Ян Глябовіч і яго “здрада”

Халодным восеньскім надвячоркам 1565 года Ян Глябовіч перасякаў мяжу Масковіі з Вялікім Княствам. Адбывалася гэта паблізу Оршы, у кампаніі ганца-пасланніка з Літвы Ленарта Узлоўскага. Малады віленскі ваяводзіч зусім не спадзяваўся, што яму так хутка ўдасца вызваліцца з маскоўскага палону. Ён не ўцякаў, не хаваўся ў лясах ад пераследнікаў, а вяртаўся дахаты цалкам легальна. Глябовічу шчасціла, але адзінае, што азмрочвала яго думкі, — як яго прымуць на радзіме, як героя-пакутніка ці здрадніка?

Віленскім ваяводзічам Яна Глябовіча называлі па старым правіле, бо яго бацька — знакаміты “муж стану” Ян Юр’евіч Глябовіч — займаў ад 1542 года ўрад віленскага ваяводы, найвышэйшую пасаду ў ВКЛ пасля самога вялікага князя. Стары Глябовіч быў пратэжэ магутнай каралевы Боны Сфорца, якая змагалася з уплывамі “радзівілаўскае партыі” ў Княстве. Ёй удалося прасунуць Яна Юр’евіча не толькі на ўрад віленскага ваяводы, але ў 1546 годзе і на ўрад канцлера. Гэта быў самы верх кар’ернага росту, далей ужо нікуды не было расці. Але нацешыцца доўга ўладай Глябовічу не ўдалося — у 1549 годзе ён памірае…

Сын Ян у сям’і Глябовічаў нарадзіўся ў 1544 годзе.  Пасля смерці бацькі яго выхоўвала маці Алена з роду князёў Заслаўскіх. Юны Глябовіч, сын уплывовага ўрадніка, пачаў дарослае жыццё па звыклай сцежцы для магнацкіх дзяцей — ён адразу апынуўся на гаспадарскім двары, дзе выконваў пачэсныя функцыі двараніна. Дворскае жыццё дазваляла знаходзіцца на вачах вялікага князя, шукаць яго ўвагу да ўласнай персоны і паволі чакаць вынясення на які-небудзь вызвалены ўрад, каб пачаць рабіць дастойную палітычную кар’еру…

Вайна з Масковіяй, якая ўспыхнула на пачатку 60-х гадоў XVI стагоддзя, стварала цудоўны шанец праявіць маладым і амбіцыйным прадстаўнікам шляхетных родаў на полі бою. Рыцарская слава дазваляла не толькі падняць свой аўтарытэт у вачах іншых, але і значна ўмацаваць сваю вагу на палітычнай арэне. Ваеннымі поспехамі былі авеяныя чыны продкаў, і што гучала лепей, чым падабенства да сапраўдных герояў?

Не сумняваемся, што такія матывы кіравалі Яна Глябовічам, калі ён ішоў на ваенную службу. У 1563 годзе мы сустракаем яго ў Полацку, дзе ён вызначаецца як адна з ключавых фігур пры абароне горада ад маскоўскага непрыяцеля. Полацк, як вядома, скарыўся пасля двухтыднёвага шалёнага бамбардавання з больш чым 200 гармат.

Ян Глябовіч разам з астатнімі палачанамі быў узяты ў палон. У іерархіі ваеннапалонных па сваім статусе ён заняў “ганаровае” другое месца — пасля полацкага ваяводы пана Станіслава Давойны. Неўзабаве ўсе паланёныя жыхары няшчаснага горада былі інтэрнаваныя ў Маскву, дзе апынуліся ў вязніцы.

У тыя часы знатныя палонныя звычайна выступалі прадметам гандлю ў працяглых і манатонных дыпламатычных дыскусіях. Пакуль не адбылася Ульская бітва 26 студзеня 1564 года, маскоўцы дамагаліся высокага грашовага выкупу за палачан. Потым паўстала магчымасць абмяняць іх на такіх жа палонных маскоўцаў, бо іх шмат апынулася ў Літве пасля разгрому пад Чашнікамі.

Янам Глябовічам з самага пачатку зацікавіліся ў Маскве. Ён быў знатным прадстаўніком роду, які выступаў у апазіцыі да магутных Радзівілаў, меў крэўныя повязі са старажытнымі старарускімі княжацкімі родамі. Выдатна валодаў беларускай мовай — з ім маскавітам было лёгка кантактаваць і знаходзіць агульную мову.

Неўзабаве Глябовічу паступіла прапанова прысягнуць на вернасць Івану Жахліваму і пасля вызвалення выступіць правадніком яго інтарэсаў сярод элітаў Вялікага Княства. У адваротным выпадку маладому ваяводзічу пагражала смерць. У варунках шалёнага раскручвання апрычнага тэрору ў Расіі такая магчымасць выглядала вельмі і вельмі рэальнай.

Царская прапанова выглядала папросту фантастычна  — апрача кшталтавання “прамаскоўскае партыі” сярод радных паноў ВКЛ Ян Глябовіч павінен быў ні больш ні менш рыхтаваць глебу для выбару Івана Жахлівага вялікім князем літоўскім. Імаверна, у Маскву даходзілі чуткі аб кепскім здароўі Жыгімонта Аўгуста. За сваю дзейнасць віленскі ваяводзіч быў бы шчодра адораны маёнткамі і ўрадамі. У выпадку выкрыцця і ўцёкаў у Масковію яму гарантавалася самае высокае месца сярод арыстакратаў.

