Другі фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj пройдзе 9, 10, 18 і 24 чэрвеня. Арганізатар фэсту Фонд «Тутака» вызначае Soncahraj як прадстаўленне аўтэнтычнай беларускай народнай творчасці.
Падрыхтоўка да фэсту ўжо актыўна вядзецца. Апроч непасрэдна канцэртаў, будуць прэзентацыі і майстар-класы. Некаторыя з іх праходзяць ужо зараз. А ў фінале абяцаюць паказаць, як выглядае сапраўднае беларускае Купалле. Пра адметнасці Soncahraj-2023 распавядае Budzma.org сябра праграмнай Рады фонду «Тутака», журналіст Зміцер Косцін.
Зміцер Косцін
— Другі Soncahraj адбудзецца ў чэрвені, але ўжо праходзяць прымеркаваныя да фэсту майстар-класы, якія вядзе Ірына Мазюк, даследчыца беларускага фальклору. Так, ужо прайшлі сустрэчы са спеўным гуртом з Дубіч Царкоўных, таксама з гуртом «Чырвоныя шпількі» з гміны Міхалова, з гуртом «Журавінкі», які ўжо дзейнічае вельмі даўно ў вёсцы Агароднічкі пад Супраслем. Дзейнічае даўно, але яны дагэтуль не маюць ніводнай сваёй плыты ці прафесійнага запісу сваёй творчасці. У гэтых варштатах наша асноўная ідэя — гэта наблізіць мясцовы фальклор да гуртоў, якія яго пакуль не спяваюць, або пашукаць мясцовы фальклор і вярнуць яго ў рэпертуар гуртоў, якія раней спявалі яго.
Афіша
— Канцэпцыя фэсту не змяняецца?
— Праз Soncahraj ужо другі год хочам прэзентаваць традыцыйную беларускую культуру як з Беларусі, так і з Падляшша. Вельмі важным нам падаецца, каб пры нагодзе гэтага фестывалю адбывалася ўзаемнае пазнанне, вяртанне ў агульную культурніцкую прастору традыцыйнага фальклору, традыцыйнай культуры беларусаў Падляшша, якія ўжо 80 гадоў адрэзаныя мяжой ад Беларусі, і пра гэтую спеўную спадчыну шырокаму колу беларусаў мала што вядома.
Хочам прэзентаваць гэта на чатырох канцэртах. Мы называем гэта канцэрт, але, па вялікім рахунку, сёлетні Soncahraj будзе больш падобны на такую гасціну, бяседу. Мы не хочам традыцыйных сцэн, не хочам, скажам так, тыповага ўспрымання канцэрту, мы хочам пляцоўку, дзе зможам танчыць, вакол якой можна паставіць сталы, прыйсці туды з кошыкам ежы, паслухаць, паназіраць і скарыстацца з майстар-класаў, якія будуць адбывацца. Вядома, большасць майстар-класаў прымеркаваная да фінальнай сустрэчы, якая адбудзецца 24 чэрвеня, але на меншых сустрэчах таксама будуць такія імпрэзы.
Усё пачнецца песнямі і танцамі 9 чэрвеня ў Дубічах Царкоўных, што ў Белавежскай пушчы; 10-га перамесціцца ў вёску Саколе ў пушчы Кнышынскай; 18 чэрвеня мы сустракаемся ў курортным мястэчку пад Беластокам — у Супраслі, а вялікі фінал 24 чэрвеня пройдзе на Семяноўскім вадасховішчы ў вёсцы Бандары гміны Міхалова. Гэта будзе на пляжы, пры вадзе — зможам добра адсвяткаваць Купалле.
— Якія госці ў праграме?
— Як і летась, мы запрашаем калектывы, якія працуюць з традыцыйнай музычнай, спеўнай культурай. Вельмі цешымся, што ўдалося запрасіць беларусаў і беларусак, якія ў традыцыйным кірунку працуюць.
Ужо магу сказаць, што на нашым фестывалі 9 і 10 чэрвеня будзе выступаць гурт «Каляжанкі», гэта жанчыны, якія прадстаўляюць традыцыйны фальклор Століншчыны, думаю, гэта будзе цікавы досвед знаёмства з традыцыямі Палесся. Таксама да нас завітае гурт «Беларускі цуд» з Вільні, будуць выступаць у Супраслі 18 чэрвеня і ў часе фіналу Soncahraj. Акрамя таго, нашым госцем на ўсіх чатырох канцэртах будзе капэла «Колісьнія», гэты калектыў, думаю, добра вядомы ў самой Беларусі аматарам традыцыйнай музычнай культуры, акрамя таго, вядомы і за мяжой — зусім нядаўна з вялікім поспехам выступалі на найбуйнейшым фальклорным фэсце ў Варшаве. І мы вельмі цешымся, што далучыцца на фінал беларускі гурт «Мярэжа», дзяўчаты збяруцца і пакажуць, як выглядае сапраўднае Купалле.
Soncahraj-2022
Зайграе таксама капэла Алены Мялешкі. І спецыяльным госцем на фінал будзе польска-беларуская капэла «Hajda Banda», якая ўжо другі год у Польшчы займаецца прамоцыяй, распаўсюдам ведаў пра беларускую традыцыйную музычную культуру. Вядома, на кожным канцэрце будуць мясцовыя гурты, і сталыя калектывы, і пачаткоўцы. Вельмі хацелася б, каб сустрэліся гэтыя традыцыі — з Беларусі і з Падляшша — разам. Хочацца, каб мы маглі ўсе паспяваць, усе патанчыць, павадзіць пры вогнішчы карагоды, адным словам — адпачыць.
«Hajda Banda» на фестывалі Soncahraj-22
— Акрамя музыкі, спеваў і танцаў, будуць іншыя прапановы наведвальнікам Soncahraj?
— Хочам, каб падчас кожнага канцэрту свае нейкія прадукты, вырабы маглі прадставіць лакальныя колы вясковых гаспадыняў — колы, што займаюцца кулінарыяй, вышыўкай і г. д. Акрамя таго,
мы запрашаем сардэчна ўсіх рамеснікаў, майстроў і майстрых паўдзельнічаць у кірмашы, які мы правядзём у часе фінальнай часткі. Можна па заяўцы да нас напісаць на адрэсу info@tutaka.org і прыехаць са сваімі прадуктамі ды вырабамі.
Мы ж усе ведаем, што беларусы і беларускі вельмі таленавітыя і крэатыўныя. Будзе добра, калі Soncahraj таксама стане месцам, дзе можна прадставіць сваю творчасць і пры гэтым крыху зарабіць.
Афіша кірмашу
Будуць яшчэ майстар-класы па ігры на традыцыйнай дудзе ад Дзяніса Сухога, плануем таксама майстар-клас па выкарыстанні традыцыйных зёлак ад Агнешкі Прымакі. Вельмі спадзяемся, што ўдасца таксама даехаць з прэзентацыяй ужо другога выдання кнігі «Шэпт» Сяргею Лескецю.
Усіх сардэчна запрашаем на сёлетні Soncahraj!
Чытайце яшчэ:
Памежжа без межаў: беларускі фальклор прагучаў на буйным фестывалі ў Варшаве
Рыгор Сапежынскі, budzma.org