Сёння спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа, аднаго са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратуры, навукоўца, педагога, перакладчыка і грамадскага дзеяча. У гэты святочны дзень спрабуем асэнсаваць ягоную творчую спадчыну.
Не будзем доўга пераказваць агульнавядомыя факты з жыцця нашага класіка, а лепей паспрабуем глянуць на яго праз даволі незвычайную оптыку.
Канстанцін Міцкевіч нарадзіўся ў час незвычайны — у беларускай традыцыйнай культуры ён называецца «дзядоўскім». Па старым стылі гэта 22 кастрычніка, а па новым адпаведна 3 лістапада 1882 года ў Акінчыцах, якія тады былі каля Стоўбцаў. Цяпер гэта ўжо частка горада.
У любым разе атрымліваецца, што ягонае з’яўленне на свет прыпадае акурат на той перыяд, калі беларусы ўшаноўваюць сваіх продкаў. Хто ведае, можа, акурат гэты момант у біяграфіі нашага класіка быў невыпадковым і аказаў містычны ўплыў на ўсё ягонае далейшае жыццё.
Якуб Колас, 1908 год
Паходзіў творца з беззямельных сялянаў. Бачыў, як бацьку даводзіцца ўвесь час мяняць месца жыхарства, таму скепсіс адносна справядлівасці ў свеце і нелюбоў да паноў сфармаваліся ў яго яшчэ ў маладыя гады, то-бок за часамі Расійскай імперыі. Да ўсяго яшчэ і сям’я паэта была шматдзетнай.
Калі Якуб Колас і быў сацыялістам, дык хутчэй стыхійным. Нездарма яму імпанаваў адзін з нарадавольцаў, у гонар якога ўласна і быў узяты псеўданім. І ў гэтым наш класік не быў адзінокім. Такой жа думкі трымаўся і Цішка Гартны, які ў сваіх успамінах прыгадваў асобу Коласа «нашаніўскай» пары:
«У маім ваччу пясняр выступаў барацьбітом-рэвалюцыянерам, які адбываў кару за працу ў нацыянальным і сацыялістычным руху. Яго вобраз зліваўся з вобразам любага мною расійскага паэта-барацьбіта П. Я. (Я. Мельшына)».
Гаворка ідзе пра Пятра Якубовіча-Мельшына — паэта, нарадавольца і рэвалюцыянера. Пільны чытач мог заўважыць у трылогіі «На ростанях» прамую адсылку да яго, калі галоўны герой, настаўнік Лабановіч, цытуе на памяць радкі з верша:
В колосьях желтеющих нив утопая,
По узкой меже, сквозь редеющий мрак,
В убогой сермяге, кряхтя и вздыхая,
Проходит свободный батрак.
Да ўсяго яшчэ і нарадзіліся яны ў адзін дзень, але з розніцай у 22 гады. Таму выбар псеўданіма быў цалкам апраўданы для Канстанціна Міцкевіча і абсалютна невыпадковы. Бо кожны з нас, пакуль не мае ўласнага «я», шукае яго ў іншых, старэйшых калегах, якія абіраюцца ў якасці прыкладу і арыенціру.
Спрабаваць сябе ў літаратуры ён пачаў даволі рана, найперш у якасці паэта, і паводле ўспамінаў, яшчэ ў 12 гадоў напісаў вершык, за што бацька даў яму трохі грошай — такім быў першы ганарар. Дэбютаваў на старонках «Нашай Долі» ўвосень 1906 года з вершам «Наш родны край», які стаўся потым насамрэч праграмным.
«Наша Доля», № 1, 1906 год
Істотная частка творчасці Якуба Коласа была прысвечана апісанню прыроды, побыту і звычаю беларускага народа. Тое можна прасачыць ад першага зборніка паэзіі «Песні жальбы», які пабачыў свет у 1910 годзе, да позніх, што друкаваліся ўжо за савецкім часам. Тут добры прыклад — паэтычны зборнік «Мой дом» 1946 года, дзе не знайсці нічога пра Сталіна, камунізм і партыю бальшавікоў. Паэт дзеліцца з намі сваім унутраным светам, які ён так старанна будаваў цягам усёй сваёй творчай дзейнасці.
Асноўныя творы Коласа ствараліся не на скорую руку. Тая ж трылогія «На ростанях» пісалася дзесяцігоддзямі. Як, зрэшты, і «Сымон-музыка» з «Новай зямлёй». Нават «Казкі жыцця» ствараліся класікам лічы паўстагоддзя. І калі сёння чуюцца крытычныя ноткі ў адрас палескай трылогіі, найперш яе заключнай часткі, маўляў, там многа палітыкі і адмоўныя характарыстыкі некаторых «адраджэнцаў», варта проста глянуць на дату стварэння апошняга тому. Тады ўсё стане на свае месцы...
Можна падумаць нават, што па першым часе Якуб Колас з Янкам Купалам удала падзялілі сферы ўплыву. Купала даволі рана адчуў сваё пакліканне і права прамаўляць ад імя цэлага народа. У тым ліку і гэтай прычынай тлумачыцца хутчэй за ўсё ягонае маўчанне ў важныя моманты гісторыі — ён не хацеў належаць да палітыкі, яго цікавілі больш высокія матэрыі. У Якуба Коласа былі куды сціплейшыя амбіцыі, таму ён не цураўся і дзеяння — то-бок не толькі заклікаць, але і рабіць рэвалюцыю. За што ў выніку і зазнаў пераслед, турэмнае зняволенне, досвед якога яму відавочна прыдасца ўжо ў савецкую пару.
