
“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Яўген Калмыкоў, прадусар гурта «Ляпис Трубецкой».
— Быць беларусам — што гэта значыць? Якое значэнне Вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?
— У мяне бацька — беларус, маці — украінка. А мог у савецкі час запісацца рускім. Запісаўся беларусам. Не так проста акрэсліць, як, напрыклад, некаторыя іншыя народы: дзяржаўнасць, мова, царква. Быць беларусам — значыць мець супольную прастору, любіць яе. Мець супольныя рысы характару. Супольныя звычкі і супольныя стравы кухні, урэшце. Я запісаўся беларусам, бо інакш уявіць сябе не мог. Я нарадзіўся ў Беларусі, вакол усё, што я люблю (мая малая радзіма — цэнтр Мінска, дзе з кожным месцам мяне штосьці звязвае). Быць беларусам — любіць сваё.
— Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?
— Беларусы жывуць на памежжы. У рускіх так: «Ты за ці супраць, цябе цалаваць ці біць?». У беларусаў можа быць адначасова і цалаваць, і біць. А яшчэ абвостраны індывідуалізм. Памятаю, у савецкім войску ўсе адразу разбіліся па зямляцтвах, а беларусы трымаліся асобна. Дык на нас паўгода іншыя ездзілі, пакуль мы не сцямілі, што да чаго. І вось такі індывідуалізм кепскі для супольных дзеянняў. З іншага боку, дапамагае. Беларус можа моўчкі ківаць, а пасля зробіць як лічыць патрэбным.
— Назавіце тры-пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус — не беларус.
— Гістарычныя веды ў мяне хаатычныя. Ведаю легенду пра тое, чаму беларуская сям’я з-пад Ушачаў на Віцебшчыне мае прозвішча Калмыковы. Нібы ў Сярэднявеччы пасля чарговай спусташальнай вайны туды запрасілі жыць калмыкаў. Мы сапраўды маем такія крыху ўсходнія рысы ў абліччы.
Што да асноўных для Беларусі падзеяў, то гэта ўтварэнне Полацкай дзяржавы, падзелы Рэчы Паспалітай, утварэнне БНР.
— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
— Я гарадскі чалавек. Мне цяжка ўявіць, каб у сучасным горадзе прытрымліваліся старадаўніх традыцыяў. Відаць, у кожнай сям’і ёсць штосьці сваё.
— Беларус без ведання мовы — беларус?
— Я магу пэўны час, падбіраючы словы, падтрымліваць размову па-беларуску. Але мне цяжка, бо асяродку ў мяне не было, у юнацтве гадаваўся ў Маскве. Але, зразумела, чытаю без праблемаў. Тыповая сітуацыя для многіх беларусаў. Але ў той ці іншай ступені кожны беларус мусіць ведаць беларускую мову. Пажадана ў большай ступені.
Ды нават на прыкладзе «Ляпісаў» скажу. Сяргея Міхалка ж ніхто не прымушаў пісаць беларускамоўныя песні. Торкнула штосьці чалавека. І некалькі песняў, на мой погляд, атрымаліся вельмі добра.
— Чым беларускім Вы ганарыцеся?
— Гледзячы з кім я размаўляю. Я расказваю пра Беларусь толькі добрае. Рускім кажу: у нас як у Еўропе. Заходнееўрапейцам — у нас дзікая прырода. У нас няма чагосьці кідкага, як самая вялікая статуя Ісуса ці самая шырокая рака. У Беларусі трэба пабыць, пажыць, каб адчуць прыгажосць. Напрыклад, я ў пятым класе гуляў на ускрайку Мінска, за кружной дарогай, і раптам трапіў на балота. І мяне так уразіла, калі я пабачыў, якім балота можа быць прыгожым!
— Што робіць нас, беларусаў, адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?
— У нас шмат вады. У паветры, унутры нас, мы гэтым дыхаем і гэта ўплывае на характар. Людзі з суседніх краінаў, якія працуюць з беларусамі, кажуць, што па заканчэнні супрацы беларус усё роўна да канца не задаволены вынікам.
З адмоўнага — беларусы лёгка мімікруюць у іншых краінах. Зразумець, што перад табой суайчыннік, можна толькі калі пачнеш супольную працу ці разам пасядзіш за сталом. Хоць зноў жа — хто як. Калі з «Ляпісаў» хацелі зрабіць масквічоў, адмовіліся не згаворваючыся. Міхалок падкрэслівае, што гурт беларускі, і жыць каманда ў Маскве не засталася, хоць маскоўскія прадусары настойвалі.
— Якой Вы бачыце будучыню Беларусі?
— Беларусы пакуль яшчэ жывуць пры дарозе. Таму можна ўсё страціць, знікнуць сярод іншых, а можна дабудаваць нацыю. Вельмі трэба пастарацца, каб стаць нацыяй да канца. Але шанцы у нас ёсць.