Умовы для правядзення масавых культурніцкіх мерапрыемстваў у Беларусі, вядома, не самыя спрыяльныя. Тым не менш на лета 2023 запланавана шмат фестываляў разнастайных па маштабе і тэматыцы. Не ўсе з іх патрапілі ў спіс Міністэрства спорту і турызму, інфармацыя пра некаторыя з розных прычын можа з’явіцца значна пазней. Выбралі для вас найбольш адметныя з ужо запланаваных.
Фестываль вулічнай ежы «Vulitsa Ezha»
Дзе, Калі: Мінск, 20-21 траўня — «Лепшая вуліца», 24-25 чэрвеня, 22-23 ліпеня, 2-3 верасня — Батанічны сад
Фота: holiday.by
Гарадскі пікнік Vulitsa Ezha стартуе 20-21 траўня, а ўсяго арганізатары плануюць правесці 4 гучныя фестывалі ва ўтульнай атмасферы Батанічнага сада і фуд-корта «Лепшая вуліца». Апроч магчымасці пакаштаваць разнастайных страваў, свежай фермерскай прадукцыі арганізатары фестывалю прапануюць наведнікам навучыцца гатаваць улюбёную страву ў кулінарнай школе, паглядзець фільм у кінатэатры пад адкрытым небам, патанчыць пад любімыя DJ-сэты ды атрымаць асалоду ад live-канцэртаў якасных музычных каманд.
Для самых маленькіх гасцей будзе працаваць вялікая дзіцячая зона з атракцыёнамі, гульнямі і аніматарамі, а на фуд-корце лёгка знойдзецца дзіцячае меню.
Больш інфармацыі шукайце тут.
Фестываль вулічнай творчасці «Гродна — ФЭСТ»
Дзе: г. Гродна, вул. Савецкая, пл. Савецкая
Калі: 3 чэрвеня
Фота: pda.ekskursii.by
У праграме вулічнага фестывалю: выступы разнажанравых артыстаў і музыкаў, алея «жывых скульптур» і выстава арт-аб’ектаў, праца аніматараў і мімаў, штукароў і акрабатаў, тэатральныя пастаноўкі і фаер-шоу. Акрамя насычанай агульнай праграмы, усе ахвочыя змогуць узяць удзел у майстар-класах па танцах, гукавой медытацыі, зайграць на музычных інструментах, навучыцца тактыцы і стратэгіі сцэнічнага бою. Самых «бясстрашных» чакае інтэрактыў з удзелам сапраўдных утаймавальнікаў агню.
Фэст сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава»
Дзе: Віцебская вобласць, Браслаў
Калі: 3-4 чэрвеня
Фота: planetabelarus.by
«Меч Брачыслава» існуе з 2011 года і стаўся сапраўднай «сярэднявечнай» візітоўкай Браслава. Наведнікаў тут чакаюць рыцарскія баі з удзелам рэканструктарскіх клубаў, майстар-класы па рамёствах, спектаклі ў стылі этна, феерверкі і фаер-шоу, пляцоўкі для дзяцей, выступы фольк і рок-гуртоў, гандлёвыя шэрагі і атракцыёны. Цягам апошніх год фестываль уключаны ў праграму міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы».
За навінамі можна сачыць тут.
Купальскі фэст «Свята Сонца»
Дзе: Музейны комплекс «Дудуткі», Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, вёска Пціч
Калі: 24-25 чэрвеня
Фота: poshyk.info
У музейным комплексе «Дудуткі» да дня летняга сонцастаяння, старажытнага свята Купалле, прымеркаваны традыцыйны фестываль «Свята сонца». У межах фестывалю адбываецца мноства мерапрыемстваў на адной пляцоўцы: канцэрты, фестываль вогненных тэатраў, інтэрактыўныя лакацыі, купальскі квэст, рэканструкцыя абрадаў нашых продкаў. Абавязковы элемент праграмы — купальскае вогнішча на рацэ Пціч. Акрамя гэтага, у гасцей фестывалю будзе магчымасць паслухаць музыку самых розных напрамкаў, убачыць вогненнае шоу, пабываць на рынку рамеснікаў і смачна пад’есці на фудкорце.
За навінамі фэсту можна сачыць тут.
Музычны фестываль «SOUND LIVE»
Дзе: Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі раён, Ваўкавыск
Калі: 24 чэрвеня
Фота: volkovysknews.by
Музычны фестываль «SOUND LIVE» збірае разам мясцовых меламанаў і аматараў жывога гуку. Пачнецца свята з традыцыйных заплываў «Абы на чым», у якіх возьмуць удзел установы і арганізацыі Ваўкавыскага раёна.
Уздоўж набярэжнай Ваўкавыска размесцяцца тэматычныя пляцоўкі, дзе кожны зможа знайсці нешта цікавае для сябе. Будуць працаваць джазавая, аркестравая, народная, гістарычная пляцоўкі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, выстава вінтажнага музычнага абсталявання і іншыя. Для маленькіх наведнікаў фэста будзе працаваць дзіцячая анімацыйная пляцоўка «Music Kids», дзе кожны жадаючы зможа зайграць на музычных інструментах. На галоўнай сцэне адбудзецца «бітва» кавер-бэндаў з розных куткоў краіны і выступіць хэдлайнер мерапрыемства, а завершыць фестываль арганізатары абяцаюць дыскатэкай.