Вера ў магчымасць стаць валадаром Літвы, абапершыся на маладога шляхціча, які яшчэ не займеў аніякіх значных урадаў і палітычнага ўплыву, выглядае троху наіўнай і дзіўнаватай. Становіцца зразумелым, наколькі неадэкватна, на падставе ўласных уяўленняў, у Маскве ацэньвалі характар палітычнага жыцця ў ВКЛ.

Але на нашых землях часы Сярэднявечча ўжо прайшлі  — рэй вяла культура Рэнесансу з яе макіявелеўскімі павевамі. Ян Глябовіч дзейнічаў дакладна ў адпаведнасці з імі. Дабраўшыся да вялікага князя, ён шчыра расказаў пра свае таямніцы і перадаў дакументы з варункамі службы на карысць маскоўскага цара. Жыгімонт Аўгуст не вылучаўся падазронасцю і ў шчырым парыве дараваў маладому ваяводзічу, які правёў два з паловай гады ў няволі, яго “здрадніцкі” учынак.

Каб не было недагаворак, было вырашана пасвяціць у сутнасць пікантнай справы Глябовіча найбуйнейшых магнатаў і радных паноў, да якіх былі разасланыя лісты з копіямі маскоўскіх прапаноў для Глябовіча. Гэтая ідэя скончылася гучным скандалам. Земскі маршалак Ян Хадкевіч публічна абвінаваціў Яна ў здрадзе Айчыны.

Цяжка цяпер сказаць, чым кіраваўся Хадкевіч, калі агучваў гэтую заяву. Ці яго прымушала высокае ўрадніцкае месца, на якім ён павінен быў сачыць за дабром краіны? Ці існавала асабістая непрыязь да Глябовіча, нейкія старыя канфлікты? А магчыма, справа заключалася ў тым, што Хадкевіч убачыў у віленскім ваяводзічу саперніка і спрабаваў знішчыць яго, памятаючы пра ўплывы глябовічаўскага роду яшчэ дваццаць гадоў таму?

Так ці інакш, Ян Глябовіч неспадзявана для сябе быў пакліканы на вялікакняжацкі суд. Жыгімонт Аўгуст апынуўся ў пікантнай сітуацыі — замяць справу было немагчыма, але і ісці ўслед за абвінаваўцамі не выпадала — вялікі князь верыў Глябовічу і паспеў, як ужо казалася, дараваць яму прысягу, складзеную пад страхам смерці.

Справа распачалася 7 сакавіка 1569 года на Люблінскім сойме. У жорсткіх варунках барацьбы за унію Глябовіч стаў закладнікам абставін — яму пачалі сімпатызаваць польскія сенатары і князь Юрый Алелькавіч, варожа настроены да Радзівілаў. Ён апынуўся паміж двух агнёў — з аднаго боку насядаў Хадкевіч з Радзівіламі, за якімі стаяла ўся палітычная эліта ВКЛ, з іншага боку негалосную падтрымку яму аказвалі палякі і сам Жыгімонт Аўгуст. І усё гэта на фоне перамоў аб уніі паміж Польшчай і Літвой.

Судовая справа аб здрадзе Айчыне зноў набыла шырокі розгалас, стаўшы на нейкі час ледзь не галоўнай навіной на Люблінскім сойме. Ян Глябовіч адкінуў усе абвінавачванні. Ён сцвярджаў, што пагадзіўся на прысягу толькі каб атрымаць волю, шчыра прызнаўся ў здзейсненым і аддаўся на волю гаспадара. Больш за тое, Глябовіч звярнуў увагу, што дзякуючы гэтаму Жыгімонт Аўгуст можа лепей зразумець намеры маскоўскага цара. І гэта было праўдай.

1 жніўня 1569 г. Жыгімонт Аўгуст цалкам апраўдаў Глябовіча. Ён абвясціў, што стаіцца да маладога ваяводзіча “з верай і любоўю”. Як сапраўдны майстар кампрамісу, ён пахваліў і Яна Хадкевіча за пільнасць і ахову манаршага гонару. Праз два гады, калі Глябовічу было толькі 27, Жыгімонт Аўгуст надаў яму сенатарскі ўрад менскага кашталяна, тым самым увёўшы яго ў склад палітычнай эліты краіны.

Але варажнеча і злосць на Радзівілаў з Хадкевічамі ў Глябовіча не прайшла. Ён быў удзячны польскім сенатарам за падтрымку, і ў часы бескаралеўя “здаваў” ім патаемныя планы галоўных сепаратыстаў з ВКЛ — Мікалая Радзівіла Рудога і Яна Хадкевіча. Асабліва новаспечаны менскі кашталян шчыраваў на канфідэнцыйнай перапісцы магнатаў ВКЛ з маскоўскім царом, выбіваючы з іх рук козыры ў палітычнай гульні.

Яну Глябовічу так і не ўдалося зрабіць яскравую і вялікую ўрадніцкую кар’еру. У 1590 годзе, ва ўзросце 46 гадоў, ён памірае. Яго гісторыя цікавая тым, як учынак, здзейснены ў маладосці, можа шлейфам цягнуцца праз ўсё жыццё і накласці выразны адбітак на палітычную дзейнасць, стасункі з іншымі людзьмі. Час даказаў, што Глябовіч не быў здраднікам і пайшоў на “супрацоўніцтва” з царом пад ціскам абставінаў. Ён змог як найлепей упісацца ў сваю эпоху, але арэол Героя, які замацаваўся за ім пасля абароны Полацка, беззваротна страціў…

 

Андрэй Янушкевіч