Зараз, увосень 2024-га, можа падацца, што ніякага. Кітайцы ўсё адно лепш працуюць і садзяць гароды. Украінцы — лепш ваююць. Расіяне — больш нахабныя. Палякі ці літоўцы — проста «лепш». А які сэнс у беларусах? Ды і якія яны, беларусы? А галоўнае — навошта?.. Разважае пісьменнік і публіцыст Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч
Пасля няўдалай рэвалюцыі ды ўсіх апошніх дзесяцігоддзяў можа падацца, што наш нацыянальны праект не спрацаваў. Ён — памылковы. Нібы ў праграме, напісанай шмат гадоў таму, ад пачатку была закладзеная памылка. Таму, як ні круці, нічога не атрымаецца. «Фэйл стэйт» і «фэйл нэйшн». Гаротны лёс і далей па спісе.
Неяк пару гадоў таму, на пракуранай кухні разам з адным вядомым кніжным выдаўцом, мы задаваліся пытаннем: дык можа беларусы і праўда «біямаса», як кажуць некаторыя суседзі? А беларусы-беларусы (нацыянальна-арыентаваныя) — гэта як фанаты Цоя. Яны заўжды будуць, але няшмат. Такая сабе субкультура. Гэта можна перарасці або — пакінуць прыемным успамінам маладосці.
Падобныя думкі, упэўнены, завітвалі шмат да каго. Да мяне ўпершыню — падчас жыцця ва Украіне, +/- у перыяд Рэвалюцыі Годнасці. Жыццё за мяжой — заўжды добрая нагода зірнуць на сябе звонку. Тут — палітыка, бізнес, энергія, нацыянальныя арганізацыі, моўная прастора, кнігі, універсітэты... А прыязджаеш на вакзал у Мінск — там суцэльная шэрасць. Дык, можа, задзелацца ўкраінцам? Вывучыць мову, прыняць культуру, узяць на сябе долю адказнасці за новую радзіму?..
«Давай ж*ду наваляем»...
Габрэі Расійскай імперыі. Крыніца: arzamas.academy
Шмат якія народы, якія мы лічым паспяховымі, а часта наўмысна шукаем іхны след у сваім радаводзе, перажывалі падобны стан. Стан самаадмаўлення. Калі лепш быць некім іншым ды — адмежавацца ад свайго.
Яўрэі — замуляны прыклад. Гаворка нават не пра гітлераўскія часы. Быць яўрэем у царскай Расіі — «чорная метка». Быць яўрэем у міжваеннай ці сацыялістычнай Польшчы — такое сабе. А ці ў СССР было інакш? Згадайце стары анекдот: «Давай ж*ду наваляем»/ «А раптам ён нам?» / «А нам за што?..» Таму, уласна, Арансоны ды Галкіны пераўтвараліся ў Арловых і Пятровых, самі шукаючы для гэтага магчымасці.
Быць немцам у СССР у паваенны час — сапраўднае выпрабаванне. Бо ж немец — гэта «фашыст», што тут не ясна? Адзін мой стары знаёмы неяк прызнаўся, што яго продкі мелі прозвішча Франк, але — своечасова памянялі на тыпова беларускае. На ўсялякі выпадак. У ПНР — тое самае. Вэкверты і Функі ставалі Кавальскімі, а старыя могілкі зарасталі крапівою. Нават калі нашчадкі пахаваных жылі побач, то размаўлялі ўжо зусім іншай мовай. А тыя могілкі абыходзілі як падалей.
У дакуменце выпраўлена: з «паляка» на weissrusse
Ці заўжды было крута быць палякам? Сяргей Пясецкі ўзгадваў, як у часы акупацыі палякі Віленшчыны пісаліся ў дакументах «беларусамі», каб не мець лішніх праблем. Прайшоў час, і ўжо самому ў рукі трапіла выпраўленая ад рукі легітымацыя — з «паляка» на weissrusse у адпаведнай графе. Быць палякам у паваенным БССР — таксама сумнеўны бонус, пра адказныя пасады можна забыцца.
А як сябе адчувалі палякі ў самой Польшчы, скажам, увосень 1984-га? Усе грамадскія ініцыятывы задушаныя, людзі па турмах, вакол міліцыя ды шпіёнаманія, грошай няма. А з Віслы толькі што выцягнулі знявечаны труп ксяндза Папялушкі... Польшча, канешне, краіна з доўгай гісторыяй гераічных паўстанняў, але — заўжды з дадаткам — «няўдалых». Дык можа зваліць у Брытанію ці ЗША ды забыцца на гэта ўсё? Прыкладна мільён палякаў так і зрабілі.
