Алесь Тодараў піша на budzma.by аб тым, як прачынацца ранкам у гуморы, больш паспяваць і добра сябе адчуваць.
Здаецца, гэта неаспрэчная ісціна, што шмат каму з нас бывае цяжка прачнуцца ранкам і настроіцца на нармальны працоўны рытм дня. Асабліва, калі позна лёг, бо глядзеў чарговы серыял або працаваў. Рана ці позна такі лад жыцця прыводзіць да таго, што рэжым дня збіваецца, а гэта ўжо прамы шлях да хваробаў і страты здароўя.
Аднак, на наша шчасце, ёсць метады, якія дапамагаюць аднавіць правільны рэжым дня. Ніжэй пяць парадаў, якія дапамогуць вам лягчэй прачынацца раніцай, зробяць яе бадзёрай і адновяць рэжым дня.
1. Правільны настрой
Перад тым, як класціся спаць, паразважайце аб тым, чаму вам неабходна заўтра прачнуцца як мага раней. Рэч у тым, што чалавечая псіхалогія працуе такім чынам, што калі зматываваць сябе на неабходны лад, то ўсе праблемы будуць вырашацца значна прасцей.
Прывядзіце сабе насамрэч істотныя аргументы: я болей паспею, я буду адчуваць сябе яшчэ лепш, я зараблю больш грошай, я буду ганарыцца сабой і гэтак далей.
Прачнуўшыся раніцай у абавязковым парадку запраўце ложак. Гэтае здавалася б простае дзеянне зматывуе вас да ўсяго астатняга, паколькі запраўлены ложак дысцыплінуе і настройвае на працоўны лад.
2. Пакіньце на раніцу
Многія з нас любяць правяраць пошту або гартаць без патрэбы стужку ў сацыяльных сетках перад сном. Пакіньце гэты займальны занятак на раніцу. Лепей проста кладзіцеся спаць. А раніцай у вас будзе больш матывацыі прачнуцца.
Як варыянт паспрабуйце замяніць вячэрняе заліпанне ў сеціве на нешта больш прадуктыўнае: чытанне добрай кнігі, медытацыю, слуханне падкастаў або вядзенне дзённіка. Гэтыя, здавалася б, маленькія крокі ў доўгатэрміновай перспектыве канвертуюцца ў вялікую карысць для развіцця вашай асобы і жыцця.
3. Будзільнік
Яшчэ адзін дзейсны метад — паставіць будзільнік або тэлефон падалей ад ложка. Каб яго адключыць ранкам, вам давядзецца не толькі прачнуцца, але і прайсціся. Пасля гэтага зноў заснуць будзе ўжо не так проста.
Гэтая звычка, несумненна, можа перамагчы любы сон, але разам з тым яна ж становіцца крыніцай стрэсу. Вы яшчэ не пачалі вырашаць важныя справы, нават не выйшлі са сваёй кватэры, але ўжо адчуваеце сябе загружаным.
Дарэчы, смартфон можна таксама пакідаць на ноч па-за межамі спальні, каб не было спакусы кідацца чытаць навіны.
4. Не злоўжывайце!
Калі хочаце займець добры сон, лепей адмовіцца ад ужывання алкаголю, кавы і салодкага на ноч. Гэтыя прадукты выклікаюць адчуванне слабасці і санлівасці раніцай. Паспрабуйце наогул не есці за 3-4 гадзіны да сну. Тады раніцай вы прачнецеся з лёгкім адчуваннем голаду і матывацый падняцца ды зрабіць сабе смачны сняданак.
Дарэчы, празмернае ўжыванне вечарам алкаголю можа прывесці да так званага «сну алкаголіка», калі вельмі цяжка заснуць, а сам сон рваны, неглыбокі і вельмі нервовы. Натуральна, што гэта не можа не адбіцца на здароўі ў цэлым.
5. Наладзьце рэжым дня
На самым пачатку наладзіць свой рэжым дня будзе вельмі складана, асабліва, калі вы не прывыклі класціся спаць рана. Па першым часе давядзецца адмовіцца ад серыялаў на Netflix ці HBO, а таксама ад згаданага вышэй заліпання ў сацыяльных сетках.
Лепей наогул адмовіцца ад усяго, што не прыносіць вам практычнай карысці.
Пры правільным падыходзе паступова вам усё ж удасца перабудаваць свой рэжым дня, класціся раней і прачынацца прыкладна ў адзін і той жа час. Потым гэта ўвойдзе ў рытм і стане добрай звычкай. І ўжо праз 2-3 тыдні вашае жыццё зменіцца кардынальным чынам.
Таксама варта выпрацаваць у якасці карыснай звычкі штораніцы прыкладна гадзіну выдаткоўваць сабе. Гаворка не пра душ або іншыя гігіенічныя працэдуры. Вы павінны прачнуцца, падумаць пра сябе, пра свае планы на дзень, на месяц, на год, на жыццё ў цэлым. Пафантазіраваць, візуалізаваць, як вы дасягаеце пастаўленых мэтаў. Бо калі дзень пачаўся з хаосу, ён гэтак жа працягнецца і гэтак жа скончыцца.
Алесь Тодараў, budzma.by