«Легендарныя эпохі»
Дзе: Гродзенская вобласць, Зэльва
Калі: 15 ліпеня
Фота: holiday.by
«Легендарныя эпохі» — гэта лакацыя, якая пераносіць жыхароў пасёлка і гасцей у атмасферу старадаўніх часоў. Сотні рэканструктараў адновяць чатыры гістарычныя эпохі: перыяд вікінгаў, сярэднявечнага рыцарства, змагання з войскам Напалеона і баі ІІ Сусветнай вайны. На галоўнай пляцоўцы фестывалю адбудуцца масавыя бітвы і адзіночныя спарынгі, конныя турніры і тактычныя манеўры. Арганізатары абяцаюць і інтэрактыўныя зоны з разнастайнымі забававамі для дзяцей і дарослых: лучныя і арбалетныя ціры, сярэднявечныя гульні, горад майстроў-рамеснікаў і сучасны фудкорт.
За навінамі можна сачыць тут.
Фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд»
Дзе: Музейны комплекс «Дудуткі», Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, вёска Пціч
Калі: 22-23 ліпеня
Фота: nashgrunwald.by
Традыцыйна мерапрыемства будзе прысвечана вайсковай і свецкай сярэднявечнай тэматыцы, звычаям нашых продкаў. Галоўнай жа падзеяй найстарэйшага і найбуйнейшага фестывалю ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі стане аднаўленне самай маштабнай бітвы сярэднявечнай Еўропы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і хаўруснікаў: Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.
Плануецца, што ў 2023 годзе ў фестывалі прымуць удзел каля 500 прадстаўнікоў клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі.
За навінамі фэсту можна сачыць тут.
«Viva Braslav»
Дзе: Віцебская вобласць, г. Браслаў
Калі: 28-29 ліпеня
Фота: planetabelarus.by
Viva Braslav — штогадовы музычны фестываль на беразе Браслаўскіх азёр, праводзіцца з 2013 года. У яго праграму ўваходзіць пляжная частка — спаборніцтвы па валейболе, футболе, крос-кантры; а таксама музычная частка — выступы беларускіх і замежных гуртоў ды DJ розных напрамкаў да самай раніцы.
За навінамі фестывалю сачыць тут.
Мсціслаўскі Рыцарскі фэст
Дзе: Магілёўская вобласць, Мсціслаў, Замкавая гара
Калі: 23 жніўня
Фота: vk.com/mstislavl_fest
Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» штогод збірае больш за 300 удзельнікаў з клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Пляцоўкай, на якой адбываецца фестываль, традыцыйна з’яўляецца гісторыка-археалагічны помнік архітэктуры «Замкавая гара».
Галоўная задача фестывалю — захаванне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры, рэканструкцыя гістарычных каштоўнасцей. Праграма фестывалю складаецца з выступленняў лучнікаў, конных спаборніцтваў і пешых рыцарскіх турніраў, тэатралізаваных і музычнах выступаў і іншых цікавостак. Навіны фестывалю тут.
Фестываль міфалогіі «Шлях Цмока»
Дзе: Віцебская вобласць, Лепельскі раён, Дамжэрыцы
Калі: 23 жніўня
Фота: lepel-kraj.by
Асноўная ідэя мерапрыемства — дапамагчы гасцям фестывалю паглыбіцца ў таямнічы свет беларускіх легенд і казак. А зрабіць гэта арганізатары плануюць праз сустрэчы з міфалагічнымі персанажамі, тэатральныя пастаноўкі, таямнічую музыку і феерычную вечаровую канцэртную праграму.
Навіны фестывалю тут.
«LIDBEER-2023»
Дзе: Гродзенская вобласць, Ліда
Калі: 2 верасня
Фота: newgrodno.by
Чарговы буйны музычны фестываль запланаваны на 2 верасня ў горадзе Ліда — упершыню пасля трохгадовага перапынку. Арганізуе мерапрыемства ААТ «Лідскае піва». Адбудзецца фестываль, як і раней, у фармаце open-air, але сёлета гасцей чакаюць невялікія змены. Так, плануюць адкрыць адразу некалькі лакацый для выступаў музыкаў. Спіс музыкаў пакуль не анансаваны, таму сачыце за навінамі.
Дакладна вядома, што ўваход на фестываль будзе вольным, бо сёлета Ліда адзначае юбілей — 700 гадоў. Так што наведаць горад можна не толькі дзеля фестывалю, але і каб паўдзельнічаць у іншых цікавых імпрэзах з нагоды свята.
«Менск Старажытны»
Дзе: Мінск, Зялёная зона на скрыжаванні пр-таў Пераможцаў і Машэрава
Калі: 9-10 верасня
Фота: vk.com/mensk_starazitny
Гасцей свята чакае насычаная забаўляльная праграма: конны рыцарскі турнір, штурм крэпасці, масавыя бітвы рыцараў, турнір лучнікаў і, вядома, канцэртная праграма з выступамі разнастайных музычных гуртоў ды выканаўцаў.
Сачыць за навінамі фэста можна тут.
Калі вы зараз не ў Беларусі і не зможаце прыехаць на радзіму бліжэйшым часам, звярніце ўвагу на беларускія фестывалі, якія адбудуцца ўлетку на Падляшшы: Фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj (ён адбудзецца 9, 10, 18 і 24 чэрвеня) і Трэці Фэст Абуджаных TUTAKA (запланаваны на 14-15 ліпеня).
Аглядальнік, budzma.org