А што маем зараз? Людзі з пачатку 90-х шукаць сабе яўрэйскія ці нямецкія карані ў надзеі на пераезд, пашпарт «сур’ёзнай дзяржавы» ці хоць якія бонусы ў жыцці. Для атрымання «карты паляка» шмат хто першы (і адзіны) раз у жыцці пералапачвае сямейныя дакументы або звяртаецца ў архіў. Нацыянальнасць, якая зусім нядаўна была невыносным цяжарам, стае не толькі гонарам, але і шанцам у жыцці.
Як гэта працуе?
Найчасцей няма ніякай суцэльнай чорнай паласы.
Калі ёсць плынь абсалютнага змроку, то ёсць і адваротная — з надзеяй і перспектывай. Магчыма, не тут і не зараз — але стратэгічна — з перспектывай.
Быць украінцам годзе ў 2010-м было задавальненнем на аматара. Маўляў, краіна няўдалых рэформаў, карупцыі, разбітых дарог, дзе толькі што прэзідэнтам абралі Януковіча. Карацей, нічога ніколі не будзе. Але ўжо праз пару год — гэта нацыя пераможцаў, бо «Рэвалюцыя Годнасці». Пасля 2022-га — гэта героі, якія не здаліся і вядуць няроўны бой з сусветным злом. Тое, што мела знішчыць краіну і нацыю, дапамагло ёй раскрыцца.
Калі пафасна, то Бог часта дзейнічае праз абсурд: пакуты і злыбеды пераўтвараюцца калі не ў капітал, то ў неабходны досвед для будаўніцтва лепшага заўтра.
Дык які сэнс заставацца беларусам?
Крыніца: travelask.ru
Ёсць цікавы прыклад беларусаў Падляшша. Беларусам тут быць было нявыгадна заўжды: у 1920-я, у 1940-я, у 1980-я... Бо беларус — гэта «камуніст». Калі-небудзь табе гэта адгукнецца. Калі не табе, то тваім дзецям. А хто ж не любіць сваіх дзяцей і не хоча для іх лепшага?.. У гэтым сакрэт з’яўлення шматлікай катэгорыі «праваслаўных палякаў». Бо беларусамі быць ніхто не хацеў: праблемы ёсць, а бонусаў — ніякіх.
Але, урэшце, з вуснаў аднаго шаноўнага мясцовага беларуса давялося пачуць: калі настойваеш на сваім, з табой спачатку спрачаюцца, пасля церпяць, а ўрэшце паважаюць. Правільна, бо хто паважае чалавека без ідэнтычнасці? На жаль, сённяшнія беларусы-эмігранты часцяком выглядаюць «ценямі» — вучаць польскую, паміж сабой па-руску, а па выніку — невядома хто. Такога чалавека можна ўзяць на працу, але за што яго паважаць?
Яшчэ адзін кейс — гэта зменлівая палітычная сітуацыя. Мы не ведаем, калі адкрыецца наступнае акно магчымасцяў. Але гэтага не ведалі ані палякі, ані яўрэі. Нават ірландцы больш за сотню гадоў жылі з разуменнем «забранай бацькаўшчыны». Бо Ірландыя — гэта пра гвалт, беднасць і праблемы. Хто б мог падумаць, што туды будуць ехаць на заробкі людзі з іншых краінаў, а сама «ірландскасць» стане сусветна вядомым брэндам?..
Урэшце, ёсць такая рэч, як упартасць. Так атрымалася, што шмат хто ў гэтым свеце хоча, каб нас — беларусаў — проста не было. Зусім. А вось застацца беларусам, сабою, значыць засведчыць: яны НЕ перамаглі, мы НЕ капітулявалі.
Інакш мы сведчым і падпісваемся пад тым, што ўсё было дарма. І лепш бы нас сапраўды ніколі не было ў свеце. Падабаецца?..
Некалі Молатаў адзначыў датычна фінаў, што тыя выстаялі ў «Зімовай вайне» праз сваю неверагодную ўпартасць. Здаецца, акурат упартасць — тая беларуская рыса, якая нас ратавала шмат разоў. І варта яе ўключыць напоўніцу, каб нейкі іхны чарговы молатаў праз шмат гадоў занатаваў нешта падобнае пра беларусаў.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org