Выдавец Андрэй Янушкевіч у Міжнародны дзень кнігарняў сімвалічна адрадзіў кнігарню «Кнігаўка»

Яна будзе існаваць як прадстаўніцтва ў Фэйсбуку. Але выдавец спадзяецца, што кнігарня вернецца ў афлайн у Беларусь. А пакуль у групе «Кнігаўкі» ў Фэйсбуку прапануецца абмяркоўваць праблемы беларускай кніжнай прасторы, дзяліцца думкамі наконт яе развіцця.


310947835_111016251783364_161881656426130203_n.jpg

«Спачатку гэта будзе старонка ў сацсетках з навінамі і анонсамі, карыснай і займальнай інфармацыяй, у перспектыве ёсць намер адкрыць і сайт, і інтэрнэт-краму, а магчыма, і ўтульную стацыянарную кнігарню. І я цвёрда веру, што „Кнігаўка“ вернецца ў Беларусь!», напісаў Андрэй Янушкевіч.

«Няхай гэта будзе кніжная супольнасць, дзе ўсе неабыякавыя людзі могуць абмяркоўваць праблемы беларускай кніжнай прасторы, дзяліцца думкамі наконт яе развіцця. Запрашаю ўсіх жадаючых. Галоўнае патрабаванне — тэматыка постаў і каментарыяў павінна датычыцца кніг і кнігавыдання», — дадае ён.

Таксама створаны тэлеграм-канал «Кнігаўка» — гэта кніжная супольнасць для ўсіх, хто любіць і шануе беларускія кнігі.

Нагадаем, што нядаўна Андрэй Янушкевіч абвесціў, што аднаўляе сваю працу ў Варшаве і ўжо рыхтуе шэраг новых кніг.

Кнігарня «Кнігаўка» прапрацавала ў Мінску ўсяго адзін дзень. Яна была зачыненая пасля візіту прапагандыстаў, а выдавец Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні Наста Карнацкая былі арыштаваныя на 28 і 23 сутак адпаведна.

Пасля вызвалення Андрэй Янушкевіч з’ехаў у Варшаву.