«Ён ведаў, як пад носам у КДБ стварыць штаб нацыянальнага Адраджэння». Міхась Скобла пра мастака Яўгена Куліка

Міхась Скобла распавядае пра мастака Яўгена Куліка, які рабіў ілюстрацыі да кнігі «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага ў 1980-х гадах. Кніга трохмоўная – у ёй змешчаны лацінскі арыгінал і пераклады на беларускую і рускую мовы Язэпа Семяжона і Якуба Парэцкага.



Яўген Кулік. Крыніца: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

«У маёй бібліятэцы ёсць кніга, якую я люблю браць у рукі не толькі для таго, каб перачытаць, але і яшчэ раз палюбавацца малюнкамі, пагладзіць «ціснутую» вокладку, нават панюхаць. Кніга тая валодае нейкай невытлумачальнай энергетыкай, якая адчуваецца і праз вымалеваныя на скарынаўскі манер загалоўныя літары, і праз створаную ўявай мастака карту Вялікага Княства Літоўскага з архітэктурнымі помнікамі, і, зразумела, праз сам тэкст: «Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай / Сведкам відовішча быў я – бою быкоў на арэне…», – піша літаратар.

Перад гэтым не адно дзесяцігоддзе ішлі зацятыя літаратуразнаўчыя спрэчкі: хто ён – Nicolai Hussoviani, і каму аддаць ягоную “Carmen de… bisontis”. На любы нічыйны шэдэўр прэтэндэнты заўсёды знойдуцца, мяркуе Міхась Скобла. Прэтэндавалі на яго і палякі, і літоўцы, і украінцы.


Міхась Скобла. Фота са старонкі ў Facebook

«І знаходзілася тое Гусава то ў Польшчы, то ў Літве, то ва Украіне. Але ўсе спрэчкі аціхлі, калі «Песня пра зубра» пятнаццацітысячным накладам выйшла ў Мінску ў шыкоўным паліграфічным выкананні – можна было везці на любую сусветную кніжную выставу. І вазілі, і яна заслужана адзначалася ганаровым дыпломамі. Але галоўнай заслугай таго выдання была навечная прыпіска Міколы Гусоўскага і яго «Песні…» ў сярэднявечнай беларускай літаратуры», – адзначае літаратар.

У кнізе «Песня пра зубра» быў змешчаны і першы партрэт Гусоўскага – з кнігай і дубовым лістком у руках, які стаў амаль хрэстаматыйным. У той кнізе Яўген Кулік намаляваў партрэт вялікага князя Вітаўта. Яго пазнейшыя выявы «адштурхоўваліся» ад працы Куліковай, дзе князь сядзіць на вялікакняскім троне пад Пагоняй, мяркуе Скобла.


Партрэт Мікалая Гусоўскага. Мастак Яўген Кулік. 1980 год.

«Ён ведаў, як згуртаваць мастакоў вакол нацыянальнай ідэі – і паўстала суполка «Пагоня», цэнтр беларушчыны ў Саюзе мастакоў.

Ён ведаў, як пад носам у КДБ (цераз праспект – у той час імя Леніна, цяпер – Незалежнасці) стварыць штаб нацыянальнага Адраджэння, гэтак званы «Паддашак», які быў генератарам і рухавіком шматлікіх мастацкіх акцый, скіраваных на абуджэнне нацыянальнай памяці»

Ужо толькі за ўсё пералічанае Яўген Кулік заслугоўвае ўдзячнай памяці “ныня, прысна і давеку”, лічыць Міхась Скобла. Варта адзначыць, што ў майстэрні Куліка на прыканцы 80-х збіралася моўная камісія Беларускага фонду культуры, напрацоўкі якой сталі асновай для прынятага ў 1990 годзе Закону аб мовах, паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у Беларусі.

«Я неаднойчы бачыў Яўгена Куліка на мастацкіх выставах, размаўляў з ім, распытваў пра ягоныя сустрэчы з Ларысай Геніюш у Зэльве. Спадар Яўген гаварыў ціха, але прамоўленыя ім словы, здавалася, уваходзілі не ў вушы, а наўпрост у душу. Ён ніколі не пяўся наперад, да мікрафона, стаяў збоку. І – дзіўным чынам – «перад» быў там, дзе стаяў Кулік, гэта адчувалася. Да мастака ўвесь час падыходзілі людзі, – узгадвае Скобла

У мяне над сталом вісіць яго невялічкі, 18х23 см, графічны аркуш – падарунак Уладзіміра Крукоўскага. На тым аркушы можна ў падрабязных дэталях разгледзець напаўразбураныя вежы Наваградскага замка і Фарны касцёл, дзе хрысціўся Адам Міцкевіч і браў шлюб кароль Ягайла. А ўнізе закальцаванае ЯК – пытанне і падказка, як і што рабіць – ад вялікага беларуса, які адзін у неспрыяльных умовах зрабіў вельмі шмат і даказаў, што і адзін у полі воін.

Яўген Кулік бараніў захоплены і спустошаны непрыяцелем беларускі абшар. Волат не целам, а духам, ён бясстрашна выйшаў на сваё Кулікова поле. Выйшаў і перамог».