3 снежня ў бібліятэцы імя Васіля Віткі, што ў Мінску, адбылася творчая сустрэча барда Таццяны Беланогай з вучнямі старэйшых класаў 65, 105 школ. Зімовы настрой – святочны настрой! На сустрэчы Таццяна распавядала пра сваю творчасць, выконвала песні на свае вершы і на вершы беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.
Таццяна выступала ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, новы слоган якой “Культура паляпшае жыццё” – стаў тэмай размовы і тэмай конкурсу. Дзеці, якія ўдзельнічалі ў конкурсах, атрымалі падарункі ад кампаніі – паштоўку “Не маўчы па-беларуску!”, торбы, майкі. Падчас конкурсу трэба было агучыць свае тры жаданні на 2015 год па-беларуску. Але пры ўмове, што жаданні будуць такімі, каб той, хто загадвае, мог сам паўплываць на спаўненне гэтага жадання і каб жаданне тычылася нашай беларускай культуры і грамадства. Думкі матэрыяльныя і для спаўнення жадання трэба нешта зрабіць! З якім запалам пачалі старшакласнікі загадваць жаданні! У некаторых быў моўны бар’ер, але мы разам пераадолелі яго і разам шукалі беларускія словы. Адразу ўсім стала весела, што ім жадаюць столькі прыемнасцяў.
На сустрэчы Таццяна падняла пытанне культуры чытання. Аказалася, што аўдыторыя вельмі любіць чытаць і палова наведвальнікаў прачытала мінімум адну кнігу за апошні месяц.
На развітанне загадчыца бібліятэкі спадарыня Тамара пажадала ад свайго імя паспяхова выбраць сваю прафесію, чытаць болей беларускіх добрых кніг, развіцця і спаўнення задуманага.