Нядаўна Таццяна Беланогая падарыла жыццё свайму новаму альбому пад цікавай назвай «Ніткі». Спецыяльна для грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» спявачка і паэтка размотвае клубкі сваёй творчасці і адкрывае таямніцы сваёй сувязі з навакольным светам.
— Таццяна, раскажы, калі ласка, чым гэты дыск адрозніваецца ад папярэдняга?
— Спачатку людзі бачаць толькі дыск, але ж тут яшчэ пераклады на польскую і ангельскую мовы. Гэта зроблена для таго, каб людзі, якія не ведаюць беларускай, маглі зразумець, пра што мае песні. У музычным жанры людзі часам нават не разумеюць словаў, але ж мурашкі па скуры паўзуць, і яны адчуваюць, пра што песня. Але ж у паэзіі людзі менавіта разумеюць, я сама вельмі люблю паэзію, таму мне гэта вельмі блізка. Адсюль такая задумка — зрабіць пераклады.
— А пераклады ты рабіла сама?
— Не, іх рабіў цудоўны перакладчык Зміцер Занеўскі, і ён зрабіў, можа, нават больш, чым проста пераклады. Таму што мае тэксты вельмі простыя, а Зміцер крыху інтэрпрэтаваў іх. Ну, напрыклад, як Цой. Ён вельмі просты. Калі яго пачынаць ламаць, згубіцца вось гэтае цоеўскае зерне, і, можа, у маёй паэзіі таксама не трэба шмат дадумваць самому. То бок з песняў Таццяны Беланогай ідзе свет у іншага чалавека, і ён сам для сябе штосьці дадумвае.
— Атрымліваецца такі своеасаблівы працяг нітачкі. Ці думала ты выходзіць на міжнародны ўзровень па распаўсюдзе гэтага дыску, улічваючы, што дыск аздоблены тэкстамі тваіх песняў на дзвюх замежных мовах?
— У мяне бывае даволі шмат канцэртаў у Польшчы, і на мінулым музычным фестывалі OPPA-2009, дзе выступалі немцы, беларусаў прадстаўляла я. Палякі, якія рабілі пераклад тэкстаў на польскую мову, транслявалі іх на сценцы, на спецыяльным экране —атрымалася вельмі класна, бо музыка аддае вельмі шмат, але калі слухачы разумеюць, пра што песня, тады зусім па-іншаму ўспрымаецца і сам творца.
— Калі музыка аддае энергію, ён яе мусіць у нейкім іншым выглядзе і атрымліваць?
— Так, гэтыя пераклады — як пэўны абмен энергіяй, каб была ўсё ж такі гэтая нітачка, каб не перарывалася, а то ўсё беларуская, беларуская, беларуская мова. Калі людзі разумеюць змест песні, яна ўспрымаецца зусім па-іншаму.
— Скажы, калі ласка, ці адбываліся нейкія цікавыя рэчы падчас працы над альбомам?
— Сам дыск вельмі просты, нічога складанага няма — гітара і голас, ніякіх інструментаў, а як аздабленне ідуць кліп і пераклад. Спачатку я думала, што гэты кліп запішацца хутчэй за ўсё. Але самае першае, што мы зрабілі, — гэта пераклады, а мне здавалася, што будзе зусім наадварот. Самы ж ступар пачаўся, калі я яго афармляла, таму што ў мяне ў галаве была менавіта такая карцінка, як цяпер і выглядае вокладка.
Вельмі дзіцячая, вельмі простая, і вясёленькая. І я пачала шукаць дызайнера, і ўсё было не тое, на пошук дызайнера сышло, можа, з паўгоду. Бо сам дыск быў запісаны вельмі хутка. Але нарэшце я знайшла менавіта тое, што мне было патрэбна, я менавіта так яго і ўяўляла. Самы прыкол у тым, што калі мне дызайнер паказаў гэты макет, я здзівілася наколькі тое, што ты сабе ўявіў, можа ўвасобіць іншы чалавек — прыйсці і паказаць тое, што ты хацеў. Ён жа не мог нідзе падгледзець. Гэта яскравы прыклад таго, што мы можам адно з адным кантактаваць. Калісьці я казала, што гэта будзе ментальны альбом, нібыта пра тое, што мы адно з адным узаемазвязаныя і можам нават думкі чытаць. Мы звязаныя на нейкім такім узроўні, што калі мне прынеслі і паказалі малюнак для вокладкі, ён быў менавіта такі, які я сабе і ўяўляла.
А потым, калі я ўжо выдала дыск, я пайшла да сваёй вельмі добрай сяброўкі, якая жыве ў Маладзечне, і прынесла ёй гэты альбом. На альбоме намаляваны клубок, а гэтая сяброўка ў той самы дзень зрабіла мне падарунак — японскае арыгамі, якое было каляровае і вельмі падобнае да гэтага клубка. Атрымалася, што я ёй — дыск з клубком на вокладцы, а яна мне — арыгамі ў выглядзе таго ж клубка. І мы тады таксама зразумелі, што можам адна адну адчуваць. То бок усе гэтыя ніткі трэба завязваць і ісці да чагосьці. Я думала, што гэты альбом будзе вострасацыяльны, а ён атрымаўся вельмі мяккі, там вельмі шмат сумных песняў пра каханне. Але сама канцэпцыя альбому ў тым, што мы звязаныя адно з адным у межах краіны, сям’і і сусвету.
— А назва альбому з’явілася пасля напісання песняў?
— Так, гэтыя песні былі напісаныя ў 2008 годзе. І сама ідэя запісаць гэты альбом з’явілася даўно, але фінансава я не магла пацягнуць. А назва альбому ў мяне была адразу, я хацела спачатку назваць проста «Ніткі», але вагалася — можа, лепш па-іншаму… А потым прыйшла да высновы, што «Ніткі» — гэта вельмі класна. Гэтая назва вельмі ёмістая, нічога складанага, але вельмі філасафічна і класна. У саміх песнях кожны можа знайсці сваё, гэта такія ўнутраныя песні пра каханне. Я не хацела чапаць сацыяльную тэматыку, але наступны дыск, калі атрымаецца, буду пісаць з рок-гуртом, а калі не, буду зноў пісаць пад гітару. Бо для мяне нічога не рабіць — вельмі цяжкае выпрабаванне.
Таццяна выказвае падзяку грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» за дапамогу ў выданні дыска.
Набыць дыск можна праз старонку Таццяны https://bіelanohaja.org/, у салонах кампаніі «Вігма», а таксама замовіць праз электронную скрыню bіelanohaja@gmaіl.com, паведаміўшы свой поўны адрас.