваслаўныя не павінныя прымушацца гвалтам да прызнання новага календара”. Падкрэслівалася, што праваслаўныя вернікі, у сваю чаргу, не павінныя перашкаджаць каталікам святкаваць па новых датах, тым больш здзекавацца з гэтага. Зрэшты, у гэтым праявілася старая практыка талеранцыйнага падыходу да ўзаемаадносін са сваімі грамадзянамі, як бытавала яшчэ ў даўнім Вялікім Княстве Літоўскім. Як нідзе, сітуацыя ў Рэчы Паспалітай паказала ўсю складанасць ажыццяўлення рэформы, у якой бачылі навязванне з боку Ватыкана і сцвярджалася цвёрдая прывязанасць іншых хрысціянскіх плыняў да старой традыцыі і нежаданне рваць з ёю.
А вось на свецкім узроўні новы каляндар паціху ўступіў у свае правы. З 1585 г. усе даты ў дакументах пісаліся па-новаму, і абываталі Рэчы Паспалітай папросту павінныя былі яго прызнаваць. Цікава адзначыць, што Беларусь была вымушаная зрабіць крок назад у сваім каляндарным развіцці і вярнуцца да юліянскага календара пасля далучэння да Расійскай імперыі пры канцы XVIII стагоддзя. Атрымліваецца, што, як ніякая іншая еўрапейская краіна, мы гулялі з чужынскай волі ў “машыну часу” і вярнуліся амаль на два тыдні назад. Расія афіцыйна прыняла грыгарыянскія правілы летазлічэння толькі з прыходам да ўлады бальшавікоў у 1918 г. Вядома ж, іх ідэалогія “дазваляла” рэзка разарваць з прынятай праваслаўнай традыцыяй. Але для нас, беларусаў, гэта было толькі вяртанне да стану рэчаў, які існаваў у часы Рэчы Паспалітай. Гэта сапраўды вельмі адрознівала нашу сітуацыю ад агульнарасійскай, дзе з грыгарыянскім календаром “пазнаёміліся” толькі ў ХХ стагоддзі.
Андрэй Янушкевіч