30 красавіка 2011 г. на базе рыцарскага клуба “Гарадзенскі двузуб” у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы МГА “Гісторыка” адбылася сустрэча гарадзенцаў з аўтарам дзіцячай казкі “Яська і конік ягоны Грыўка” Юрыем Усціновічам. Ва ўтульным памяшканні гарадзенскіх рыцараў, стылізаваным пад жытло заможнага шляхціца, аўтар кнігі расказаў наведнікам імпрэзы пра ідэю і гісторыю стварэння свайго твора, а яшчэ і пра тое, як гэта – выдаваць у Беларусі дзіцячыя кніжкі.
Разам з аўтарам кнігі на сустрэчу з гарадзенцамі прыехаў музыка Ігар Расолька. Ён прадэманстраваў выдатнае майстэрства ігры на розных музычных інструментах, пашыраных на землях Беларусі ў Сярэднявеччы, у тым ліку на дудзе і жалейцы.
Сустрэча гарадзенцаў з аўтарам і музыкам праходзіла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Слухаючы аўтара і музыку, наведнікі маглі пры жаданні папіць гарачай гарбаты, настоенай на зёлках і травах, якую не стамляліся прапаноўваць сваім гасцям сябры клуба “Гарадзенскі двузуб”. У канцы імпрэзы ахвотныя атрымалі мажлівасць сфатаграфавацца ў рыцарскім рыштунку, атрымаць з рук Юрася кніжку з ягоным аўтографам і памятныя падарункі ад «Будзьма беларусамі!».