Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ. Часопіс «Роднае слова» прэзентаваў сваю версію сучаснага купалазнаўства

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 5 кастрычніка адбылася прэзентацыя «Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ», прысвечаная ліпеньскаму нумару-альманаху часопіса «Роднае слова», які выйшаў да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, піша «Звязда».


166.jpg

Трэба адзначыць, што мерапрыемства праходзіла ў зале, дзе экспануецца выстава, прысвечаная 100-годдзю чацвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Спадчына», першай кнігі песняра, якая выйшла ў Беларусі. Менавіта там быў змешчаны верш «Роднае слова», напісаны ў 1908 годзе.

167.jpg

Вяла прэзентацыю галоўны радактар часопіса Наталля Шапран. Па яе словах, тэма купалазнаўства ніколі не пакідала старонкі «Роднага слова» з самага пачатку яго існавання.

168.jpg

Наконт тэматычнага нумара яна сказала наступнае:

— Такі фармат дае магчымасць рэдакцыі падаць сваю версію сучаснага купалазнаўства. Той, хто лістаў старонкі нашага ліпеньскага нумара, мог упэўніцца, што гэта не проста зборнік навуковых даследванняў. Мы падбіралі самае актуальнае і цікавае, што ёсць у сучаснай гуманітарыстыцы.

169.jpg

Таксама падчас мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская выказала падзяку часопісу «Роднае слова» за ўдзел у партнёрскіх праектах:

— Гэта сведчанне высокай павагі да нацыянальнага класіка і ваш унёсак у захаванне гістарычнай памяці. Шэраг публікацый, ажыццёўленых і запланаваных на працягу ўсяго юбілейнага года, з’яўляецца значным унёскам у скарбніцу даследванняў, папулярызацыі асобы і творчасці Янкі Купалы, а таксама інфармацыйнай падтрымкай асветніцкіх праектаў музея.

170.jpg

Таксама яна адзначыла, што нумары часопіса з матэрыяламі купалазнаўчай тэматыкі — важнае папаўненне фонду Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

171.jpg

Акрамя таго, на прэзентацыі выступалі аўтары, чые працы прадстаўлены на старонках ліпеньскага нумара. Ім было прапанавана паставіць аўтограф на старонцы аднаго з экзэмпляраў часопіса, каб потым перадаць яго ў фонды дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

172.jpg

Лізавета Голад, фота аўтара