Чытайце па тэме: Беларускія блізняты: як не блытаць Купалу і Коласа
Разам з тым можна перарыць усю коласавую публіцыстыку, ад «нашаніўскіх» часоў і да позняй старасці, ды здзівіцца. Бо вы там не знойдзеце ніякіх тэарэтычных развагаў на тэму класавага змагання, рэвалюцыйнага бальшавізму або марксізму. Ды і ўласна Карла Маркса ён прыгадвае хіба што ў патрэбных артыкулах і ў патрэбны час, але выключна праз коску. Заўсёды следам ідуць іншыя: Фрыдрых Энгельс, Уладзімір Ленін, Іосіф Сталін. І ніякай рэкламы асобе. Як жа так? Чаму?
Пэўна, з той прычыны, што Коласу гэта было проста нецікава. Ён рабіў дзяжурныя рэверансы там, дзе гэтага вымагала сітуацыя, і на гэтым раскланьваўся. Яго больш хвалявалі грыбы, рыбалка, дубы ды бярозкі. Звычайныя, здавалася б, рэчы, якія аднак робяць чалавека здаровым і шчаслівым, а асобу — цэльнай. Ды і калі ўважліва паглядзець нават на творы, вядомыя нам са школьнай лавы, то мы пабачым там дыяметральна супрацьлеглае — жаданне займець свой уласны лапік зямлі, каб на ім пачувацца сапраўдным гаспадаром.
Звычайна Якуба Коласа параўноўваюць з расійскімі класікамі, называючы яго, напрыклад, «беларускім Гогалем». Часткова гэта верна, бо расійская класічная літаратура была першай, з якой ён пазнаёміўся ў часы навучання ў Нясвіжскай семінарыі. Але прызнанне Якуб Колас атрымаў не толькі ў межах Савецкага Саюза.
Яшчэ ў 1920-я гады аб ім пісалі ў еўрапейскіх літаратурных часопісах. Згадкі можам сустрэць у пражскіх, французскіх і італьянскіх выданнях. Апошняе надзвычай важна, паколькі Рым — адна з калысак еўрапейскай культуры. Там не сталі б цікавіцца прахаднымі аўтарамі. Бо ў чым-чым, а ў літаратуры нашчадкі Дантэ дакладна цямяць. Нездарма ж некаторыя літаратурныя напрамкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў пайшлі менавіта з тых краёў.
Прычына малавядомасці нашых аўтараў таго часу, Коласа ў тым ліку, палягае і ў тым, што беларускай літаратуры банальна бракуе перакладаў. Парадаксальна, але тая ж «Новая зямля» перакладалася на расійскую мову некалькі разоў, але выходзіла або з купюрамі, або ўрыўкамі. Поўны пераклад з’явіўся толькі зараз, лічы праз сто гадоў ад моманту першай публікацыі твора. А калі няма твораў на мовах суседніх народаў, то чаго дзівіцца, што аб нас нічога не ведаюць у далёкім замежжы?
Бытуе меркаванне, што Якуб Колас быў чалавекам скнарным, марна не распускаў грошай. Але з ягонай перапіскі можам даведацца, што звярталася да яго з просьбамі процьма людзей: ад сваякоў ці блізкіх знаёмцаў да абсалютна рандомных персанажаў. І просьбы іхныя былі вельмі нетрывіяльнымі: нехта прасіў дапамагчы займець каня, а камусьці патрэбная была падтрымка ў набыцці кватэры. З такім атачэннем не дзіва, што чалавек быў ашчадным. Любы б стаў!
Агулам карэспандэнцыя Коласа — цікавы дакумент. З яго мы можам дазнацца вельмі шмат аб паўсядзённым жыцці таго часу. Бо ў лістах з сваімі суразмоўцамі ён абмяркоўваў многае. Тут і крытыка твораў калегаў, і развагі над уласным жыццём, і планы на будучыню, і рэвізія мінулага, і нават рэчы інтымнага характару. Разам з тым Колас добра разумеў, што і лішняга пісаць не трэба, аб чым шчыра прызнаваўся ў адным з такіх лістоў. А яны ў любым разе цікавейшыя за дзённікі, якія пакінуў класік.
Нягледзячы на даволі пафасныя назвы: «Кніга Ташкенцкага быція», «Гаворыць Клязьма» і «На схіле дзён», для неангажаванага чытача яны малаінфарматыўныя. З нейкай прычыны класік не надта хацеў ператвараць іх у буйныя і самастойныя творы, як тое рабілі ягоныя калегі. Гэта хутчэй запісныя кніжкі, дзе ён фіксуе свае надзённыя справы.
Што маем у выніку?
Крыніца: www.nlb.by
Поўны збор твораў на сёння складае 20 тамоў, дзе прадстаўлены ці не ўсе асноўныя літаратурныя жанры. Цягам жыцця Якуб Колас здолеў не толькі зафіксаваць, але і адстаяць ды перадаць у сваіх творах той стары свет, часткай якога ён у свой час быў, сярод якога калісьці і нарадзіўся.
Сёння некаторыя ягоныя творы, магчыма, і глядзяцца старамодна, і для цяперашняга пакалення гаджэтаў вялікай цікавасці не ўяўляюць. Але нават яно ўсё адно будзе вяртацца раз за разам да коласавых кніг, калі будзе з’яўляцца прага зразумець сябе самога і той народ, да якога належыш. Бо ў коміксах і цік-току такога няма...
Чытайце яшчэ:
Марыў пра адзіноту, любіў гуляць у гульню "Хто разагне мой палец?", пасля 60-ці ствараў любоўную лірыку – цікавосткі пра Якуба Коласа
За што Якуб Колас трапіў за краты?
Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны
Л. Г., budzma.org